Top.Mail.Ru

Нацыянальны банк і Расфінманіторынг развіваюць супрацоўніцтва

 Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і Федэральная служба па фінансавым маніторынгу Расійскай Федэрацыі (Расфінманіторынг) дамовіліся аб больш цесным узаемадзеянні ў сферы супрацьдзеяння адмыванню злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму. 


Мемарандум аб узаемаразуменні бакі падпісалі 22 мая 2026 года ў Ашхабадзе намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Ілона Лядніцкая і дырэктар Расфінманіторынгу Юрый Чыханчын. Важны дакумент быў заключаны на палях 44-га Пленарнага тыдня Еўразійскай групы па процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму.

Як растлумачылі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка, мемарандум прадугледжвае развіццё супрацоўніцтва ў сферы супрацьдзеяння адмыванню даходаў, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага паражэння. У цэнтры ўвагі — наглядная дзейнасць у фінансавай сферы. 

Работа будзе выбудавана па некалькіх напрамках: абмен профільнай інфармацыяй, перадавымі практыкамі нагляду, вынікамі даследаванняў рызык і новых схем адмывання грошай. Бакі маюць намер сумесна выпрацоўваць меры па зніжэнню пагроз і ўдасканаленню механізмаў процідзеяння ім, а таксама праводзіць канферэнцыі, семінары і іншыя сумесныя мерапрыемствы. Падпісаны дакумент стаў яшчэ адным крокам ва ўмацаванні фінансавай бяспекі на прасторы Саюзнай дзяржавы.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю