Top.Mail.Ru

Нацыянальная бібліятэка Беларусі можа кардынальна змяніць сваё аблічча

Нацыянальная бібліятэка Беларусі можа кардынальна змяніць сваё аблічча. Падрабязнасцямі падзяліўся генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, паведамляе БелТА.



«Мы разважаем над гэтым. Пытанне мадэрнізацыі фасада будынка знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Першапачаткова праект будынка меў на ўвазе ўстаноўку люстраных шклоў. І цяпер мы ўзаемадзейнічаем з распрацоўшчыкамі, каб гэты праект завяршыць», — расказаў Вадзім Гігін.

Ён звярнуў увагу, што фасад Нацыянальнай бібліятэкі — гэта ў тым ліку інфармацыйны экран. З часам гэтая тэхналогія трохі састарэла, бо будынку ўжо амаль 20 гадоў. «Нам трэба выходзіць на новы ўзровень, новыя тэхнічныя рашэнні, каб мы маглі прадставіць нашым грамадзянам і гасцям сталіцы любую карцінку. Каб гэта было сапраўды прыгожа і на галоўным праспекце Мінска быў сучасны экран. Акрамя таго, цяпер з’яўляюцца новыя тэхналогіі, якія дазваляюць зрабіць экран энергаэфектыўным і нават генераваць электраэнергію», — расказаў кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі.

«Мы пакуль знаходзімся на стадыі навуковай распрацоўкі гэтага праекта. Думаю, што з улікам усіх доследна-выпрабавальных момантаў гэта дакладна зойме не менш за два гады», — дадаў ён.

Вадзім Гігін таксама заўважыў, што рашэнне аб будаўніцтве новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі ў пачатку 2000-х было шляхам у нязведанае. «Праект яшчэ канца 1980-х гадоў. Праект, які многія лічылі футурыстычна (такім ён і быў). І нават сёй-той лічыў, што яго амаль немагчыма рэалізаваць, тым больш сіламі адной толькі Беларусі. І тады гэта быў эксперымент, гэта была рызыка. Але тым не менш на яго пайшлі», — нагадаў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі. 

На яго думку, Беларусь, якая ў тыя гады яшчэ асэнсоўвала сябе як незалежная, суверэнная дзяржава, павінна была атрымаць такі горадабудаўнічы і архітэктурны сімвал.

«Гэта ж не толькі рашэнне праблем чыста Нацыянальнай бібліятэкі: яна была раскідана амаль па двух дзясятках будынкаў, доўгі час праходзіла ад замовы кнігі да яе атрымання, выстройваліся вялізныя чэргі. Гэта таксама важна, гэтую задачу трэба было вырашаць. Але гэта яшчэ і сімвал. Чаму Нацыянальная бібліятэка стала настолькі вядомай, настолькі любімай і беларусамі, і гасцямі нашай краіны? Калі мы кажам „незалежная і суверэнная Беларусь“ , якія сімвалы Вы можаце назваць? Нават сярод школьнікаў самы папулярны адказ — будынак Нацыянальнай бібліятэкі», — падкрэсліў Вадзім Гігін.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю