Шматлікія нацюрморты, пейзажы, партрэты і абстракцыі некалькіх дзясяткаў мастачак склалі аснову выстаўкі «Палітра вясны», якая з наступленнем цяпла традыцыйна ладзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Новую экспазіцыю можна ўбачыць да 8 чэрвеня ў галерэі «Ракурс».
«Кожны раз пераконваемся, што вясновыя выстаўкі запатрабаваны ў наведвальнікаў, — адзначае загадчыца сектара мастацкіх выставак Нацыянальнай бібліятэкі Вікторыя Харытонава. — Штогод мы арганізоўвалі экспазіцыі з кветкавымі нацюрмортамі, але гэтым разам галоўную ролю адыграла жанчына-мастачка з асаблівай колеравай гамай, якую яна выкарыстоўвае пры напісанні работ. Дэманструюцца графіка, жывапіс, акварэль і дэкаратыўная творчасць».
А якія творы чарговага праекта можна лічыць ключавымі?

Цэнтральным вобразам выстаўкі «Палітра вясны» стала кветка, таму кампазіцый на тэму разнастайнасці прыгожых раслін гэтай пары можна ўбачыць мноства, а значыць, і вызначыцца з найбольш арыгінальнымі цяжка. І ўсё ж сярод нацюрмортаў вылучаюцца «Viva la vita» (2025) Зоі Луцэвіч (поўнае месцамі надзвычай яркіх колераў палатно з ружамі здзіўляе скрупулёзнасцю работы) і «Цёплы букет» (2025) Таццяны Лешчанкі (умоўнасць вобразаў і мяккасць фарбаў дасягнуты ў тым ліку з дапамогай выключна далікатнай манеры выканання гэтай акварэлі). Звяртаюць на сябе ўвагу таксама «Сіні букет» (2021) і «Палявыя кветкі» (2026) Кацярыны Цяшко: малады аўтар у сваёй творчасці шмат увагі надае нацюрмортам, у якіх прыкметны ўплыў традыцыі, працуе ў змешанай тэхніцы, чым тлумачыцца цікавы падыход да адлюстравання рэчаіснасці. Таму хацелася б бачыць работы мастачкі ў іншых жанрах.
Сярод абстракцый бясспрэчным лідарам уяўляецца твор «Палявыя кветкі» (2025) Хрысціны Высоцкай. Апошнім часам не так часта даводзіцца сустракаць работы майстра, і, можна спадзявацца, серыя «Кветкі і расліны» будзе паказана на галоўных выставачных пляцоўках краіны; думаецца, знаёмства з узорамі аўтарскага ручнога ткацтва будзе займальным. Надзеі звязаны і з габеленамі Ніны Пілюзінай: у экспазіцыі «Палітра вясны» можна ўбачыць твор «І днём, і ноччу» (2013), які мела сэнс змясціць у цэнтральную частку выстаўкі — сюжэт, у якім спалучаюцца водная, зямная і нябесная стыхіі, пры ўдалым выкарыстанні здольны фарміраваць прастору вакол сябе. Пэўна, прыйдуцца гледачу даспадобы і творы Лізаветы Пастушэнкі і Наталлі Шапавалавай. Апошняя здзівіла новымі мінімалістычнымі нацюрмортамі, кожны з якіх прысвечаны той ці іншай кветцы, зрэзанай для ўпрыгажэння жытла чалавека.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара