Нацыянальны банк не выключае магчымасці зніжэння стаўкі рэфінансавання. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй Картун, паведамляе БелТА.
«Мы не выключаем, што па меры запаволення інфляцыі і ўсіх астатніх фактараў мы прыйдзем да таго, што знізім стаўку рэфінансавання. Ужо напрошваецца, быццам бы, такое рашэнне. Але тут трэба прымаць усе рызыкі: тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе, што адбываецца ў эканоміцы, што адбываецца з інфляцыяй у краіне, якая, дарэчы, запавольваецца ўжо ў лютым (калі чыста люты браць, то за апошнія дзевяць гадоў у нас такога тэмпу ў лютым не было)», — адзначыў Андрэй Картун.
Паводле яго слоў, на гэта маглі паўплываць рашэнні адміністрацыйнага характару — напрыклад, перанос павышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ. «І мы ў красавіку ўжо ўбачым нейкую больш высокую інфляцыю ў параўнанні са звычайнай, таму што ў красавіку ў жыроўках нашых будуць ужо павышаныя кошты. Але гэта ніяк не ўплывае на ўзровень інфляцыі ў цэлым — гэта рост цэн па адным усяго толькі сегменце», — заўважыў намеснік старшыні.
Стаўка рэфінансавання, па сутнасці, — гэта нейкі ўсярэднены паказчык кошту грошай у эканоміцы, усіх дэпазітаў і крэдытаў, растлумачыў Андрэй Картун. «Мы стараемся, каб гэты інструмент працаваў як арыенцір для ўсяго рынку. Ад чаго залежыць, якія рашэнні мы прымаем? Заўсёды глядзім на сітуацыю ў комплексе. Пачынаючы з базавага — узроўню інфляцыі. Прычым не проста фактычнага, а таго, што чакаецца ў найбліжэйшыя як мінімум паўгода-год. Як яна сябе павядзе? Тут мы асцярожнічаем. Глядзім сітуацыю на валютным рынку — якая складаецца, як паводзіць сябе насельніцтва: купляе ці прадае валюту. Улічваем чаканні суб’ектаў, эканамічных агентаў — і не толькі ў Беларусі, вядома. Якія ёсць знешнія рызыкі, напрыклад», — адзначыў ён.