Top.Mail.Ru

Нацагенцтва па турызме прадставіла календары падзейных мерапрыемстваў на восень і зіму

Нацыянальнае агенцтва па турызме прадставіла календары падзейных мерапрыемстваў Беларусі, якія пройдуць восенню і зімой. Пералік лакальных свят, маштабных міжнародных фестываляў і спартыўных спаборніцтваў размешчаны на сайце ўстановы, паведамляе БелТА.


Каляндар «Восень у Беларусі 2026» змяшчае каля 100 падзей. У іх ліку абласныя фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026», якія сёлета прымаюць Баранавіцкі раён, Мёры, Калінкавічы, Карэлічы, Дзяржынск і Шклоў, мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства, дням горада, рэспубліканскае свята «Дзень беларускага пісьменства».

Таксама ў спіс увайшлі міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа», міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», адкрыты фестываль-конкурс харэаграфічнага мастацтва TERRICON, міжнародны фестываль мастацтваў «Open MoloFantasy — 2026», міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка», Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», міжрэгіянальны фестываль-конкурс народнай творчасці «Крычаўскі канёк», духоўна-культурная акцыя «Лясная — месца воінскай славы» і інш.

Рэгіёны запрашаюць акунуцца ў атмасферу мясцовых традыцый і гастраноміі. Турыстам прапануюць запланаваць паездку на літаратурна-музычны фестываль «Восень у Завоссі», раённы фестываль «Жабінкаўскі дранік», «Тураўскі кірмаш», конкурс па колцы дроў «Рабі як бацька», фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», «Лідскія тэатральныя сустрэчы», «Бульбяны фэст», фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Бярэзіна», фестываль народных тэатраў «Бярэзінская рампа» і інш.

Аматары спорту могуць прыняць удзел у штогадовым традыцыйным прабегу памяці П. М. Машэрава ў Сянно, «Аршанскім паўмарафоне», міжнародных спаборніцтвах па ралі «Славянскі Кубак», «Гомельскім паўмарафоне», фестывалі бегу «Ашмянская пяцёрка», ультрамарафоне «Слуцкі гасцінец», нацыянальным фестывалі бегу «Языльская дзясятка», «Мінскім паўмарафоне» і інш.

Каляндар «Зіма ў Беларусі 2026» прадстаўляе падзейныя мерапрыемствы снежня. У асноўным у яго ўключаны навагоднія святочныя праграмы, тэатралізаваныя шэсці. Таксама анансавана адкрыццё ў рэгіёнах рэзідэнцый Дзеда Мароза і іншых казачных персанажаў.

Таксама на сайце размешчаны каляндар асноўных падзейных мерапрыемстваў лета. Інфармацыя пастаянна абнаўляецца, даты і месцы правядзення могуць удакладняцца і дапаўняцца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю