Вядомы беларускі асілак Вячаслаў Харанека зноў б’е рэкорды, паведаміла БелТА.
У Мінску 5 красавіка на міжнародным фестывалі сілавых відаў спорту «Брыльянтавая рысь», прысвечаным Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, Харанека ўстанавіў абсалютны сусветны рэкорд у беларускім жыме. За 5 хвілін гіру вагой 24 кг атлет падняў левай рукой лежачы 205 разоў. Гэта на два разы больш за яго ж папярэдняе дасягненне, устаноўленае ў 2024 годзе. Для 64-гадовага Вячаслава Харанекі гэта 89-ы афіцыйны сусветны рэкорд у адвольным пад'ёме гір.
«Я зрабіў гэта! Праўда, галаву сцёр у кроў — дыван быў жорсткі. Але гэта дробязь, галоўнае, што дамогся свайго!» — сказаў рэкардсмен пасля свайго трыумфу.
У турніры «Брыльянтавая рысь» прынялі ўдзел больш за 250 наймацнейшых спартсменаў з Беларусі і Расіі. Наступным стартам стане этап Кубка свету, які адбудзецца ў пачатку мая ў мінскай «Чыжоўка-Арэне».