Па адукацыі Наталля Васільеўна — эканаміст, прыехала ў Беларусь з Казахстана, да сына. Анатоль Мікалаевіч — ленінградзец, які перажыў блакаду, інжынер-канструктар. Абодва да моманту знаёмства ўжо прайшлі праз страты: у яе памёр муж, у яго пасля 40 гадоў шлюбу анкалогія забрала жонку.
На момант знаёмства, якое адбылося ў 2008 годзе, яму было 70, ёй — 55.
«Было трохі страшнавата, — прызнаецца Наталля Васільеўна. — І ў той жа час не хацелася быць у адзіноце. Мы вырашылі стварыць сваю ячэйку».
Разам сужэнцы ўжо 18 гадоў. За гэты час аб’ездзілі паўсвету, выгадавалі ўнукаў, перажылі страту зроку ў Анатоля Мікалаевіча і навучыліся знаходзіць радасць у простым.
«Мы не чакаем, каб нас хтосьці павесяліў»
Лецішча, шпацыры ў Парку Перамогі, паездкі ў санаторыі, тэатры, вязанне, клопат пра адзінокіх людзей — іх шчыльнаму раскладу пазайздросцяць многія маладыя. Наталля Васільеўна любіць вязаць, і муж цалкам падзяляе яе захапленне. «Калі ёсць патрэба, значыць, неабходна
гэтым займацца», — лічыць мужчына. Наталля Васільеўна звязала 80 пар шкарпэтак для пастаяльцаў аднаго пансіяната. Анатоль Мікалаевіч, страціўшы зрок, пачаў вывучаць англійскую мову, успамінаць школьную праграму, — каб за граніцай, падчас падарожжаў, адчуваць сябе ўпэўнена. У гэтай пары сакрэт просты: узаемапавага і ўзаемаразуменне. «Каханне праходзіць, а павага застаецца. Калі мужу нешта не падабаецца, ён моўчкі ідзе ў іншы пакой. Я разумею, што не трэба раздражняць. І ён гэтаксама да мяне адносіцца», — расказвае жанчына.
«Нагода для радасці»
Наталля Васільеўна прызнаецца: «Мы не хочам быць абузай для дзяцей. Сочым за здароўем, правільна харчуемся, гуляем кожны дзень. І ведаеце — паміраць зусім не хочацца — хочацца жыць далей!» — прызнаецца яна.
Сужэнцы падзяліліся, што сёлета чакаюць вяселле ўнука. Анатоль Мікалаевіч ажаніўся ўпершыню ў 30, і, як лічыць, гэта позна, другі раз — у 70. Унуку — 33, таму для бабулі і дзядулі гэта доўгачаканая падзея стала асаблівай нагодай для радасці. Наша гераіня мяркуе, што разыходзіцца заўсёды лягчэй, чым сысціся, таму ў першыя гады свайго сумеснага жыцця (у кожнага свае звычкі) пара
вучылася жыць з асаблівасцямі характару сваёй палавіны. Напрыклад, Анатолю Мікалаевічу падабаецца хадзіць па пакупкі, а вось назіраць за прыборкай не любіць. Таму Наталля Васільеўна адпраўляе мужа ў краму, а сама ў гэты час наводзіць парадак.
«Таму, хто любіць жыццё, заўсёды будзе лёгка»
Суразмоўніца прызнаецца, што многія зайздросцяць іх адносінам. «Сямейны саюз трымаецца на ўзаемапавазе, падтрымцы, клопаце адзін пра аднаго, увазе да захапленняў кожнага», — расказалі сужэнцы. Нягледзячы на ўзрост — Анатолю Мікалаевічу — 88, а Наталлі Васільеўне — 73, — нашы героі збіраюцца на лецішча: у іх там агуркі асаблівага сорту, якія даюць багаты ўраджай з мая да сярэдзіны восені, а сад поўны яблыкаў, якія сужэнцы раздаюць суседзям і адзінокім людзям.
Свята 1 кастрычніка яны правядуць на лецішчы. «Будзем працаваць, а потым возьмем тэрмас і пойдзем у парк — пасядзім на лавачцы, паглядзім на ваду, на качак. Прыходзіш дадому — як быццам дзень пачаў наноў, зарадзіўся энергіяй», — кажа аб сумесных з мужам планах на выхадныя Наталля Васільеўна.
«Я жадаю моладзі не старэць, — дадае яна. — Таму, хто любіць жыццё, заўсёды будзе лёгка.
А ўсіх людзей шаноўнага ўзросту віншую са святам!»
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ