У складаных умовах надвор’я Нацыянальны аэрапорт Мінск працягвае работу ў штатным рэжыме. Пра гэта паведамілі БелТА ў прэс-службе аэрапорта.
«Беларусь знаходзіцца ў зоне ўплыву цыклону „Леоні“. Па прагнозах сіноптыкаў, на працягу дня чакаюцца працяглыя ападкі (мокры снег, дождж), галалёд, на дарогах галалёдзіца. У раёне Нацыянальнага аэрапорта Мінск ідзе ледзяны дождж. Напярэдадні персанал і тэхнічныя сродкі былі пераведзены ў рэжым павышанай гатоўнасці для забеспячэння бесперабойнай работы. Вытворчыя службы аэрапорта знаходзяцца ў пастаяннай каардынацыі з авіякампаніямі для прыняцця неабходных дадатковых мер па своечасовым рэагаванні на выпадкі адхіленняў ад раскладу і мінімізацыі наступстваў для пасажыраў», — адзначылі ў прэс-службе.
Для пастаяннай эксплуатацыйнай прыдатнасці праводзяцца работы па ачыстцы ўзлётна-пасадачнай паласы, рулежных дарожак і перона ад наледзі з адначасовым нанясеннем хімрэагентаў для прадухілення ўтварэння лёду на аэрадромных паверхнях. Для ачысткі і апрацоўкі антыгалалёднымі рэагентамі задзейнічана 21 адзінка шматфункцыянальнай снегаўборачнай тэхнікі і спецмашын для размеркавання хімрэагентаў. За мінулыя суткі выдаткавана каля 50 т спецыяльных вадкіх і грануляваных рэагентаў. Праводзіцца апрацоўка самалётаў вадкасцю супраць абледзянення.
«Нацыянальны аэрапорт Мінск мае дастатковыя рэсурсы для стабільнага забеспячэння ўзлётна-пасадачных аперацый у складаных умовах надвор’я і працягвае работу ў штатным рэжыме, падтрымліваючы высокі ўзровень бяспекі палётаў і стандартаў якасці. Рэкамендуем пасажырам і сустракаючым планаваць сваю паездку ў аэрапорт загадзя, улічваючы ўмовы надвор’я і дарожную абстаноўку», — адзначылі ў прэс-службе.
Актуальны статус патрэбнага рэйса можна адсочваць на табло вылетаў/прылётаў на сайце аэрапорта або авіякампаніі.