Вынік сапраўды ўражвае: другое месца ў медальным заліку чэмпіянату свету, удзел у якім брала 41 краіна. Тры «золаты», адно «серабро», дзве «бронзы». Па колькасці і годнасці ўзнагарод нашы суайчыннікі ўступілі толькі суседзям-расіянам, пераўзышлі прызнаных майстроў з Кітая, ЗША, Партугаліі, Азербайджана і іншых сапернікаў.
Першай у залу прылёту нацыянальнага аэрапорта «Мінск» увайшла галоўны трэнер нацыянальнай каманды Вольга Уласава — як заўсёды, імклівая, сабраная, засяроджаная. Калі яна ўбачыла прыўзняты настрой сустракаючых, твар яе асвяціўся ўсмешкай. Следам за лідарам ішла яе каманда — цэлае сузор’е выдатных беларускіх спартсменаў.

Іван Літвіновіч заваяваў тытул чэмпіёна свету ў асабістым мужчынскім заліку. Разам са Станіславам Яскевічам, Андрэем Буйловым і Іванам Мельнікавым яны сталі чэмпіёнамі свету ў мужчынскім камандным турніры. Дуэт Іванаў, Літвіновіча і Мельнікава, стаў бронзавым прызёрам у мужчынскіх сінхронных скачках. Другі раз запар чэмпіёнамі свету ў змешаных сінхронных скачках сталі Кацярына Яршова і Станіслаў Яскевіч. Асабісты тытул у Віялеты Бардзілоўскай: яна — сярэбраны прызёр у жаночых скачках. Разам з сяброўкамі Кацярынай Яршовай, Янай Лебедзевай, Златай Мініахметавай дзяўчаты сталі бронзавымі прызёрамі жаночага каманднага турніру.

За дзяржаву не крыўдна
— Гэты чэмпіянат запомніцца нам не толькі шэрагам гучных перамог, але і тым, што мы зноў абаранялі гонар сваёй краіны пад дзяржаўным сцягам, у гонар чэмпіёнаў падчас узнагароджвання гучаў наш дзяржаўны гімн, мы выкарыстоўвалі дзяржаўную сімволіку і колеры ў адзенні. Міжнародная асацыяцыя гімнастыкі зняла абмежаванні на выкарыстанне беларускай і расійскай сімволікі, і гэта лагічна, — адзначыла Вольга Уласава. — Для дзяцей (так трэнер называе сваіх выхаванцаў. — Аўт.) гэта было адказна, хвалююча. Яны ехалі на чэмпіянат з мэтай годна прадставіць сваю краіну, каб яе імя чарговы раз прагучала на ўвесь свет. Яны сумленна зрабілі ўсё, чаго ад іх чакалі. Я рада за спартсменаў, якія справіліся са сваімі задачамі.
Перапыніў «кітайскую дынастыю»
Асаблівы гонар выклікае званне чэмпіёна свету, заслужанае Іванам Літвіновічам. Ён паўтарыў поспех 1996 года беларуса Дзмітрыя Паляруша, таксама выхаванца Віцебскай батутнай школы. Але чаму ж рэакцыя Івана на аб’яўленне вынікаў яго выступлення была такой недаверліва-эмацыянальнай, а выраз твару і поза заслугоўваюць таго, каб стаць інтэрнэт-мемам? Запыталіся пра гэта ў самога героя дня.
— На працягу 13 апошніх гадоў чэмпіёнамі свету станавіліся спартсмены з КНР. Я ж выдатна разумеў, якія моцныя ў мяне сапернікі, той жа Ван Зісай. У іх былі вельмі складаныя праграмы, мая камбінацыя была лягчэйшай, але менавіта яна атрымала больш высокую адзнаку за кошт дакладнасці выканання, тэхнічнасці, вышыні палёту. Ведаеце, перапыніць «кітайскую дынастыю» дарагога варта, — пажартаваў Іван Літвіновіч.
Дарэчы, яго, двойчы алімпійскага чэмпіёна, на Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы гледачы і інтэрнэт-суполка называлі «самым адзінокім спартсменам». Прычына хавалася ў допуску да спаборніцтваў у нейтральным статусе. Я скарысталася магчымасцю запытаць, як уплывае на самаадчуванне гонар выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад эгідай сваёй дзяржавы.
Іван прызнаўся, што выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі вельмі матывіруе і накладвае вялікую адказнасць. Адчуванне, што за яго перажываюць землякі-беларусы, натхняе. Вельмі прыемна атрымліваць іх шчырыя словы падбадзёрвання і падзякі.
Глядзіце правільна!
Батутысты — чэмпіёны і прызёры запэўніваюць, што, калі каго і варта насіць на руках пасля выдатнага выступлення на чэмпіянаце свету, то галоўнага трэнера Вольгу Уласаву. Колькі паспяховых спартсменаў выхавала яна і трэнерскі штаб за гады плённай працы!
Яна працуе не толькі са старэйшымі, добра падрыхтаванымі рабятамі — да выступленняў на маштабных спаборніцтвах яна вядзе іх з маленства. Пільным вокам заўважае здольных і ўпартых хлопчыкаў і дзяўчынак, трэніруе іх.
Вользе Уласавай дадзены талент даводзіць да дасканаласці і ўзводзіць на п’едэстал юнакоў і дзяўчат, якія атрымалі першапачатковую падрыхтоўку ў іншых школах батуту па ўсёй Беларусі. Да міжнародных перамог іх прыводзяць заняткі ў Віцебску, у Цэнтры па скачках на батуце, які з’яўляецца галоўнай спецыялізаванай пляцоўкай і базай нацыянальнай зборнай. Яна марыць, каб гэты від спорту набіраў папулярнасць, а пакуль «расшыфравала» асноўныя прынцыпы і правілы ацэнкі скачкоў на батуце.

Першыя аднатыповыя скачкі батутыста, так званыя «качы», служаць для набору вышыні, бо наступныя за імі акрабатычныя элементы немагчыма выканаць у блізкасці да батута. Вышыня палёту, ці сумарны час, праведзены спартсменам у паветры, ацэньваецца ў секундах. Да слова, у гэтым сэнсе беларусы лічацца высокапалётнымі, прадстаўнікі іншых краін ім саступаюць. Разам з вышынёй палёту, на адзнаку ўплываюць складанасць праграмы, тэхніка выканання, гарызантальнае перамяшчэнне. Адвольная праграма павінна ўключаць не меней за дзесяць элементаў. У сучаснай практыцы пераважаюць сальта з рознай колькасцю вінтоў і варыяцыямі становішча цела (групіроўка, прамое, сагнуўшыся).
— Стоячы каля батута, калі выступаюць мае выхаванцы, я пільна сачу, як яны выконваюць заданні, улоўліваю кожную дэталь камбінацыі, чысціню выканання звязак, адхіленні ад узору, магу падказаць, як паправіць, палепшыць становішча, — растлумачыла Вольга Уласава. — Гэта пастаянныя ўцягнутасць, кантроль і карэкціроўка загадзя складзенай і натрэніраванай праграмы, у якую закладзены элементы з высокім коштам, каб камбінацыя была даражэйшая. Гэта мая работа, і я шчаслівая ад таго, што рэалізавалася ў сваёй краіне, знаходжуся на сваім месцы, раблю тое, што ўмею і люблю. Шчаслівая за нашу нацыянальную каманду, у якой цяпер ужо 17 чалавек — і яны таксама робяць тое, што ўмеюць і любяць. Адсюль і вынікі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота з адкрытых крыніц