Top.Mail.Ru

Нашы мядзведзі — не агрэсіўныя, але сустрэчы з імі лепш пазбягаць


Апошнім часам паведамленні аб нападзенні мядзведзяў на чалавека з’яўляюцца ў сеціве трывожна часта. Большасць навін прыходзіць з расійскай Сібіры, але і ў нас людзі занепакоіліся, бо і тут касалапых стала больш, іх пачалі бачыць і на ўзлесках каля дарог, і на пасеках каля вуллёў з пчоламі... Айчынныя спецыялісты супакойваюць: панічна баяцца мішак не варта, але і папярэджваюць: асцярожнасць ніхто не адмяняў.

Беларускія мядзведзі не адрозніваюцца агрэсіўнасцю, адзначыў на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз. «Гэта частка папуляцыі, якая ўвесь час знаходзілася пад паляўнічым прэсам. Чалавек асацыюецца ў мядзведзяў з небяспекай, а не з крыніцай харчавання. Яны не маюць мэты напасці, укусіць або з’есці, аднак могуць узнікнуць сітуацыі, калі мядзведзіца будзе абараняць медзведзяня або калі чалавек аказваецца побач са здабычай звера», — сказаў ён.

Асноўныя дзеянні пры сутыкненні з мядзведзем — не ствараць мітусні. Не варта спрабаваць кантактаваць з жывёлай і здымаць відэа. «Сустрэўшы мядзведзя, трэба проста спакойна рэціравацца. Калі ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, трэба паспрабаваць зрабіць сябе большым — падняць рукі і заплечнік уверх, гучна сябе пазначыць. Як правіла, мядзведзь адыходзіць», — дадаў эксперт. Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі таксама адзначыў, што нельга спрабаваць прыручыць медзведзяня ці любую іншую дзікую жывёлу. «Гэта небяспечна — рана ці позна звер на вас нападзе. Гэта таксама незаконна — канфіскацыя жывёл з дзікай прыроды забаронена. Найлепшая дапамога для знойдзенага вамі звярка — не набліжацца і хутка пакінуць тэрыторыю, каб маці магла вярнуцца і яго забраць», — падкрэсліў ён.

Каб пазбегнуць сустрэчы з касалапым, трэба гучна перамяшчацца, размаўляць, ламаць галінкі. Звер пачуе гэта і сыдзе да сутыкнення з чалавекам.



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю