Галоўным інструментам нарошчвання дэпазітаў у беларускіх рублях з’яўляецца ўзровень працэнтнай стаўкі вышэйшы за інфляцыйныя чаканні насельніцтва, паведаміў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў, адказваючы на пытанні дэпутатаў на семінары-нарадзе Палаты прадстаўнікоў «Прававое рэгуляванне фінансавых інструментаў для насельніцтва (спажывецкія крэдыты, мікрапазыкі і лізінг). Практыка правапрымянення, перспектывы развіцця», паведаміла БелТА.
«Адна з ключавых задач пяцігодкі з пункту гледжання фінансавай сістэмы — гэта нарошчванне дэпазітаў у беларускіх рублях. Таму што без дэпазітаў не будзе крэдытаў, без якіх не будзе новых дэпазітаў, не будзе росту эканомікі. Мэта ўстаноўлена, і, безумоўна, яна будзе выконвацца», — сказаў Аляксандр Ягораў.
У якасці галоўнага інструменту дасягнення гэтай мэты першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка ўказаў узровень працэнтнай стаўкі па дэпазітах. «Мы нацэльваем банкі, што па дэпазітах тэрмінам большым за адзін год стаўка павінна быць вышэйшая, чым па дэпазітах кароткіх, чым па дэпазітах адзыўных, — адзначыў Аляксандр Ягораў. — А па дэпазітах доўгатэрміновых цяпер узровень ставак складае прыкладна 14,5-15 працэнтаў. Гэта, безумоўна, перавага для гэтага віду ўкладу. І грамадзяне, якія лічаць грошы, у асноўным выбіраюць менавіта такія ўклады».
Паводле статыстыкі Нацбанка, каля 80 працэнтаў новых укладаў — тэрмінам большым за адзін год.
«Наогул наша тактыка па працэнтнай стаўцы наступная. Мы штоквартальна замяраем інфляцыйныя чаканні насельніцтва. У сваёй палітыцы будзем арыентавацца на тое, што ўзровень ставак па доўгатэрміновых дэпазітах павінен быць вышэйшы не тое што за інфляцыю, а менавіта за інфляцыйныя чаканні насельніцтва, таму што гэта лічба вышэйшая. Калі ўзровень інфляцыі цяпер у нас каля 7 працэнтаў, то інфляцыйныя чаканні прыкладна на 4 працэнтныя пункты вышэйшыя — 11-11,5 працэнта», — падкрэсліў Аляксандр Ягораў.
Паводле яго слоў, задача банкаў — «прапаноўваць насельніцтву па дэпазітах такія стаўкі, пры якіх яны (укладчыкі. — Заўвага БЕЛТА) будуць упэўнены, што іх грошы не знікнуць у рэальным выражэнні не тое што адносна ўзроўню інфляцыі, а менавіта адносна ўзроўню інфляцыйных чаканняў».
Нацбанк са свайго боку для выканання гэтай задачы будзе даводзіць банкам паказчыкі, якія забяспечаць безумоўнае выкананне мэты.