Top.Mail.Ru

Наталля Берчанка: «Мы павінны змяніць свой погляд на прагноз»

Прагнозы — справа няўдзячная, але вельмі важная і патрэбная. Сусветная сістэма круціцца ў трох плоскасцях, утрасаецца новая сістэма міжнародных адносін, у тым ліку і эканамічных. Адбываецца сутыкненне інтарэсаў розных рэгіёнаў, нават узнікаюць канфліктныя сітуацыі з невядомай формулай іх вырашэння. Колькасць невядомых пераменных рэзка павялічылася. Тым не менш і ў гэтых умовах неабходна прымаць кіраўніцкія рашэнні. Больш за тое, своечасовае рэагаванне на змяненне знешняга, ды і ўнутранага асяроддзяў з’яўляецца адным з краевугольных камянёў захавання сацыяльна-палітычнай стабільнасці. Таму прагнозы неабходныя. Іншае пытанне, што падыходы да іх фарміравання перажываюць трансфармацыю. Пра гэта расказала дырэктар Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі Наталля Берчанка.


Факт: дакладнасць прагнозаў зніжаецца. Прынамсі, у класічным разуменні гэтага тэрміна, калі аналітыкі і эксперты выдаюць больш-менш дакладныя лічбы па тых ці іншых эканамічных параметрах: аб’ём ВУП, вытворчасць і гэтак далей. Той жа Сусветны банк з сістэмнай рэгулярнасцю трапляе пальцам у неба. І разрыў паміж яго здагадкамі і фактам, які адбыўся потым, усё большы. Дарэчы, цікавае назіранне: першасныя ацэнкі ў гэтай арганізацыі больш дакладныя, чым наступныя, калі Сусветны банк пачынае карэкціраваць сваю пазіцыю (робіць гэта раз на квартал). Як ні парадаксальна, але аказваецца, што трэнды ўвогуле паводзяць сябе ўстойліва, а вось на невялікіх адрэзках узнікае шмат рознанакіраваных фактараў, якія могуць ствараць кароткія, але моцныя шумы, размываючы агульную карціну.

Наталля Берчанка перакананая: да сучаснага прагнозу не трэба ставіцца, як да дакладных лічбаў, якія апісваюць будучыню. Іх, на думку дырэктара НДЭІ, можна пралічыць і ў нейкай ступені нават адгадаць. Складанасць у іншым: макраэканамічная лічба будзе дакладнай, але яе структура акажацца зусім не такой, як меркавалася. Скажам, прамысловая вытворчасць можа вырасці, але зусім за кошт іншых галін і наменклатуры прадукцыі, чым меркавалася. І так па кожным макраэканамічным паказчыку. На яе думку, неабходна змяніць свой погляд на прагноз.



— Важная не канкрэтная лічба, — упэўненая Наталля Берчанка. — Прагноз — апісанне меж магчымага і карта рызык. Яны з’яўляюцца трыгерам для распрацоўкі розных алгарытмаў дзеянняў у той ці іншай сітуацыі.


 Нельга сказаць, што нявызначанасць — сімвал сучаснасці. За сваю гісторыю чалавецтва перажыло нямала канфліктаў і смутных часоў. Іншае пытанне, што апошнія 30-40 гадоў адноснага спакою на міжнароднай арэне сфарміравалі звычку да прадказальнасці, якой былі пазбаўленыя нашы прадзеды. Першая палова мінулага стагоддзя, ды і большая частка другой, прайшлі пад уплывам войнаў, рэвалюцый, змен сацыяльных рэжымаў, супрацьстаяння двух ідэалагічных полюсаў... Таму яшчэ ў пачатку 20-х гадоў амерыканскі эканаміст Фрэнк Найт у сваіх працах праводзіў выразную мяжу паміж вымернай і кіраванай рызыкамі і прынцыпова невымернай невядомасцю. Джон Кейнс таксама пісаў аб сапраўднай нявызначанасці: аб некаторых падзеях мы нават не мяркуем, а яны здараюцца і прыводзяць да істотных змен. Насім Талеб, аўтар бестселераў нашага часу, сцвярджае: заканамернасці ў эканамічных крызісах адсутнічаюць. Дысбалансы — іх першапрычына, могуць быць сістэматызаваны, але трыгерам для выбуху становяцца зусім унікальныя падзеі. І кожны крызіс развіваецца па сваёй непаўторнай траекторыі.

Уласна кажучы, сучасная не самая стабільная абстаноўка ў свеце не з’яўляецца зусім унікальнай. 

У падобнай чахардзе цывілізацыі даводзілася аказвацца неаднаразова. Натуральна, існуюць і свае асаблівасці. 



 У прыватнасці, на думку Наталлі Берчанка, усё большае значэнне набывае інфармацыйны фактар, які можа істотна ўплываць на паводзіны эканамічных агентаў — грамадзян і кампаній. Таму павялічваецца рызыка самавыканальных прагнозаў: здагадка, маштабаваная ў камунікацыйным асяроддзі, можа стаць трыгерам для прыняцця людзьмі рашэння, зыходзячы з праўдзівасці прагнозу. І такім чынам паказчык становіцца мэтавым. Гэта, можа, і нядрэнна, калі прагноз мае пазітыўны характар. Але не выключана і негатыўнае ўздзеянне на эканоміку, калі прагноз прадугледжвае адмоўную дынаміку.

Паводле меркавання Наталлі Берчанка, эканамічная прастора, якая імкліва змяняецца, тэхналагічны ландшафт спараджаюць дэфіцыт даных. Яны ёсць, колькасць статыстычных паказчыкаў пашыраецца, іх якасць павышаецца. Але дакладныя лічбы з’яўляюцца з часавым лагам у некалькі тыдняў ці нават месяцаў. Словам, ужо апісваюць не сёння, а ўчора. За гэты час рэчаіснасць можа кардынальна змяніцца. Акрамя таго, некаторыя інавацыі, якія знайшлі ўжо шырокае прымяненне, у поўнай меры не трапляюць пад пільнае вока статыстыкі. Напрыклад, тая ж платформенная эканоміка цалкам яшчэ не вымяраецца статыстычнымі метадамі, хоць аказвае ўжо каласальнае ўздзеянне на сацыяльна-эканамічныя працэсы.



Наталля Берчанка адзначыла: актыўна ўкараняюцца новыя элементы ў сістэму прагназавання, у прыватнасці, тэхналогія nowcastіng. Яна дазваляе на аснове даных у рэжыме рэальнага часу ацаніць сітуацыю ў моманце і нават спрагназаваць у кароткатэрміновай перспектыве. Вывучаюцца і аналізуюцца так званыя высокачастотныя даныя: банкаўскія трансакцыі, аб’ёмы спажывання электраэнергіі прамысловымі прадпрыемствамі тут і цяпер, рух суднаў і іншыя. Яны дазваляюць дастаткова дакладна апісаць пейзаж, які складваецца, па розных эканамічных параметрах. Напрыклад, рух караблёў дае даволі выразныя ўяўленні аб прапанове тых ці іншых тавараў у розных рэгіёнах праз некалькі дзён ці тыдняў.

Павышаецца актуальнасць выкарыстання метадалогіі фарсайт для доўгачасовых прагнозаў, асабліва ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Вынікі аналізу атрымліваюцца на аснове кансэнсусу экспертнай супольнасці, прычым не тэарэтыкаў, а практыкаў. Напрыклад, лёс беспілотнага транспарту крыецца не толькі ў галіне фундаментальных і прыкладных распрацовак, а і ў імкненнях вучоных, вытворцаў, канструктараў, інвестараў і іншых удзельнікаў працэсу. У рэшце рэшт, будучыня не можа быць безумоўна наканаванай: мы яе робім самі.

Вельмі важна, на думку Наталлі Берчанка, старанна пралічваць уплыў на сацыяльна-эканамічныя працэсы тых ці іншых кіраўніцкіх рашэнняў, разумеючы, што не заўсёды паспешнае дзеянне можна выправіць простым вяртаннем да зыходнага пункта. У эканоміцы могуць адбыцца ўжо нейкія змены, у тым ліку і структурныя, якія не дазваляюць правесці банальную перазагрузку.

Сёння прагназаванне — вельмі складаная, тонкая і адказная работа. Алічбаваць будучыню адназначна немагчыма. Але сфарміраваць сцэнарныя планы, распрацаваць дзеянні пры ўзнікненні тых ці іншых умоў — не толькі магчыма, але і неабходна.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю