Top.Mail.Ru

Нашы каштоўнасці — код нацыі

8 студзеня ў зале Палаца Рэспублікі з удзелам кіраўніка краіны адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання прэміямі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльнымі прэміямі дзеячам культуры і мастацтва і спецыяльнымі прэміямі «Беларускі спартыўны Алімп». Сціслае, але ёмістае і моцнае выступленне Аляксандра Лукашэнкі, якое ахоплівае час цяперашні (з геапалітычнымі гульнямі навокал) і нашу будучыню (як далей жыць будзем), як кажуць, разляцелася на цытаты. Самыя цікавыя выказванні экспертаў, агучаныя ў медыяпрасторы, — у нашым матэрыяле.


Галоўны выклік — эканоміка

Гэты тэзіс пацвярджае міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, які прывёў наступныя даныя ў часопісе «Экономика Беларуси»:

— Спробы ізаляваць нашу краіну пацярпелі фіяска і, запэўніваю вас, далей не будуць мець ніякага поспеху. Патокі экспарту на рынкі Захаду і Украіны, якія выпалі, ужо не проста кампенсаваны і пераарыентаваны, але і істотна перавышаны.

Паводле яго слоў, сумарна Беларусь прадаўжае гандляваць больш як з 210 краінамі і тэрыторыямі. У пяцёрку асноўных партнёраў уваходзяць Расія, Кітай, ААЭ, Польшча, Германія. Значныя аб’ёмы гандлю з Казахстанам, Турцыяй, Італіяй, Бразіліяй, Узбекістанам.

— Безумоўна, сур’ёзным выклікам для айчынных экспарцёраў сталі выбудоўванне лагістыкі для дастаўкі тавараў і перафарматаванне сістэмы трансгранічных плацяжоў. Але мы працуем па гэтых пытаннях, у тым ліку з партнёрамі з дружалюбных краін, і, як правіла, знаходзім эфектыўныя рашэнні. У 2023 годзе аб’ём узаемнага гандлю таварамі і паслугамі Беларусі і Расіі перавысіў рэкордны паказчык 53 мільярды долараў, — патлумачыў міністр і запэўніў: — Па выніках 2024-га чакаем новы рэкорд, што, безумоўна, не можа не радаваць. Дынамічна развіваецца наша ўзаемадзеянне і з астатнімі традыцыйнымі партнёрамі па ЕАЭС і СНД, а таксама з Грузіяй. Прырост экспарту ў гэтыя краіны дасягнуў практычна чвэрці ад паказчыкаў 2023 года.

Максім Рыжанкоў адзначыў таксама: не спыняецца планамерная работа з іншымі партнёрамі, сярод якіх і краіны далёкай дугі — Індыя, В’етнам, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і іншыя. Асобнае месца займае Кітай.

— Скажу адкрыта: доля гэтых краін у нашым экспарце пакуль не такая вялікая, як магла б быць. Але дынаміка росту станоўчая — з 11 % у 2021 годзе да 20 % — у 2024-м. А наша стратэгічная мэта — 30 %. Сур’ёзна працуем над яе дасягненнем.

Акрамя таго, падкрэсліў міністр, нягледзячы на спробы палітычнага кіраўніцтва ЕС і ЗША адкрыта прыціскаць свой бізнес, звязаны з Беларуссю, там таксама захоўваецца сур’ёзны інтарэс да гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

— Прадаўжаем працаваць у не закрытых санкцыямі сектарах, у тым ліку нарошчваць экспарт у ЕС. Гэта аб многім сведчыць, і разумныя, разважлівыя людзі даўно зрабілі высновы, — акцэнтаваў увагу ён.

Падмурак моцнай, незалежнай дзяржавы

У аснову прэміі «За духоўнае адраджэнне» лёг прынцып міжканфесійнага міру — за 27 гадоў лаўрэатамі былі прадстаўнікі як праваслаўнай, так і каталіцкай царквы. Гэта пацвярджае, што ў адзінстве наша духоўная сіла. Такое меркаванне выказаў sb.by член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктар Азаронак.

Ён падкрэсліў, што прэмія «За духоўнае адраджэнне» была заснавана кіраўніком дзяржавы ў 1997 годзе для таго, каб зберагчы і перадаць новым пакаленням традыцыйную хрысціянскую мараль, маральнасць і багатую культуру Беларусі:

— Сёння, калі мы са шкадаваннем назіраем за тым, як імкліва руйнуюцца каштоўнасці не толькі ў краінах Захаду, але і ў нашых найбліжэйшых суседзяў — украінцаў, — мы як ніколі разумеем: наша нацыянальная спадчына павінна быць захавана і прымножана.

Ён перакананы, што прысуджэнне прэміі прымеркавана да святкавання Ражджаства Хрыстовага, і што невыпадкова:

— Гэтае свята — урачыстасць духоўнага адраджэння. Мы глыбока шануем праваслаўную царкву, якая на працягу многіх стагоддзяў уносіць вялікі ўклад у захаванне і ўмацаванне адзінства беларускага народа, падтрыманне міру і грамадзянскай згоды на нашай зямлі. Аднак мы ніколі не дзялілі людзей на сваіх і чужых у залежнасці ад іх рэлігіі, нацыянальнасці, перакананняў. Мы заўсёды выступалі за сяброўства і братэрства паміж імі.

Парламентарый падкрэсліў: штогод кіраўнік дзяржавы ўручае высокую ўзнагароду прадстаўнікам самых розных прафесій: святарам, супрацоўнікам дабрачынных арганізацый, педагогам, медыкам, людзям творчых прафесій і ўсім, хто паказвае прыклад сапраўднага патрыятызму, натхняе нас сваімі талентамі і поспехамі.

— Радуе, што, нягледзячы на тое, што адбываецца вакол, цікавасць беларусаў да сваёй культуры, традыцый, гісторыі з кожным годам расце. Мы ўсведамляем: нашы каштоўнасці — код нашай нацыі, — лічыць Віктар Азаронак. — Мы разумеем гэта самі і імкнёмся данесці гэта да нашых дзяцей, бо відавочна, што патрыятызм і духоўнасць — паняцці непадзельныя. Усё найлепшае, што ёсць у нашым жыцці, пачынаецца з любові — да родных і блізкіх, да малой радзімы, да сваёй Айчыны. Менавіта яны натхняюць нас на служэнне сапраўды высакародным мэтам. Беларусам ёсць чым ганарыцца — і мы ганарымся.

Фундаментальныя каштоўнасці падзяляе абсалютная большасць беларусаў

Яшчэ адзін важны пасыл ад Прэзідэнта, у якім закладзены і гонар за беларусаў, і фундаментальнае бачанне шляху, па якім ідзём.

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры, адзначае, што духоўнасць і маральнасць, тоесныя справядлівасці, — гэта фундаментальныя каштоўнасці, якія сапраўды вызначаюць наш цывілізацыйны, дзяржаўніцкі код.

«Беларусь — гэта хрысціянская традыцыя, хрысціянская культура. Менавіта гэта складае стрыжань беларускага нацыянальнага характару і беларускай чалавечнасці. А свецкая праекцыя фундаментальных бессмяротных хрысціянскіх каштоўнасцяў адлюстравана ў Асноўным Законе нашай краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Фундаментальныя каштоўнасці, якія падзяляе абсалютная большасць беларусаў, прадвызначаны нашым цывілізацыйным выбарам яшчэ ў часы Полацкага і Тураўскага княстваў. І гэтыя рэчы застаюцца альфай і амегай для кожнага беларуса і аб’ядноўваюць нас у адзінае цэлае з народамі і культурамі, якія з’яўляюцца нашымі духоўнымі пабрацімамі. У першую чаргу гэта тычыцца народаў гістарычнай Русі: беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Пра гэта таксама неаднаразова казаў Прэзідэнт, які выдатна разумее сутнасць ментальнасці народа, яго прыхільнасць да справядлівасці і захавання спрадвечных каштоўнасцяў. Беларусы заўсёды жылі з разуменнем таго, што базавай матрыцай нашай нацыі з’яўляецца поўная сям’я, з тым, што мы народ пераможцаў, а не паліцаяў. Усё гэта складае аснову нашай незалежнасці, нашага існавання, якая закладзена ў Канстытуцыі, адлюстравана ў нашых законах, у нашых акцыях і ў нашых святах. Беларусь — гэта добрая Русь, краіна добрых людзей і вялікіх хрысціянскіх сэнсаў. Гэта і ёсць наш беларускі лад жыцця, беларуская ідэалогія, тыя скрэпы, без якіх немагчыма беларуская дзяржаўнасць. Не была магчыма ўчора і немагчыма сёння», — адзначыў эксперт.

Зберажом сваю краіну

Каментуючы заяву кіраўніка дзяржавы ў эфіры «Альфа-радыё», медыяэксперт Дзмітрый Швайба адзначыў:

— Мяне вельмі ўразілі гэтыя словы. Шмат што лунае ў паветры. І Прэзідэнт ва ўласцівай яму манеры выкрывае праблему, не замоўчвае яе, не рэтушуе, кажа адкрыта: так, выклікі для беларускай дзяржаўнасці існуюць. Не хочацца называць тыя сілы, якія з задавальненнем бы падзялілі спадчыну беларускай незалежнасці. А гэта ж не толькі палітычны аспект, але і эканамічны. Захаваны каласальны маёмасны комплекс.

Дзяржава яго не толькі не разбазарыла, не страціла, але і прымножыла. І тое, што мы захавалі, з’яўляецца аб’ектам зацікаўленасці для вельмі многіх сіл.

Эксперт адзначыў, што беларуская дзяржаўнасць шчыльна звязана з захаваннем унікальнай культуры, унікальнай палітычнай супольнасці, унікальнага беларускага грамадства. Ён падкрэсліў:

— Мы павінны пераадолець тыя выклікі, якія фарміруюцца натуральным чынам, незалежна ад нашага жадання. Беларуская незалежнасць — тое самае галоўнае, што мы атрымалі, захавалі і абавязаны захаваць у будучыні. Фактычна гэта задача на найбліжэйшую і аддаленую будучыню. 

Мы не маем права дапусціць стратэгічных памылак, якія могуць перашкодзіць нам прайсці гэты шлях. Менавіта пра гэта гаварыў кіраўнік дзяржавы. Думаю, вельмі многія гэта пачулі. Гэта фундаментальная фраза.

Дзмітрый Швайба звярнуў увагу і на тое, што Аляксандр Лукашэнка ўжо неаднойчы казаў, што 2025 год будзе няпростым:

— Па-першае, геапалітычная барацьба працягваецца, і працягваецца досыць жорстка. Барацьба за рэсурсы абвастраецца. У гэтым сэнсе задача санкцый, якія пад любымі падставамі ўводзяць супраць нас, супраць Саюзнай дзяржавы, супраць нашага асноўнага эканамічнага, палітычнага партнёра, — пераразмеркаванне рэсурсаў не на нашу карысць, — падкрэсліў спікер.

Прэзідэнт Беларусі 8 студзеня таксама заявіў, што будучы год і ўся пяцігодка пройдуць пад лозунгам міру і бяспекі.

— Для нас бяспека — гэта саюзніцтва. Саюзніцтва з нашым асноўным стратэгічным партнёрам, апора на яго тэхналагічныя магчымасці. Гэта магчымасць вельмі хуткага рэагавання на выклікі, якія адбываюцца. І гэта вельмі выдатна выцвярэжвае нашых апанентаў. Чаго вартая, напрыклад, заява аб размяшчэнні ў Беларусі нашумелай зброі «Арэшнік». < ... > У нас ёсць гэты рычаг. У рамках саюзнага разумення бяспекі мы гаворым пра тое, што тэхналагічнае забеспячэнне адбываецца з дапамогай Расійскай Федэрацыі, але патэнцыяльныя мэты для астуджэння найбольш гарачых галоў выбірае палітычнае кіраўніцтва Беларусі. Гэта не таму, што мы хочам бразгаць зброяй, на кагосьці нацэльвацца, па кімсьці страляць, але свет такі, які ён ёсць, — адзначыў Дзмітрый Швайба.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю