Гастрольны тур уражвае сваім маштабам: у Беларусь прыбудзе дэлегацыя ў складзе 160 артыстаў, музыкантаў і тэхнічных спецыялістаў. Асаблівую сімвалічнасць паездцы надае той факт, што мастацкім кіраўніком тэатра з Сыктыўкара з’яўляецца малады таленавіты дырыжор — наш Юрый Дземідовіч. Яго ведае ўся Беларусь дзякуючы таму, што яшчэ хлопчыкам прадстаўляў нашу краіну на «Дзіцячым Еўрабачанні» ў 2009 годзе з песняй «Чароўны трусік». Але неўзабаве адмовіўся і ад «трусіка», і ад шляху папулярнага спевака, абраўшы выдатную музычную падрыхтоўку і шлях сур’ёзнага музыканта — скончыў Маскоўскую кансерваторыю. Некаторы час Юрый Дземідовіч быў дырыжорам Опернага тэатра Маскоўскай кансерваторыі, а ў лютым 2026-га стаў мастацкім кіраўніком Акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі.
Падчас гастроляў тэатр, творчае кіраўніцтва якім ажыццяўляе ўраджэнец Мінска, пакажа чатыры розныя пастаноўкі па сутнасці напаўнення — ад філасофскага да нацыянальнага. Тут будзе і сусветная класіка, і дзіцячы спектакль, і ўнікальная нацыянальная спадчына.
У прыватнасці, 20 лістапада адкрые гастролі балет «Крык». Гэта сучасная харэаграфічная драма ў пастаноўцы заслужанага артыста Расіі, лаўрэата прэміі «Залатая маска» Андрэя Мяркур'ева. Спектакль створаны па матывах філасофскага рамана Аляксандра Зіноўева «Ідзі на Галгофу» і паспеў ужо стаць візітоўкай сучаснага рэпертуару тэатра.Дзіцячую оперу «Дзюймовачка» кампазітара Яўгена Падгайца малыя з бацькамі могуць паслухаць 21 і 22 лістапада падчас ранішніх паказаў. Музычная казка створана паводле твора Ганса Хрысціяна Андэрсена.
Вечарам 21 лістапада дарослых чакае шэдэўр Джакома Пучыні опера «Чыа-Чыа-сан», кранальная гісторыя кахання і вернасці.
Разынка гастроляў — нацыянальны балет «Яг-Морт», які можна паглядзець вечарам 22 лістапада. Легендарнаму твору кампазітара Якава Перапяліцы сёлета 65 гадоў. Прыемна даведацца, што музыка з’явілася дзякуючы спрыянню дырыжора і кампазітара Мікалая Клаўса, ураджэнца Магілёўшчыны, які апынуўся далёка ад радзімы не па сваёй волі. Спектакль заснаваны на старажытных паданнях народа комі, прасякнуты паўночнай міфалогіяй, маляўнічымі народнымі мелодыямі і апавядае пра вечнае супрацьстаянне дабра і зла. І для нас карысна пабачыць, як ставяць балеты, нацыянальныя па змесце, у іншых тэатрах.
Выступленні на галоўнай акадэмічнай пляцоўцы краіны — у Вялікім тэатры Беларусі — стануць выдатнай магчымасцю для мінчан і гасцей сталіцы бліжэй пазнаёміцца з самабытнай культурай паўночных народаў і высокім выканальніцкім майстэрствам сыктыўкарскай трупы. Візіт расійскага калектыву ў беларускую сталіцу стаў вынікам дамоўленасцяў аб умацаванні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і праходзіць у рамках Дзён культуры Рэспублікі Комі ў Мінску.
Ларыса ЦІМОШЫК