Калекцыю адзення з ільну, натхнёную мастакамі-супрэматыстамі, стварылі ў тэатры моды «Надзея» культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». Майстры расказалі БелТА, як адаптавалі мастацкае бачанне жывапісцаў да пашыву.
Калекцыю з 12 мадэлей удзельніцы тэатра моды стваралі два месяцы. Перш за ўсё яны вывучылі асаблівасці супрэматызму і работы аўтараў, якія ўваходзілі ў авангарднае мастацкае аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Яно дзейнічала ў Віцебску ў 1920-1922 гадах і яго кіраўніком быў Казімір Малевіч. «Не ўсе карціны або іх элементы можна было перанесці на тканіну, таму выбіралі, што можна адаптаваць да нашых задум», — адзначылі майстры.

Віцебскія мастакі аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва» Ілья Чашнік, Вера Ермалаева сталі для ўдзельніц тэатра моды сапраўдным натхненнем. Геаметрыя, абстракцыянізм і самыя простыя формы — усе гэтыя элементы прысутнічаюць у сукенках, касцюмах, галаўных уборах калекцыі пад назвай «0012». Гэта таксама адсылка да Малевіча і выставы футурыстычных карцін з назвай «0,10», дзе нуль азначала пачатак, а дзясятка — колькасць удзельнікаў выставы.

У аснове кожнай мадэлі адзення крэатыўных віцябчанак — чорны колер. На яго накладваюцца геаметрычныя фігуры розных колераў. Ёсць у калекцыі адна мадэль, якую стварылі разам — падоўжаны пінжак, створаны з абрэзкаў, сшытых кожнай з удзельніц гэтага моднага праекта. Дарэчы, удзельніцы тэатра моды «Надзея» — не прафесійныя швачкі і не дызайнеры. Гэта прадстаўніцы розных спецыяльнасцей, а большасць з іх — лэдзі залатога ўзросту, якія поўнасцю прысвячаюць сябе новаму захапленню. Нехта ўпершыню тут узяў іголку і кравецкія нажніцы ў рукі, у кагосьці ўжо быў невялікі аматарскі вопыт, але ўсе мадэлі і мадэльеры ў адной асобе спасцігалі гэты занятак амаль з азоў. Як прызналіся дамы, хутчэй было пашыць цэлую сукенку, чым стварыць да яе дэкор, які складаецца са шматкоў геаметрычных форм — прамавугольніка, трохвугольніка, круга, квадрата. «Гэта самае складанае, тры дні патраціла», — прызналася адна з рукадзельніц, дэманструючы на сукенцы аддзелку з фігур рознага колеру, скамбінаваных так, што ствараецца незвычайны візуальны эфект.

З гэтай калекцыяй віцябчанкі плануюць паўдзельнічаць у розных конкурсах, фестывалях, у тым ліку традыцыйным свяце лёну ў Оршы. Тэатр моды «Надзея» існуе менш за год, але ў яго ёсць ужо чатыры калекцыі і на падыходзе пятая — з блакітнага лёну і таксама з дэкорам у тэхніцы пэчварк.