Top.Mail.Ru

Наталля Качанава ўзяла удзел у цырымоніі адкрыцця старажытнай святыні пасля рэстаўрацыі

У Полацку ўрачыста адкрылі Спаса-Праабражэнскі храм на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра. Работы па рэстаўрацыі храма вяліся сем гадоў.


Унікальнасць Спаса-Праабражэнскай царквы заключаецца ў тым, што яна была пабудавана пры жыцці Ефрасінні Полацкай (прыкладна ў 1120–1150 гады). У савецкія часы храм быў адзінай дзеючай у Полацку царквой. Нездарма яго называюць жамчужынай праваслаўнага свету.

Падчас шматгадовай рэстаўрацыі тут выявілі мноства фрэсак, датаваных XІІ стагоддзем, якія пакрываюць 90% сцен. Над іх раскрыццём некалькі гадоў працавалі найлепшыя рэстаўратары з Беларусі і Расіі. Аднак гэта работа была няпростай: драўляныя элементы храма пад уздзеяннем неналежных кліматычных умоў значна разбурыліся. Да рэстаўрацыйных работ прыцягвалі спецыялістаў, якія дапамаглі знайсці і ліквідаваць грыбок, які знішчаў фрэскі. Цяпер для захавання фрэсак у храме створаны асаблівыя тэмпературныя ўмовы, якія рэгулююцца з дапамогай лічбавага абсталявання. Дарэчы, падчас вывучэння фрэсак было выяўлена, што полацкія насценныя малюнкі абсалютна ўнікальныя, аналагаў ім няма ні ў адной з ацалелых праваслаўных святынь ХІІ стагоддзя.

З новага быў дададзены люк на дах, а таксама зроблены дадатковыя слыхавыя вокны. Цяпер Спаса-Праабражэнскі храм па ўнутраным напаўненні нагадвае ХІІ стагоддзе, звонку — ХІХ. Але такія метамарфозы дадаюць унікальнасці і дазваляюць прасачыць усю эвалюцыю помніка архітэктуры амаль з тысячагадовай гісторыяй.

У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця святыні ўзялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, міністр культуры Руслан Чарнецкі, кіраўнік Віцебшчыны Аляксандр Субоцін, старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч і гумення Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра Еўдакія, жыхары і госці горада.

Наталля Качанава зачытала прывітальны адрас ад Прэзідэнта.

«Полацкая зямля — калыска дзяржаўнасці і праваслаўнай веры беларускага народа, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Менавіта тут дзевяць стагоддзяў таму была ўзведзена Спаса-Праабражэнская царква, першы камень у падмурак якой закладзены прападобнай Ефрасінняй Полацкай. Манастыр стаў духоўным цэнтрам прыцягнення для паломнікаў з усяго свету. Шматвяковая гісторыя манастыра сведчыць аб сіле веры ў Бога і яго дапамозе ў добрых справах у імя Айчыны. Прытрымліваючыся запаветаў продкаў захоўваць і памнажаць багацці роднай зямлі, мы ажыццявілі сур’ёзную рэстаўрацыю храма з выкарыстаннем унікальных тэхналогій і методык, якія дазволілі аднавіць найстаражытнейшыя элементы царквы. Высокай ацэнкі заслугоўвае праца будаўнікоў, навукоўцаў, рэстаўратараў і ўсіх, хто працаваў у гэтым святым месцы. Дзякуючы рэалізацыі такіх праектаў уносіцца істотны ўклад у нашу агульную справу — умацаванне гістарычнай памяці беларускага народа. Упэўнены, што шанаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў будзе і надалей дапамагаць у захаванні культурнай спадчыны, стварэнні паспяховай будучыні для нашых нашчадкаў».

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава дадала, што захаванне такіх святынь з’яўляецца пытаннем нацыянальнага гонару. «Гэтыя работы пачаліся дзякуючы даручэнню нашага Прэзідэнта і пры фінансавай падтрымцы дзяржавы. І гэта было ўсё няпроста, але Прэзідэнт разумеў, што гэта трэба зрабіць на карысць праваслаўя і нашага народа. Усе работы былі выкананы ў поўным аб’ёме», — сказала Наталля Качанава і выказала словы падзякі ўсім, хто рупіўся над аднаўленнем храма.

Падзячны малебен у гонар адкрыцця царквы ў манастыры правёў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. «Для верніка пачуццё глыбокага трапятання выклікае дакрананне да гісторыі папярэдніх пакаленняў, да таго, да чаго дакраналася рука прападобнай Ефрасінні, бо яна сама кіравала працэсам будаўніцтва і роспісу храма. 

І ёсць упэўненае меркаванне, што многія надпісы на скрутках, якія намаляваны на абразах, — гэта словы, запісаныя прападобнай Ефрасінняй Полацкай. Яна не пакінула нам сваіх пісьмовых настаўленняў, наказаў, як часта бывае ад святых падзвіжнікаў, але на сценах храма ў вобразах яна захавала свае словы, думкі, якія важныя для сучаснага чалавека», — адзначыў мітрапаліт Веніямін.

У Крыжаўздзвіжанскім саборы адбылася цырымонія ўзнагароджання ўсіх датычных, хто на працягу доўгіх гадоў працаваў над рэстаўрацыяй храма. У ходзе цырымоніі ордэнамі Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай былі ўдастоены Наталля Качанава, кіраўнік праекта навукова-праектнай дакументацыі «Рэстпраект» Сяргей Лалазараў, намеснік міністра культуры Беларусі Сяргей Саракач, гендырэктар ААТ «Белрэстаўрацыя» Уладзімір Змушко. Медалямі прападобнай Ефрасінні Полацкай былі ўзнагароджаны дырэктар УКБ Полацка Галіна Бельская, начальнік аддзела навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння Міністэрства культуры Альгерд Чарняўскі.

Цяпер полацкая святыня адкрыта для вернікаў і турыстаў з усіх куткоў свету. Бягучы год для старажытнага Полацка будзе адметны яшчэ і тым, што Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр адзначыць 900-годдзе. Культурныя і духоўна-асветніцкія праекты запланаваны па ўсёй Беларусі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю