У чацвер, 9 студзеня, жыхары прысталічнага рэгіёна атрымалі каштоўны падарунак. У вёсцы Бараўляны адкрылі новы будынак Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.
Сёння на ўліку ў гэтым цэнтры знаходзяцца каля 32,6 тысячы чалавек. Гэта інваліды I і II групы, адзінокія пажылыя грамадзяне, а таксама сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Плошча цэнтра — больш за пяць тысяч квадратных метраў. Абсталяваны ўсім неабходным, ён цалкам забяспечыць выкананне ўсіх патрэбаў яго наведвальнікаў. У цэнтры функцыянуюць аддзяленне першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання; аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома; аддзяленне комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі; аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў; аддзялення, якія забяспечваюць дзённае знаходжанне грамадзян пажылога ўзросту, і іншыя.
«Я вельмі рада сёння знаходзіцца тут. Мы ў Савеце Рэспублікі якраз абмяркоўвалі пытанні функцыянавання нашых тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, таму што працягласць жыцця ў нашай краіне павялічваецца, людзей пенсійнага ўзросту становіцца больш. Пажылыя людзі хочуць мець зносіны, хочуць сустракацца і прыносіць карысць для сваёй краіны, — звярнулася да прысутных Наталля Качанава. — На мой погляд, тут створаны ўсе ўмовы. І тут можна займацца тым, чым ты хочаш, дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў гэтым».
Спікер Савета Рэспублікі звярнула ўвагу, што ў тэрытарыяльным цэнтры працуе вялікая колькасць моладзі: «І гэта выдатна, бо нашы каледжы выпускаюць добрых спецыялістаў. У тэрытарыяльным цэнтры сканцэнтраваныя людзі больш старэйшага ўзросту і моладзь. А гэта — міласэрнасць, дабрыня, спагадлівасць. Тое, што нам сёння трэба».
Наталля Качанава выказала ўпэўненасць, што гэты цэнтр стане добрым месцам прыцягнення людзей, якія заслужылі свой адпачынак: «Прэзідэнт заўсёды нам кажа, што людзі — гэта самае галоўнае. Павінна быць справядлівае стаўленне да людзей».
На сустрэчы з працоўным калектывам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна Наталля Качанава адзначыла, што тут створаны выдатныя ўмовы для працы: «Умовы проста цудоўныя, і ўсё ўлічана зыходзячы з тых нормаў і патрабаванняў, якія прад’яўляюцца такім установам. Работу службы сацыяльнай абароны мы разглядалі на выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі ў Дзяржынску. Там таксама пабудавалі добры цэнтр. Члены Савета Рэспублікі разумеюць і бачаць, наколькі важная работа з людзьмі сталага ўзросту, з тымі, якія маюць інваліднасць. І, вядома, кіраўнік дзяржавы ставіць задачу ўраду падцягваць зарплату работнікам сацыяльнай абароны, аховы здароўя. Гэта вельмі важна».
На сустрэчы гаварылі аб розным. У тым ліку, на якую падтрымку могуць сёння разлічваць шматдзетныя сем’і і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, якія льготы ім пакладзены. Закранулі і дэмаграфічную праблему: падрастаючае пакаленне не спяшаецца ствараць сем’і, нараджаць дзяцей. Не апошнюю ўвагу надалі і эканамічным пытанням. Наталля Качанава запэўніла, што беларусы як не адчувалі на сабе санкцыі, так і не адчуюць у будучыні.
Па словах старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына, сёння ў Мінскім раёне наганяюць тое, што трэба было зрабіць даўно: «За апошнія гады пабудавалі і сады, і школы, сёлета ўвядзем у эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, спартыўнай залай. Гэта вялікія грошы».
Губернатар падкрэсліў, што ў Мінскай вобласці працаваць няпроста: «Тут жыве Прэзідэнт, і для нас гэта вялікая адказнасць. З іншага боку, ён ведае нашы праблемы і дапамагае, таму яшчэ адзін-два гады, і мы завершым будаўніцтва ўсіх сацыяльных аб’ектаў. Тут можна будзе жыць людзям усіх пакаленняў».
«З пераездам у новы будынак гатовыя ахапіць сацыяльнымі паслугамі адначасова 250 чалавек, прычым штодня, не губляючы ні хвіліны, — адзначыла дырэктар установы Алена Ціганіна. — Тут працуе шэсць аддзяленняў, у тым ліку адзінае ў вобласці аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання для маладых людзей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця». З 2023 года ТЦСАН рэалізуе праект «Унукі на парозе», добра зарэкамендаваў сябе праект «Прафесійны догляд дома». На базе цэнтра функцыянуюць інтэрактыўныя класы «Бяспека ў лесе» і «Бяспека ў побыце», аналагаў якім у краіне няма.
Як адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама, член Савета РэспублікіТамара Красоўская, ТЦСАН Мінскага раёна — самы буйны ў краіне, пабудаваны з нуля. У хуткім часе будзе завершана будаўніцтва новага тэрытарыяльнага цэнтра ў Стоўбцах. На чарзе — ТЦСАН у Смалявічах.
Фота БелТА