Top.Mail.Ru

Наталля Качанава правяла сустрэчу з кіраўнікамі раёнаў сталіцы

Сталіца павінна падаваць прыклад.


Тыя задачы, якія сёння стаяць перад кіраўніцтвам мясцовых органаў улады і дэпутацкім корпусам, павінны вырашацца аператыўна, а выканаўчая дысцыпліна павінна знаходзіцца на самым высокім узроўні, звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля КАЧАНАВА перад сустрэчай з кіраўнікамі раёнаў сталіцы. 

У фокусе ўвагі на такіх сустрэчах, паводле яе слоў, пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, выканання прагнозных паказчыкаў, своечасовай выплаты заработнай платы, работы праблемных прадпрыемстваў, навядзення парадку на зямлі, што асабліва важна ў аб’яўлены Прэзідэнтам Год добраўпарадкавання.

— Сустрэчы з кіраўніцтвам горада, з кіраўнікамі адміністрацыі раёнаў сталі ўжо традыцыйнымі, — адзначыла Наталля Качанава. — Іх мы праводзім досыць часта, таму што ў нашай краіне дзейнічае інстытут упаўнаважаных Прэзідэнта Беларусі, якія працуюць ва ўсіх абласцях нашай краіны і Мінску. Так, горад прыгожы, і зроблена вельмі шмат. Але мы разумеем, што ёсць яшчэ пытанні, якія неабходна вырашаць. Трэба зайсці ў кожны двор, убачыць, як вырашаюцца пытанні на дваровых тэрыторыях. Гэта датычыцца і азелянення, і своечасовасці вывазу смецця, і шэрагу іншых кропкавых пытанняў. Сітуацыя рэгулярн маніторыцца, мы стараемся яе вырашаць, але рабіць павінны гэта больш аператыўна.


Паводле слоў спікера, на такіх сустрэчах абавязкова разглядаюцца і пытанні эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах, работы з людзьмі: «Гэта вельмі важна! Я заўсёды кажу: у інфармаванага чалавека ўзнікае менш пытанняў. Таму з сустрэчамі ў працоўных калектывах, прыёмамі па асабістых пытаннях, вырашэннем тых праблем, з якімі звяртаюцца людзі і ў Савет Рэспублікі, і ў мясцовыя органы ўлады, нельга зацягваць. І калі чалавек звяртаецца з пытаннем, якое не супярэчыць закону, яму абавязаны аказаць дапамогу».

Не менш важным з’яўляецца і пытанне забеспячэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў сталіцы. 

«На кожным прадпрыемстве павінны быць дастойныя ўмовы працы для работнікаў, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Людзі павінны адчуваць клопат пра сябе. І таму асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце прадпрыемстваў, прычым усё роўна, якой формы ўласнасці. Як адзначыў Прэзідэнт, гэта ўсе нашы, дзяржаўныя прадпрыемствы, на іх працуюць нашы людзі. Таму кожнае з іх неабходна трымаць на кантролі»

Наталля Качанава адзначыла, што ў Мінску штогод праводзіцца вялікая колькасць розных мерапрыемстваў: «Толькі за мінулы год іх было праведзена (на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях) больш за чатыры тысячы. Арганізацыя ўскладзена на мясцовыя органы ўлады. Менавіта яны абавязаны зрабіць усё, каб кожнае мерапрыемства прайшло бяспечна і камфортна для людзей. І зусім хутка пройдзе Еўразійскі эканамічны форум, які стане яшчэ адным найважнейшым выпрабаваннем для гарадскіх службаў. Словам, мы павінны ўвесь час трымаць руку на пульсе і не дапускаць збояў».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.

Фота SB.BY 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю