Нацыянальны банк Беларусі падвышае стаўку рэфінансавання. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні праўлення Нацбанка, прысвечаным развіццю сітуацыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы, паведамілі БелТА ў Нацбанку.
Аналіз паказвае, што, нягледзячы на захаванне дадатнай дынамікі эканамічнага росту, узмацняецца макраэканамічны дысбаланс, выкліканы нарошчваннем разрыву паміж тэмпамі росту прадукцыйнасці працы і заработнай платы. У выніку павышэння заработнай платы адбываецца рост спажывання, які прыводзіць да істотнага павелічэння спажывецкага імпарту. Рост даходаў павышае крэдытаздольнасць грамадзян, што, у сваю чаргу, вядзе да павышанага попыту на імпартныя тавары працяглага карыстання. Прырост спажывецкага імпарту за чатыры месяцы склаў 14,5 працэнта, што таксама сведчыць аб рызыках павышэння ціску на сальда бягучага рахунку плацежнага балансу.
Пры гэтым назіраецца ўстойлівы прафіцыт ліквіднасці ў банкаўскай сістэме і рост грашовай масы ў гадавым выражэнні на ўзроўні вышэй за 15%. З улікам існуючай павышанай траекторыі інфляцыі праўленне Нацыянальнага банка лічыць неабходным прыняцце рашэнняў, накіраваных на павышэнне прывабнасці зберажэнняў у эканоміцы і, як вынік, рост рэсурснай базы для інвестыцыйнай актыўнасці.
«З мэтай нівеліравання названых рызык, а таксама стымулявання інвестыцыйнай актыўнасці прынята рашэнне аб павышэнні з 25 чэрвеня 2025 года стаўкі рэфінансавання на 25 базісных пунктаў да 9,75 працэнта гадавых і ставак па пастаянна даступных аперацыях падтрымкі ліквіднасці (крэдыт овернайт, СВОП овернайт) і двухбаковым аперацыям падтрымкі ліквіднасці (ламбардныя крэдыты па фіксаванай стаўцы і здзелкі СВОП) на 25 базісных пунктаў да 11, 25% гадавых», — паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка.
Акрамя таго, з улікам змянення рызыка-профілю банкаўскай сістэмы ўстаноўлены значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі па інструментах крэдытна-дэпазітнага рынку на ліпень 2025 года.
"Пры гэтым у фокусе ўвагі Нацыянальнага банка па-ранейшаму застаецца захаванне даступнасці інвестыцыйнага банкаўскага фінансавання, якое садзейнічае ўстойліваму і збалансаванаму эканамічнаму росту краіны. На думку праўлення Нацыянальнага банка, пералічаныя меры будуць садзейнічаць узмацненню ашчаднай актыўнасці эканамічных суб'ектаў, зніжэнню інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў у краіне і, адпаведна, падтрыманню пакупной здольнасці даходаў насельніцтва", - дадаў кіраўнік Нацбанка.
Нацыянальны банк працягне дакладна аналізаваць развіццё сітуацыі ў эканоміцы краіны і пры неабходнасці прыме адпаведныя меры ў галіне грашова-крэдытнай палітыкі.