Top.Mail.Ru

Нацыянальная інфраструктура падладзілася пад новыя рэаліі экспартных паставак

Дзверы, фортачкі і вокны выхаду на рынак

Для знешняга гандлю час не самы спрыяльны. Прычыны відавочныя: санкцыі, бар’еры, рэстрыкцыі. Але ўсё не так жахліва, як можа падацца. Попыт на знешніх рынках на беларускую прадукцыю ёсць. Прычым большасць дзяржаў ігнаруюць санкцыйныя рэжымы Захаду. Калі не ў адкрытую, то дэ-факта. За восем месяцаў гэтага года экспарт беларускіх тавараў, паводле звестак Белстата, павялічыўся на 22,4 %. Іншае пытанне, што для пранікнення на новыя рынкі, пашырэння і ўтрымання ніш неабходна мець не толькі канкурэнтаздольную прадукцыю, але і канкурэнтаздольных менеджараў, здольных сфармуляваць камерцыйную прапанову і забяспечыць транспартную і фінансавую лагістыку, юрыдычнае суправаджэнне здзелкі... Знешні гандаль — сфера вельмі шматслаёвая. І для эфектыўнага гандлю на знешнім контуры неабходна забяспечыць спалучэнне ўсіх фактараў. Пра гэта гаварылі на тэматычным семінары, арганізаваным Беларускай гандлёва-прамысловай палатай у рамках праекта «Акадэмія экспарту».

Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Віталь ВАБІШЧЭВІЧ дакладна артыкуляваў: для паспяховага экспарту неабходныя не толькі тавары, але і людзі, якія будуць іх прадаваць.

— Калі мы гаворым пра экспарт, пра выхад беларускай прадукцыі на новыя рынкі, у першую чаргу трэба адказаць на адно важнае пытанне: «А ці ёсць у нас кадравы патэнцыял? Ці ёсць тыя спецыялісты на прадпрыемствах, якія ведаюць і разумеюць, як выходзіць на гэтыя рынкі?» — адзначыў ён. І акцэнтаваў увагу на сакавіцкай пастанове Саўміна № 154 

«Аб нефінансавай падтрымцы знешнеэканамічнай дзейнасці». Яна прадугледжвае ў тым ліку і правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне кампетэнцый менеджараў у рэальным сектары ў рэалізацыі знешнеэканамічнай дзейнасці.

У цэлым у Беларусі выбудавалася інфраструктура для рэалізацыі экспартных амбіцый. Сістэма падладзілася пад санкцыйны трэнд сусветнага рынку, гнутка рэагуе на ўсе змены. Адным з ключавых момантаў для павышэння эфектыўнасці выхаду на знешні контур з’яўляюцца нават не перашкоды па-за Беларуссю, якія, безумоўна, існуюць, а настройка ўнутранай камунікацыі.

— Важная кампетэнцыя менеджараў прадпрыемстваў і банкаўскага сектара — умець слухаць адно аднаго, — лічыць выканаўчы дырэктар «Беларусбанка» Аляксей АМАРЫН. — Неабходна быць у кантакце, сінхранізаваць патрэбы адно аднаго.

Асаблівасць сучаснага міжнароднага рынку — адсутнасць універсальных рашэнняў. Кожная знешне-гандлёвая здзелка ў нечым становіцца асаблівай праз самыя разнастайныя крытэрыі. Архітэктура здзелкі для пастаўкі, умоўна кажучы, цвікоў можа не спрацаваць з балтамі, бо апошнія тэарэтычна могуць выкарыстоўвацца для вырабу спецыяльнай тэхнікі. А яе, зноў жа ўмоўна, некаторыя адносяць да прадукцыі двайнога прызначэння. У гэтым сегменце асаблівыя правілы гульні, улічваючы міжнародную напружанасць. Па перакананні Аляксея Амарына, гандляваць можна і трэба. Аднак яшчэ на ўзроўні абмеркавання здзелкі неабходна, зыходзячы з існуючых рэалій, інтарэсаў і рызык усіх партнёраў, патэнцыяльных «чырвоных ліній», выбудоўваць здзелку.

У прыватнасці, быў прыведзены канкрэтны кейс: банкі, нават з глыбока дружалюбных нам дзяржаў, пры ацэнцы беларускіх кампаній для правядзення плацяжоў патрабуюць запаўнення адпаведнай анкеты. 

А ў ёй, як правіла, ёсць пункт: ці працуе прадпрыемства з расійскімі партнёрамі? Напрыклад, з расійскімі контрагентамі з абароннага сектара ці расійскімі кампаніямі, якія працуюць на абаронны сектар або так ці інакш удзельнічаюць у вытворчасці прадукцыі двайнога прызначэння. Можна, вядома, схітраваць. Але ёсць рызыка атрымаць чорную метку ў сяброўскай юрысдыкцыі. Як мінімум патэнцыяльна другасныя санкцыі існуюць. І гэтыя рызыкі хочуць на сябе браць далёка не ўсе. Таму калі прадукцыя або прадпрыемства не поўнасцю бездакорныя з пункту гледжання стапрацэнтнай вытворчасці грамадзянскай прадукцыі, то здзелкі лепш, на думку Аляксея Амарына, рэалізоўваць пры дапамозе іншых інструментаў, у тым ліку выкарыстоўваць, у прыватнасці, нябанкаўскія механізмы разлікаў. Сусветны бізнес падладжваецца пад суровую рэчаіснасць. І калі для адных фінансавых арганізацый пэўныя тавары знаходзяцца за «чырвонай лініяй», то для іншых — нармальны бізнес. Прычым, як адзначыў менеджар «Беларусбанка», тарыфы апошнім часам рэзка знізіліся і сталі больш прымальнымі. Калі раней за ажыццяўленне разлікаў па такіх здзелках прасілі камісію ў памеры больш як 5 %, то сёння — ужо менш за 1 %! Попыт нараджае прапанову, а канкурэнцыя змяншае кошт паслугі.

— Універсальных здзелак сёння ўжо няма, — адзначыў Аляксей Амарын. — Па кожным кантракце выкарыстоўваецца свой набор інструментаў.

Тым не менш ён абазначыў агульныя тэндэнцыі. Па-першае, неабходна пры першай магчымасці адыходзіць ад долара і еўра. Стратэгічны пераход на нацыянальныя і дружалюбныя валюты зніжае рызыку цяжкасцяў з вяртаннем грошай. І зараз, нягледзячы на ўвесь назапашаны антысанкцыйны досвед, здараецца, што сродкі па знешнеэканамічных кантрактах «вязнуць». І потым даводзіцца пакутліва шукаць арыгінальныя рашэнні для іх размарозкі.

Па-другое, беларускім кампаніям неабходна быць маральна і арганізацыйна гатовымі да большай адкрытасці. Правілы праверкі контрагентаў узмацняюцца па ўсім свеце. Патрабуецца ўсё больш і больш падаваць дакументаў для заключэння кантракта і выбудоўвання ўсяго ландшафту здзелкі. Асабліва калі дагавор не на разавую пастаўку, а працяглы ў часе. Па-трэцяе, пры пэўнай адкрытасці неабходна выключыць уцечку інфармацыі. Тыя ж заходнія краіны спрабуюць адсочваць усе здзелкі. "Другасныя санкцыі ёсць, яны дастаткова балючыя за работу з контрагентамі з нашай юрысдыкцыі, — тлумачыць Аляксей Амарын. — Адпаведна, бізнес сёння як ніколі любіць цішыню.

Рызык шмат, і імі трэба кіраваць. А для гэтага выкарыстоўваць шырокую экспертызу. У тым ліку і банкаўскага сектара, перакананы Віталь Вабішчэвіч. Але ён зазначыў, што часам на прадпрыемстве спадзяюцца на свае кампетэнцыі: заключаць кантракт, у якім ёсць штрафныя санкцыі за невыкананне ў тэрмін. А потым высвятляецца: грошы не праходзяць. Альтэрнатыўныя шляхі знаходзяцца, у тым ліку і з дапамогай банкаў. Аднак на гэта траціцца каштоўны час: нярэдка тры—чатыры месяцы. Набягаюць штрафы, часам здзелка ўвогуле можа сарвацца. 

У выніку — неабгрунтаваныя фінансавыя страты. 

Так, ёсць санкцыі, але яны ўжо не з’яўляюцца форс-мажорам. Гэта ўжо данасць, якую неабходна прадбачыць, і пралічваць свае дзеянні здалёк.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

Фота БелТА і з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю