Top.Mail.Ru

Наталля Карчэўская: Патрыятызм — гэта дзеянне

На пачатку студзеня кіраўнік дзяржавы ўручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне». Сярод лаўрэатаў — калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, адзначаны за актыўны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі і праект «Лінія памяці. Код вайны». Сустрэліся з рэктарам навучальнай установы Наталляй Карчэўскай, каб павіншаваць з узнагародай, а таксама пагаварыць пра патрыятычнае выхаванне новага пакалення, пра рэалізацыю творчай моладзі і неабходнасць падтрымліваць яе на розных узроўнях.


Эфектыўная форма выхавання

— Прэмія «За духоўнае адраджэнне» — гэта вельмі высокая і значная ўзнагарода для нас. Ацэнена праца ўсяго калектыву, уклад кожнага супрацоўніка і студэнта ў агульную добрую справу. А праект «Лінія памяці. Код вайны» — адно з увасабленняў таго, што мы робім па патрыятычным выхаванні моладзі, — адзначае Наталля Карчэўская. — Гэта задача не толькі нашага ўніверсітэта, але і кожнай навучальнай установы ў краіне.

Што для нас «патрыятычнае выхаванне»? Гэта тое, каб нашы студэнты разумелі, як важна рабіць штосьці карыснае. Наша навучальная ўстанова рыхтуе кадры для сферы культуры, таму наша задача — стварэнне духоўных каштоўнасцяў. Яны, спадзяемся, у далейшым будуць перададзены і наступным пакаленням. Мы, у сваю чаргу, базіруемся на каштоўнасцях, якія былі выпрацаваны беларускай культурай да нас. І даем магчымасць нашым студэнтам рэалізаваць тое, што яны могуць зрабіць у рамках мастацкага асэнсавання свету. Формы гэтыя абсалютна розныя ў залежнасці ад таго, на якой спецыяльнасці вучыцца чалавек. Напрыклад, студэнты кафедры педагогікі сацыяльна-культурнай дзейнасці прымаюць актыўны ўдзел у працы валанцёрскага клуба «СЛОН». Выязджаюць у інтэрнаты, дамы састарэлых. Яны імкнуцца падарыць свята тым людзям, якія абдзелены нечым. Для студэнтаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва патрыятызм — у тым, каб ствараць ці рэстаўраваць творы беларускай культуры. Падобных прыкладаў шмат. Разам з тым мы імкнемся пашырыць межы ўзаемаадносін паміж кафедрамі, падтрымліваем міжкурсавыя, агульнаўніверсітэцкія праекты, каб у іх маглі рэалізавацца студэнты і каб гэта было цікава максімальна шырокаму колу гледачоў.

І «Лінія памяці. Код вайны» — якраз прыклад такога інтэграванага праекта. Нягледзячы на тое што асноўным сродкам выразнасці ў ім з’яўляецца харэаграфічнае мастацтва, там патрабуецца і веданне рэжысуры, і таго, як манціруецца сцэнічная пляцоўка, як адбываецца паказ і многага іншага. Плюс удзельнікамі праекта з’яўляюцца не толькі нашы студэнты, але і дзіцячыя харэаграфічныя калектывы з Мінска («Натхненне» Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці і RDC) і калектыў Рагачоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Яшчэ там удзельнічаюць пераможцы конкурсу «Жывая класіка», якія займаюцца мастацкім словам. І, як вынік, мы маем праект, які чапляе гледачоў, абуджаючы ў іх роздум і суперажыванне. Гэта, мабыць, і ёсць тая эфектыўная форма патрыятычнага выхавання, калі моладзь не адчувае сябе спажыўцом і аб’ектам выхавання, а сама ўдзельнічае ва ўсіх працэсах. Патрыятызм — гэта дзеянне.

— Праект «Лінія памяці. Код вайны» створаны на грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Фінансаванне моцна ўплывае на рэалізацыю ідэі?

— З самага пачатку мы з аўтарам спектакля Вольгай Аляксандраўнай Наўроцкай гаварылі пра тое, што зробім гэты праект незалежна ад таго, ці атрымае ён фінансаванне. Мы не працавалі з пазіцыі: калі нас падтрымаюць, то зробім, а не, то і брацца не будзем. Мы былі з самага пачатку нацэлены на рэалізацыю дадзенага праекта. Аднак калі аўтар атрымлівае падтрымку на такім высокім узроўні, то гэта і вялікая адказнасць. Бо адна справа рабіць нешта сіламі ўніверсітэта, а іншая, калі можна, умоўна, далучаць дадатковы гук, святло і г. д. Нам хацелася, каб праект атрымаўся як мага больш якасным ва ўсіх адносінах незалежна ад бюджэту. І ўсё таму, што ў аснове — імкненне прынесці карысць.

Шчырая праца знойдзе водгук

— Думаю, прыемнай для вас стала таксама навіна, што сёлета калектыў БДУКМ «Лабараторыя эстраднага танца» атрымала падтрымку са спецыяльнага фонду кіраўніка дзяржавы…

— Гэта зноў жа да тэмы, што ў нашай краіне заўважаюць людзей, якія працуюць, прычым у любой прафесіі. «Лабараторыя эстраднага танца» — калектыў, дзе мастацтва нараджаецца ў сутворчасці выкладчыкаў і студэнтаў. І гэта не першая іх узнагарода, таму што для падтрымкі са спецфонду Прэзідэнта таксама патрэбна мець перамогі ў іншых творчых спаборніцтвах высокага ўзроўню. Калі чалавек ці калектыў нешта робіць добра і шчыра, то і водгук і ўзнагароды яго знаходзяць. Прыемна адзначыць, што сярод адоранай моладзі, якая атрымала падтрымку спецфонду сёлета, таксама і чатыры нашыя студэнты.

— Чым жыве цяпер «Лабараторыя эстраднага танца»?

— «Марафонам адзінства», бо «Лабараторыя...» бярэ ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах акцыі. Гэта зараз такая іх асноўная пазавучэбная дзейнасць. Жывуць таксама сесіяй, падрыхтоўкай да выбарчай кампаніі. Традыцыйна не толькі «Лабараторыя эстраднага танца», але і ўсе нашы калектывы прымаюць удзел у праграме на выбарчых участках. У калектыву актыўнае творчае жыццё.

— Што рыхтуеце да 80-годдзя Вялікай Перамогі?

— Мы будзем задзейнічаны ва ўсіх дзяржаўных спецыяльных мерапрыемствах, прымеркаваных да гэтай святочнай даты, як тое было і летась, калі адзначалася 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы студэнты нават выступалі рэжысёрамі асобных эпізодаў вялікай святочнай «мазаікі». Ім давяралі адказныя мерапрыемствы.

— Мы бачым, што маладыя творчыя людзі маюць падтрымку, магчымасць для самарэалізацыі. А вось, на ваш погляд, калі маладому таленту з жаданнем заявіць пра сябе (праз паступленне, праект і г. д.) не ўдаецца тое з першай спробы, то якія фактары і чыя падтрымка тут важныя?

— У творчых людзей не бывае такога, каб усё атрымлівалася з першага разу. І нашых студэнтаў мы вучым, што трэба мець цярпенне, бо задуманае на 100 працэнтаў можа атрымацца толькі на 30. Таму задумвайце па максімуме на ўсе 300 працэнтаў, каб вынік атрымаўся на годным узроўні. Важна працаваць і ўмець аналізаваць. Напрыклад, да нас ва ўніверсітэт людзі часам паступаюць толькі з трэцяй спробы. І тут варта цвяроза ацэньваць свае магчымасці і жаданне. Бо мы таксама вучым прафесіі, і аднаго толькі творчага запалу мала. Не бывае так, што чалавек прыходзіць і ўсё адразу атрымліваецца. Таму ў моманты творчых няўдач і сумненняў важна, каб была гатоўнасць паспрабаваць яшчэ раз. Можа, я ідэаліст, але пераканана, што выкладчыкі і ўсе, хто побач, заўсёды жадаюць, каб у студэнта ўсё атрымалася.

— У праекце «Лінія памяці. Код вайны» галоўным героем выступае вобраз маладога пакалення. А вось сучасная творчая моладзь — яна якая?

Да нас прыходзяць вучыцца такія ж маладыя людзі, як і раней. Зразумела, у нечым яны больш граматныя, у чымсьці ведаў ім не хапае, але ўсе розныя. Міф — быццам у 70-я ці 90-я гады прыходзілі адны студэнты, а цяпер іншыя. І сёння ёсць адказныя і бесшабашныя, меркантыльныя ці наадварот. Іх аб’ядноўвае неабходнасць арыентавацца ў вялікім інфармацыйным патоку. Хуткасці цяпер іншыя. Аднак я не схільная ні ідэалізаваць іх, ні крытыкаваць, ні абагульняць. Думаю, роля педагога заключаецца якраз у тым, каб максімальна выявіць добрае ў кожным з іх.

— А што для вас асабіста найкаштоўнейшая ўзнагарода ў працы з творчай моладдзю?

— Для мяне будзе ўзнагародай, калі вучні маіх вучняў дасягнуць поспеху ў сваёй справе і навучаць гэтаму іншых. Галоўнае — захоўваць пераемнасць пакаленняў. Напрыклад, вельмі радуюся і заўсёды кажу сваім вучням, што яны ставяць і будуць рабіць лепшыя пастаноўкі, чым я. Таму галоўная ўзнагарода — калі моладзь лепшая за нас.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю