Top.Mail.Ru

Наталля Качанава: «Дэпутаты павінны стаць ініцыятарамі суботнікаў непасрэдна на сваіх тэрыторыях»

На выніковым пасяджэнні Мінскага гарвыканкама па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця сталіцы з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі, упаўнаважаным прадстаўніком кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталлі Качанавай, акрамя важных эканамічных паказчыкаў (чытайце мінулыя нумары «Звязды»), уздымалася і тэма добраўпарадкавання. Мы пацікавіліся асаблівасцямі добраўпарадкавання беларускай сталіцы ў «тэматычным» годзе і ўдзелам у ім дэпутатаў Мінгарсавета.


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што дэпутацкі корпус сталіцы павінен актыўна ўключыцца ў работу па добраўпарадкаванні горада. Звяртаючыся да старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, яна заявіла: «Дэпутаты павінны стаць ініцыятарамі ў плане навядзення парадку і працаваць з людзьмі ў гэтым кірунку, прыцягваць людзей да работ па навядзенні парадку на зямлі...»

Мы высветлілі, якім чынам дэпутаты будуць далучацца да такой работы. 

Як паведаміў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран, план па добраўпарадкаванні горада ўжо быў разгледжаны і зацверджаны на пазачарговай сесіі Мінгарсавета: «У гэтым плане былі абагульнены абсалютна ўсе кірункі, пачынаючы ад аб’ёмаў капрамонту і заканчваючы арганізацыяй суботнікаў на тэрыторыі кожнай акругі. Мы дамовіліся з дэпутатамі, што не менш чым два суботнікі будуць арганізаваныя нашымі тэрытарыяльнымі акруговымі саветамі. У ТАСы ўваходзяць, як правіла, прадстаўнікі грамадскасці, якая пражывае на пэўнай тэрыторыі, а таксама прадстаўнікі буйных прадпрыемстваў і арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі акруговага Савета. Мы рэтранслюем гэту задачу абсалютна ўсім, хто так ці інакш уплывае на тую ці іншую акругу або можа паўплываць сваім удзелам».

Старшыня Мінгарсавета ўдакладніў, што гэтыя суботнікі будуць праводзіцца ў рамках месячніка па добраўпарадкаванні. Ён дадаў, што перш за ўсё ўвага будзе аддавацца дваровым і зялёным тэрыторыям, бо ў горадзе гэты праект ужо рэалізоўваецца не адзін год: «Ініцыятыва зыходзіла ад кіраўніцтва Мінгарвыканкама, гэта — не менш чым дзве азелянёныя тэрыторыі на раён. Мы таксама ўключымся ў работу з грамадскасцю, каб можна было пашырыць рамкі тых планаў, якія зацверджаны па гэтых тэрыторыях менавіта за кошт насельніцтва. Другі немалаважны аспект — гэта самі дваровыя тэрыторыі, клумбы, кветнікі — усё тое, за чым так ці інакш людзі самі даглядаюць без удзелу камунальных служб. У камунальнай службы ёсць свае выразныя планы, свая тэрыторыя, якую яны павінны прывесці ў парадак. Таму тут мы ініцыятыўна будзем прапаноўваць людзям уладкаваць гэтыя ўчасткі».

Арцём Цуран звярнуў увагу на практычную рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў. «Мы ўжо падыходзім да практычнай рэалізацыі. Гэта тыя 14 праектаў, якія перамаглі ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Акрамя іх, у нас больш за 30 ініцыятыў, што таксама можна рэалізоўваць, але ўжо без прымянення Закона аб мясцовым самакіраванні, якім прадугледжваюцца розныя падыходы. Таму мы дамаўляліся з кіраўнікамі адміністрацый, што яны па максімуме разгледзяць магчымасць уключэння ў планы добраўпарадкавання менавіта тых аб’ектаў, якія былі прадметам грамадзянскіх ініцыятыў па паляпшэнні той ці іншай тэрыторыі, па абнаўленні таго ці іншага аб’екта, каб сумесна з людзьмі іх і рэалізоўваць. Калі не паўнавартасна, то хоць бы часткова тэрыторыя будзе прыведзена ў парадак. Астатняе тады будзем дарабляць у наступным годзе. Пры гэтым ставім задачы не чакаць наступнага года, паступлення нейкіх дадатковых сродкаў на рэалізацыю гэтых грамадзянскіх ініцыятыў, а за кошт наяўных сродкаў іх ужо рэалізоўваць сёлета».

Дэпутацкі корпус сталіцы ўдзельнічае ў кожным суботніку, альбо сумесна з прадстаўнікамі Мінскага гарвыканкама, альбо самастойна прыводзяць у парадак пэўныя ўчасткі. «Вядома, мы будуем такія планы, але большы акцэнт сёлета хочам зрабіць менавіта на акруговыя Саветы, гэта значыць — на работу непасрэдна ў акругах. Гэта менавіта тое, пра што казала Наталля Іванаўна Качанава: дэпутаты павінны стаць ініцыятарамі суботнікаў непасрэдна на сваіх тэрыторыях. Яны, можа, і не будуць такімі маштабнымі, але, прынамсі, будуць накіраваныя на тую тэрыторыю, дзе выбіралі нашага дэпутата і дзе ён непасрэдна працуе са сваімі жыхарамі-выбаршчыкамі».

У тэму

Кветкі, пляжы, дарогі і лесвіцы — важны комплексны падыход

Намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Алег Корзун расказаў аб планах добраўпарадкавання сталіцы на гэты год.

Так, да 1 мая з прыцягненнем суб’ектаў неабходна выканаць комплекснае кветкавае афармленне, азеляненне, у тым ліку з выкарыстаннем малых архітэктурных форм, уваходных груп і, што немалаважна, замацаваных за прадпрыемствамі і арганізацыямі тэрыторый. Усяго на тэрыторыі горада ў 2025 годзе запланавана высадзіць 11 мільёнаў кветак. Напярэдадні васьмідзесяцігоддзя Вялікай Перамогі з удзелам працоўных калектываў і арганізацый з прыцягненнем моладзі да 1 мая будзе наведзены парадак на тэрыторыях мемарыяльных комплексаў і воінскіх пахаванняў.

Традыцыйна будзе выканана добраўпарадкаванне зон адпачынку ў кожным раёне горада Мінска ў тэрмін да 3 ліпеня і 13 верасня бягучага года. Дарэчы, іх цяпер 63, дадасца яшчэ 18. «З кожным годам усё больш мінчан адпачываюць на вадаёмах і іх ваколіцах. Для своечасовай падрыхтоўкі зон масавага адпачынку на водных аб’ектах распрацавана праграма развіцця пляжаў, у адпаведнасці з якой да 1 мая будзе ўстаноўлена больш за 500 адзінак абсталявання. Гэта фотазоны, альтанкі, дзіцячыя гульнявыя комплексы і іншае. Дадаткова будзе ўстаноўлена яшчэ 150 лежакоў. Усяго іх стане больш за 2000. Перад пачаткам пляжнага сезона будуць выкананы работы па абследаванню і ачысткі акваторыі пляжаў з выдаленнем воднай расліннасці. Традыцыйна ў навядзенні парадку будуць прымаць удзел прадпрыемствы сталіцы. На працягу вясновага перыяду будзе забяспечана ачыстка поймы рэк на тэрыторыі горада».

Да 1 лістапада будзе завершаны рамонт усіх лесвіц, размешчаных на прыдамавых тэрыторыях і землях агульнага карыстання. Будзе працягнута работа па зносе эксплуатаваных будынкаў на тэрыторыі горада. У тэрмін да 1 красавіка будзе выпрацавана канцэпцыя па ўдасканаленні архітэктурных фасадаў будынкаў, святочнай ілюмінацыі, светлавой рэкламы. Да 1 верасня будзе забяспечана рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў, па якіх прынята рашэнне аб правядзенні работы ў 2025 годзе. У ходзе рэалізацыі будуць устаноўлены дзіцячыя гульнявыя комплексы на прыдамавых тэрыторыях, а таксама выканана рэканструкцыя мемарыяльнага знака ў гонар сямідзесяціпяцігоддзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 10 % ад кошту аб’екта будзе забяспечана за кошт грамадзян-ініцыятараў праекта.

«У бягучым годзе будзе акцэнтавана ўвага на якаснае паляпшэнне тэрыторыі жылой забудовы. У 2025-м работы па добраўпарадкаванні будуць праведзены на 1033 такіх тэрыторыях. З іх на 209 будзе праведзена комплекснае добраўпарадкаванне (не менш за пяць відаў работ). Усяго за пяцігодку ў горадзе Мінску будзе добраўпарадкавана 4393 дваровыя тэрыторыі. У бягучым годзе будзе ўстаноўлена і адрамантавана 780 кантэйнерных пляцовак, прычым большая ўвага надаецца не рамонту існуючых месцаў складавання адходаў, а ўстаноўцы сучасных модульных кантэйнерных пляцовак. У структуры выканання работ іх рост складзе 10% у адносінах да папярэдняга года. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў сфарміраваны планы па бягучым рамонце. Гэта 465 тысяч квадратных метраў пакрыццяў і праездаў на прыдамавых тэрыторыях».

Капітальны рамонт жылога фонду — адзін з найважнейшых фактараў паляпшэння асяроддзя пражывання жыхароў горада. Як адзначыў Алег Корзун, штогод у сталіцы рамантуецца не менш за 3 % ад эксплуатаванай жылой плошчы горада: «У 2025 годзе ў сталіцы запланавана адрамантаваць 1 мільён 82 тысячы квадратных метраў жылой плошчы. На правядзенне рамонту запланавана 432 мільёны рублёў. Асаблівая ўвага аддаецца комплекснаму падыходу пры планаванні капітальнага рамонту, а менавіта правядзенню капітальнага рамонту групы жылых дамоў, размешчаных у адным квартале на адной вуліцы з добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый».

Перавага комплекснага падыходу да правядзення капітальнага рамонту відавочна. «Гэта павышэнне якасці планавання капітальнага рамонту, скарачэнне тэрмінаў правядзення рамонтных работ у адным квартале, што павышае камфортнасць пражывання жыхароў. Вядома, гэта памяншае колькасць іх скаргаў. Акрамя ўсяго, мы запланавалі і правядзенне бягучага рамонту пад’ездаў у гэтых жа дамах, дзе будзе праведзены капітальны рамонт. За пяцігодку ў горадзе будзе адрамантавана 5 мільёнаў 400 тысяч квадратных метраў жылой плошчы», — акцэнтаваў намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама.

Камфорт і зручнасць перамяшчэння гараджан залежыць ад стану вулічна-дарожнай сеткі горада. У 2024 годзе выкананы рэкордны аб’ём за больш чым дзесяцігадовы перыяд — амаль два мільёны квадратных метраў, што дазволіла істотна знізіць колькасць дэфектаў дарожнай сеткі. Па планах на 2025 год прадугледжаны бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі ў аб’ёме два мільёны 230 тысяч квадратных метраў. Сярод рэгіёнаў горад Мінск — лідар па аб’ёмах рамонту вулічна-дарожнай сеткі.

«Паказчыкі па выкананні планаў па добраўпарадкаванні горада на 2025 год даведзены да выканаўцаў. Фінансаванне забяспечана ў поўным аб’ёме. Для прыцягнення насельніцтва да добраўпарадкавання месцаў пражывання ў горадзе многія гады праводзяцца конкурсы на лепшы двор, пад’езд і балкон з актыўным удзелам камітэтаў самакіравання. Штогод прысвойваецца ганаровае званне „Мінчанін года“ ў намінацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ў галіне азелянення і добраўпарадкавання найбольш актыўным жыхарам сталіцы. З мэтай яшчэ большага ўключэння максімальнай колькасці прадпрыемстваў, арганізацый у работу па павышэнні ўзроўню добраўпарадкавання горада, а таксама павышэнні ролі суб’ектаў гаспадарання і працоўных калектываў у добраўпарадкаванні нашай сталіцы ў гэтым годзе распрацавана і зацверджана палажэнне аб правядзенні агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і кветкавае афармленне тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый. Ацэнка прадстаўленых конкурсных аб’ектаў праводзіцца па чатырох намінацыях», — адзначыў Алег Корзун.

Падводзячы вынікі, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама падкрэсліў, што галоўнае задача па добраўпарадкаванні — забяспечыць круглагадовае ўтрыманне гарадскіх тэрыторый, гарадской інжынернай інфраструктуры і будынкаў у належным стане з максімальным прыцягненнем для гэтага суб’ектаў гаспадарання, насельніцтва і грамадскіх арганізацый: «Толькі разам мы зможам навесці парадак і яго падтрымліваць. Год добраўпарадкавання закліканы аб’яднаць намаганні дзяржавы і грамадства па далейшым паляпшэнні якасці жыцця ў нашай краіне».

Фота Мінскага гарвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю