Наталля Паўлючэнка прызначаная членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання. Адпаведны ўказ № 14 падпісаў 15 студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.
Да цяперашняга часу Наталля Паўлючэнка ўзначальвала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Як паведамлялася, падчас прызначэння новага міністра — Андрэя Лабовіча — Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога наконт далейшай работы ранейшага міністра працы і сацыяльнай абароны.
Дзмітрый Крутой далажыў, што кандыдатура Наталлі Паўлючэнка прапануецца ў парламент для работы старшынёй адпаведнай камісіі па сацыяльных пытаннях.
«Год жанчын. Жанчын крыўдзіць ні ў якім разе нельга. Таму... Яна ж згодная працаваць у парламенце?» — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
«Вядома, вядома», — пацвердзіў Дзмітрый Крутой.