Скарачэнне колькасці сельскага насельніцтва і яго старэнне ўсё больш уплываюць на фінансавую ўстойлівасць пенсіённай сістэмы для фермераў у Польшчы, яна мае патрэбу ў тэрміновай рэформе. Ды не толькі іх адных. Як паведамляе БелТА са спасылкай на партал PulsHR.pl, колькасць застрахаваных у Фондзе сацыяльнага страхавання сельскай гаспадаркі (KRUS) Польшчы скарачаецца. Усё менш фермераў плацяць унёскі ў KRUS. Сярэдні памер пенсіі фермера ў цяперашні час складае толькі палову ад сярэдняй пенсіі, якая выплачваецца ZUS (Упраўленне сацыяльнага страхавання Польшчы).
У фондзе KRUS заяўляюць, што польская пенсіённая сістэма для фермераў патрабуе карэннай мадэрнізацыі, паколькі яна заснаваная на законе 35-гадовай даўніны, які не адлюстроўвае сучасных рэалій сельскай Польшчы. Дзеючы закон аб сацыяльным страхаванні аграрных работнікаў быў прыняты ў 1990 годзе і не ўлічвае змены, якія адбыліся ў сельскай мясцовасці Польшчы за апошнія тры дзесяцігоддзі, уключаючы ўступленне краіны ў Еўрапейскі Саюз і трансфармацыю структуры аграрнай гаспадаркі.
— Усё насельніцтва старэе, але і жыхароў сельскай Польшчы становіцца ўсё менш. Моладзь не хоча заставацца на фермах, яна з’язджае ў гарады, што наўпрост уплывае на колькасць застрахаваных. Гэта маладыя людзі, якія маглі б замяніць бацьку ці дзеда і працаваць. На жаль, змена пакаленняў у сельскай Польшчы ідзе на спад. Гэта ўплывае на функцыянаванне і фінансаванне сістэмы: усё менш людзей застрахаваны, а іх унёскі ідуць на фінансаванне пенсіённай сістэмы і выплату дапамог, што, у сваю чаргу, азначае, што ўся пенсіённая сістэма павінна ў большай ступені фінансавацца з дзяржаўнага бюджэту, — падкрэсліў Аркадыюш Іваняк, намеснік старшыні Фонду сацыяльнага страхавання сельскай гаспадаркі.
Даныя статыстычнага ўпраўлення KRUS паказваюць, што фермеры плацяць унёскі на пенсіённае забеспячэнне і страхаванне па інваліднасці ў сярэднім больш за 29 гадоў да выхаду на пенсію (жанчыны — 28 гадоў, мужчыны — амаль 32 гады).
Трэбы сказаць, што праблема ўстарэлай пенсіённай сістэмы закранае інтарэсы не толькі фермераў-вяскоўцаў. Згодна са справаздачай Merser-2025, пенсіённая сістэма краіны-суседкі застаецца слабай. Ёсць такі Глабальны пенсіённы індэкс Mercer CFA Institute, які ранжыруе краіны па больш чым 50 асобных паказчыках, згрупаваных па трох субіндэксах (адэкватнасць — наколькі добра людзі забяспечаны ў пенсіённым узросце; устойлівасць — ці зможа сістэма вытрымаць дэмаграфічны і фінансавы ціскі; цэласнасць — кіраванне, празрыстасць і рэгуляванне). Кожная краіна атрымлівае агульны бал са 100 на аснове гэтых фактараў.
Дык вось агульная пенсіённая сістэма Польшчы набрала ўсяго 57 балаў (Ацэнка C) у апошнім Глабальным пенсіённым індэксе Mercer, што нашмат ніжэй за медыянны паказчык па ЕС, які складае каля 64 балаў. У справаздачы падкрэсліваецца нізкая ўстойлівасць (45,9 / D) як асноўная слабасць, нягледзячы на прыстойныя паказчыкі адэкватнасці і цэласнасці.
Як выснова: пенсіённая сістэма Польшчы пакуль працуе, але, што нядзіўна, яна далёкая ад таго, каб быць гатовай да будучыні без якіх-небудзь больш глыбокіх рэформаў і павелічэння зберажэнняў.
На гэты конт звычайныя польскія жыхары адзначаюць:
— Людзям да 40 гадоў варта зыходзіць з таго, што яны не атрымаюць дзяржаўную пенсію, калі выйдуць на пенсію, прынамсі, такую, на якую можна будзе жыць. Гэта дакладна для большасці еўрапейскіх краін. Нашы сацыяльныя дзяржавы рухаюцца да краху, няхай гэта будзе ў Польшчы, Германіі ці Францыі. Вось чаму так важна інвеставаць самастойна, як толькі ў вас з’явяцца хоць нейкія свабодныя грошы. Гэта будзе розніца паміж поўнай галечай і, прынамсі, падтрыманнем годнага ўзроўню жыцця сярэдняга класа, — кажа карыстальнік opolsce.
Другі карыстальнік з нікам the_last_trick пагаджаецца з папярэднім каментатарам:
— Кожны, хто можа дазволіць сабе мець нейкія зберажэнні, павінен інвеставаць у сваю пенсію. Не варта разлічваць на годную дзяржаўную пенсію, калі вы дасягнеце пенсіённага ўзросту.
У якасці высновы хочацца прывесці яшчэ адзін красамоўны каментарый за аўтарствам Egzo18:
— Улада адцягнула нас ад сур’ёзных праблем, каб працягваць эксплуатаваць краіну за наш кошт, пакуль мы грызёмся адзін з адным, заяўляючы аб бязмежнай лаяльнасці да Грамадзянскай платформы, ПіС або Канфедэрацыі, я здзіўляюся, што мы яшчэ не ніжэй (па гэтым індэксе. — Заўв. аўт.).
У тэму
-
Еўрастат: узровень даходаў палякаў застаецца адным з самых нізкіх у Еўропе
-
Узровень даходаў жыхароў Польшчы застаецца адным з самых нізкіх у Еўрасаюзе. Пра гэта са спасылкай на звесткі Еўрастата паведамляюць польскія СМІ.
-
Па выніках 2024 года, Польшча па заробках знаходзіцца ў хвасце еўрапейскага спісу, саступаючы нават Літве і Латвіі. Больш нізкія даходы, чым у палякаў, зафіксаваныя толькі ў пяці краінах ЕС.
— Узровень даходаў палякаў па-ранейшаму застаецца ніжэйшым за сярэдні ў ЕС, дзе сярэдні гадавы даход занятых поўным працоўным днём склаў 39,8 тысячы еўра. Рост ёсць, але яго ўсё яшчэ недастаткова, — адзначаецца ў публікацыі.
Паводле звестак Еўрастата, самы высокі заробак у Еўрасаюзе зафіксаваны ў Люксембургу.
Аляксей КЛІМАЎ