У Беларусі прадаўжаецца маштабная праверка баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей. Аляксандр Вальфовіч асабіста праінспектаваў 7-ю асобную спецыяльную міліцэйскую брыгаду. «Брыгада вельмі спецыфічная. Ёсць, вядома, адрозненне ад праверкі Узброеных Сіл. Брыгада дыслацыруецца ў некалькіх гарадах, каля сямі батальёнаў у розных населеных пунктах. У кожнага з іх свае задачы. Тыя батальёны, якія мы праінспектавалі нечакана для камандавання, прыведзены ў баявую гатоўнасць, як і ўся брыгада. Яны выконваюць паўсядзённыя задачы ва ўзмоцненым рэжыме па ахове папраўчых устаноў. Акрамя таго, у кожным батальёне выдзелены спецыяльны рэзерв для вырашэння раптоўна ўзнікаючых задач. Таму асабовы склад, акрамя аховы ўстаноў, павінен быць гатовы да вырашэння раптоўна ўзнікаючых задач, напрыклад пошуку дыверсантаў. Камбаты ведаюць свае задачы, падрыхтаваны, маральна-псіхалагічны стан асабовага складу высокі», — расказаў ён.
Пры гэтым ёсць моманты, якім пасля праверкі будзе неабходна ўдзяліць увагу. Гэта пытанні, звязаныя са службай штабоў, адпрацоўкай розных дакументаў, з падтрыманнем сувязі і кіраваннем у ваенны час.
«Людзі разумеюць, што трэніравацца трэба, абстаноўка вельмі складаная. Наперадзе ў іх праверка кантрольнымі заняткамі па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы. Гэта асновы выканання задач любым ваеннаслужачым. Па выніках праверкі мы зробім больш дэталёвыя вывады і правядзём агульны разбор пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў і камандуючага ўнутранымі войскамі. Выправім тое, на што трэба звярнуць увагу», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.
У час праверкі з кожным батальёнам кругласутачна працуюць прадстаўнікі Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі. Яны даводзяць да камандзіраў раптоўныя ўводныя, імітуючыя рэальную абстаноўку сучаснага ваеннага часу.
«Напрыклад, у раёне чыгуначнага вакзала выяўлена група невядомых з чорнымі сумкамі, якія выклікаюць падазрэнне. Глядзім, як адрэагаваў камандзір батальёна на ўводнае: у журнале распараджэнняў фіксуецца выклік, на месца выбывае рэзервовая група са службовымі сабакамі. Або іншая ўводная: у лясным масіве на ўскраіне Оршы знойдзена група невядомых людзей. Там рэальную абстаноўку падыгрываюць ваеннаслужачыя сіл спецыяльных аперацый. Мы глядзім, ці адрэагаваў камандзір батальёна на гэта, ці давёў атрыманую інфармацыю старшаму начальніку. Тут цэлы ланцуг. Простай абстаноўкі не будзе. Павінен быць свабодны рэзерв, які рэагуе на іншыя змяненні абстаноўкі», — растлумачыў Аляксандр Вальфовіч.
Правяраючыя ацэньваюць здольнасць і гатоўнасць хлопцаў дзейнічаць па раптоўна ўзнікаючых задачах. «Мы ж не павінны быць абыякавымі да той інфармацыі, якая з’яўляецца незалежна ад спецыфікі таго ці іншага батальёна. Ёсць людзі ў пагонах. Яны павінны выконваць задачы, забяспечыць мірнае жыццё нашых грамадзян. Таму да гэтага павінны быць пастаянна гатовы. Больш дэталёвыя, непасрэдна прафесійныя навыкі, фізічную падрыхтоўку ацэнім у ходзе кантрольных заняткаў па нарматывах, якія ёсць сёння ва ўнутраных войсках», — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Закранаючы вынікі мабілізацыйных мерапрыемстваў, Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу на высокую аператыўнасць асабовага складу. «Па дакладзе, пытанні адмабілізавання прайшлі ў вельмі кароткія тэрміны. На працягу сутак гэтыя падраздзяленні былі адмабілізаваны, прыведзены ў баявую гатоўнасць, пачалі выкананне зладжвання. Гэта значыць, нягледзячы на тыя закладзеныя тэрміны, якія былі, справіліся за адзін дзень», — канстатаваў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Паводле яго слоў, такі высокі рэзультат стаў магчымы дзякуючы сістэмнай рабоце ў паўсядзённай дзейнасці ўнутраных войскаў. Ваеннаслужачым запасу, якія падлягаюць прызыву пры мабілізацыі, удзяляецца пільная ўвага. «Я ведаю, што ў нерабочы час гэтых ваеннаслужачых запрашаюць у воінскія часці, праводзяць з імі заняткі», — растлумачыў Аляксандр Вальфовіч.
Ён падкрэсліў, што камандаванне ўнутраных войскаў абсалютна адэкватна і канструктыўна ўспрымае аб’ектыўную крытыку, своечасова рэагуючы на ўсе ўказанні. «Мы прадаўжаем праверку далей, паглядзім, як яны будуць дзейнічаць у ходзе вучэнняў і кантрольных заняткаў. Але той настрой людзей, тая падрыхтоўка, якую мы сёння ўбачылі, даволі натхняюць і радуюць», — рэзюмаваў дзяржсакратар Савета бяспекі.