Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка (3-е месца ў рэйтынгу WTA) падвяла вынікі сезона-2026, расказаўшы аб праблемах са здароўем і сваіх далейшых планах.
28-гадовая спартсменка апублікавала ў Іnstagram фатаграфіі з сёлетніх турніраў і прызналася, што на працягу года ёй даводзілася пераадольваць фізічныя цяжкасці, часам выходзячы на корт насуперак уласнаму самаадчуванню.
«Якім жа быў 2026 год... Столькі неверагодных момантаў і столькі цяжкасцяў, якія засталіся за кадрам. Гэты сезон стаў пастаяннай барацьбой з уласным целам. Даводзілася трываць боль і выходзіць на корт нават у тыя дні, калі, магчыма, не трэба было гэтага рабіць. Але такая ўжо я... Я змагаюся, часам, напэўна, нават мацней, чым варта было б.
Я ганаруся ўсім, што аддала ў гэтым сезоне, і вельмі ўдзячная сваёй камандзе за дапамогу ў пераадоленні цяжкасцяў, а балельшчыкам — за тое, што заўсёды былі побач, дарылі мне столькі любові і падтрымкі. Цяпер прыйшоў час крыху адступіць, аднавіцца, набрацца новых сіл і зноў прывесці сябе ў добрую форму. З нецярпеннем чакаю, што прынясе 2027 год», — напісала Сабаленка.
Нагадаем, у сезоне-2026 беларуска заваявала тры тытулы ў адзіночным разрадзе, выйграўшы турніры ў Брысбене, Індыян-Уэлсе і Маямі. Акрамя таго, Сабаленка двойчы даходзіла да фіналаў турніраў «Вялікага шлема» — Australіan Open і US Open, аднак у абодвух вырашальных матчах уступіла прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай (1-е месца). Усяго за год беларуская тэнісістка атрымала 48 перамог пры 13 паражэннях.