У Беларусі вызначаны мэтавыя паказчыкі для банкаў, якія накіраваны на дасягненне прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у 2026 годзе. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Праўлення Нацбанка, паведамілі ў прэс-службе рэгулятара.
У прыватнасці, для банкаў устаноўлены чатыры мэтавыя паказчыкі: прырост аб’ёму інвестыцыйнага фінансавання — не менш за 13 %; доля спажывецкіх крэдытаў на набыццё тавараў беларускіх вытворцаў у агульным аб’ёме спажывецкага крэдытавання — не менш за 12 % і не ніжэй за ўзровень, які склаўся за 2025 год; прырост рэшткаў тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у беларускіх рублях з тэрмінам вяртання больш за адзін працэнт; фарміраванне рэшткаў безадзыўных банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у беларускіх рублях з тэрмінам вяртання больш за тры гады ў рэштках тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у беларускіх рублях з тэрмінам вяртання больш за адзін год — не менш за 2,5 %.
Таксама ў мэтах павышэння ўзроўню ўцягнутасці банкаўскага сектара ў эканамічныя працэсы ў 2026 годзе банкам неабходна прыняць меры, накіраваныя на забеспячэнне прыросту патрабаванняў банкаў да эканомікі на ўзроўні не менш за 9 %; развіццё інвестыцыйнага фінансавання, уключаючы садзейнічанне суб’ектам гаспадарання ў рэалізацыі перспектыўных праектаў шляхам распрацоўкі і прапановы крэдытных і іншых фінансавых прадуктаў, а таксама аказання кансультацыйных і (або) інфармацыйных паслуг; павелічэнне долі безнаяўных аперацый па суме ў аб’ёме аперацый з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак у залежнасці ад долі безнаяўных аперацый па суме, дасягнутай банкам за 2025 год; павышэнне ўзроўню лічбавізацыі банкаўскіх паслуг. Апошні прадугледжвае павелічэнне долі дагавораў, заключаных з выкарыстаннем сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, у агульнай колькасці дагавораў банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) з фізічнымі асобамі — не менш за 50 %, спажывецкіх крэдытаў — не менш за 42 %; банкаўскіх гарантый у электронным выглядзе ў агульнай колькасці банкаўскіх гарантый — не менш за 57 %.
Як запэўнілі ў Нацбанку, прынятае рашэнне будзе садзейнічаць устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю Рэспублікі Беларусь у 2026 годзе.