Top.Mail.Ru

Нацыянальны балет «Купалле» прадставілі на сцэне музычнага тэатра

Больш твораў з нацыянальным характарам у высокіх жанрах оперы і балета — гэта пастаяннае пажаданне, скіраванае ў большай ступені ў боку Вялікага тэатра Беларусі. Але сёлета ініцыятыву перахоплівае Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, у складзе якога ёсць балетная трупа. І нараджаецца спектакль «Купалле», які можна назваць нацыянальным творам.


Па-першае, з пункту гледжання тэмы. Па-другое — вельмі яркай, экспрэсіўнай музыкай маладога беларускага кампазітара Лізаветы Лобан. Па-трэцяе — аўтар лібрэта і харэограф-пастаноўшчык — Сяргей Мікель, які з’яўляецца галоўным балетмайстрам класічнага балета тэатра. 

Праўда, «Купалле» — пастаноўка не зусім у класічных традыцыях. І вось гэта было цікава: як беларуская даўніна спалучаецца з сучаснай музыкай і харэаграфіяй, якую абраў пастаноўшчык?

Натуральна, што народныя традыцыя, паганскія паданні і вобразы наўрад ці стасаваліся б з «прычасанасцю» класічнага балета. Іншая справа — на сцэне артысты з акадэмічнай «выпраўкай», і яна нагадвае пра сябе. Усё ж Сяргей Мікель — таксама з акадэмічнай адукацыяй, ён вучаць Валянціна Елізар’ева (і гэта адчуваецца паводле харэаграфіі). Яны абодва робяць сваю харэаграфію, грунтуючыся класічным танцы, але дапускаючы пэўную вольнасць. Што ў дачыненні да «Купалля» мае асаблівы сэнс: мы паглыбляемся ў паганскія часы, дзе людзі імкнуцца паразумецца з прыродай. 

Яна адчуваецца адразу — у вобразе ляснога гушчару, містычных істот, якія яго насяляюць і прыглядаюць за парадкам, а таксама сімвалічнай ракі (уяўленне пра яе, як ні дзіўна, можа стварацца не толькі па гарызанталі, але і па вертыкалі)... Сцэна не перагружана афармленнем (мастак Яўген Ермаловіч), гэта дазваляе больш сканцэнтравацца на самой дзеі: паступова прастору запаўняюць людзі ў вельмі простых строях (мастак па касцюмах Ілья Падкапаеў), яны спяшаюцца, бо гэта самая кароткая ноч, а паспець трэба вельмі шмат — каб на ўвесь год назапасіцца спагадай вышэйшых сіл і шчасцем. Гэтыя чаканні ўвасабляюць артысты, якія танцуюць розныя этапы Купалля. 

Калі хто думае, што ведае пра наша адметнае народнае свята ўсё, то няхай рыхтуецца да здзіўлення. Бо ў свядомасці сучасных беларусаў Купалле мае пераважна рамантычнае напаўненне: людзі гуляюць ды скачуць праз вогнішча, пускаюць па рацэ вяночкі, папараць-кветка... Гэта так, ды не так. Бо ўсе дзеянні нашых продкаў мелі ў гэтую ноч глыбокі сэнс. Як аўтар лібрэта Сяргей Мікель закладвае ў танец своеасаблівыя ўвасабленні стасункаў з рознымі стыхіямі. Вось людзі праходзяць праз ачышчэнне вадой. А вось на сцэне з’яўляецца вогненны слуп — скокі (таксама дзеля ачышчэння) і гарэзныя гульні. Ну, што ж, час і папараць-кветку шукаць?.. Яна быццам недзе і мільгане (калі хто заўважыў). Але ж ці хто напраўду здолеў знайсці вось такое міфічнае шчасце? Хутчэй, беларусам на яго трэба працаваць старанна і мэтанакіравана. Так ужо павялося, што наша, беларускае шчасце, стагоддзямі здабывалася на зямлі потам і крывёю... Сімвалічны абрад паразумення з зямлёй — самы драматычны. Бо ў ахвяру прыносяць прыгожую, вытанчаную дзяўчыну-Купала (артыстка Соф’я Казлова) — яна як кветка на дыване з травы і камення. Была — і сышла ў нябыт, каб астатнія маглі радавацца жыццю, не стрымліваючы сябе ў забавах, пакуль не ўзыдзе сонца (у гэтым спектаклі мае значэнне праца мастака па святлу Івана Антанюка). І людзі далей пойдуць жыць сваё жыццё, заручыўшыся спагадай міфічных сіл — да наступнага вогнішча... 

Пераказ харэаграфічнай пастаноўкі — няўдзячная справа. А тым больш, калі ўсе рухі ідуць ад музыкі — яна дае грунт для харэаграфіі, якая вырашана ў сучасным ключы. Такой вытанчанасці (як ад класічнага балету) чакаць не варта, ды і была б яна, напэўна не дарэчы, бо гаворка пра народнае свята з яго сімваламі. Але дакладна захочацца падумаць пра яго глыбокія вытокі і сэнсы: што з намі засталося дагэтуль, а што мы ў выніку рамантызуем (і чаму?). 

Радуе, што асалоду ад паходу ў тэатр дапамагае атрымаць беларуская музыка. Бо твор Лізаветы Лобан нібыта малюе вобразы — праз галасы (у тым ліку аўтэнтычныя), рытмы і яркія гукі (напрыклад, бубна), адчуваецца, што кампазітар адштурхоўвалася ад фальклору. Але стварыла самадастатковы сучасны твор, за выкананне якога варта падзякаваць аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора-пастаноўшчыка Марыны Траццяковай. Вядома, што кампазітар сыходзіла з гатовага лібрэта. Тэатру быў патрэбны балет на нацыянальную тэму — харэаграфічная пастаноўка Сяргея Мікеля закрывае гэты прабел. І тэма «Купалля», у прынцыпе, раскрытая.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю