Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі, Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі Уладзіслаў Татарыновіч расказаў «Звяздзе» аб высокім узроўні нашай краіны ў міжнародным рэйтынгу краін па дасягненні Мэт, аб прагрэсе ў рэалізацыі Парадку дня-2030 і ўплыве на яго міжнароднага становішча.
Прагрэс — 82 %
— Уладзіслаў Вікенцьевіч, Беларусь у 2025 годзе заняла 32-е месца са 167 краін у міжнародным рэйтынгу па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Чым, на Ваш погляд, тлумачыцца прагрэс Беларусі?
— 32-е месца сярод 167 краін свету — гэта вельмі добры вынік. Такое высокае месца ў рэйтынгу вызначана для нас міжнароднымі экспертамі. Міжнародная ацэнка нашай работы сведчыць, што Беларусь знаходзіцца ў групе краін-лідараў па тэме ўстойлівага развіцця.
Хацеў бы вылучыць тры галоўныя фактары, якія ляжаць у аснове поспеху Беларусі.

Па-першае, гэта палітычная прыхільнасць нашай краіны да ўстойлівага развіцця. Вельмі важна, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў асабісты ўдзел у памятным саміце ААН 2015 года, на якім быў прыняты Парадак устойлівага развіцця на перыяд да 2030 года з 17 мэтамі ўстойлівага развіцця. У сваім выступленні на саміце Кіраўнік дзяржавы выказаў падтрымку прымаемага парадку і выказаў гатоўнасць нашай краіны да эфектыўнай работы на нацыянальным узроўні па яго рэалізацыі.
Па-другое, на нацыянальным узроўні створана эфектыўная інстытуцыянальная архітэктура па кіраванні працэсам дасягнення Мэт. З мая 2017 года ў краіне дзейнічае, я б сказаў, свайго роду ўнікальны механізм, фармалізаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 181, у які ўваходзяць Нацыянальны каардынатар, Савет па ўстойлівым развіцці, які складаецца з прадстаўнікоў усіх міністэрстваў і ведамстваў, міжведамасныя і рэгіянальныя рабочыя групы, Парламенцкая і Партнёрская групы, Грамадскі савет і Інстытут маладзёжных паслоў Мэт. Немалаважна, што механізм функцыянуе ў цеснай каардынацыі з агенцтвамі сістэмы ААН, прадстаўленымі ў нашай краіне.
У цэлым такая форма дазваляе забяспечыць вертыкальную і гарызантальную каардынацыю ўсёй работы па тэме Мэт у нашай краіне. Вынікі работы па рэзультатах кожнага года дакладваюцца Кіраўніку дзяржавы.
Па-трэцяе, прагрэс Беларусі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця тлумачыцца глыбокай інтэграцыяй прынцыпаў устойлівага развіцця ва ўсе сферы жыццядзейнасці. Гэта знаходзіць сваё адлюстраванне, перш за ўсё, у ключавых нацыянальных праграмных дакументах — Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026—2030 гады, Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2040 года, дзяржпраграмах па ўсіх кірунках — ад аховы здароўя і адукацыі да прамысловасці і экалогіі. Такі падыход, у сваю чаргу, забяспечвае мэтавае фінансаванне, маніторынг і адказнасць канкрэтных выканаўцаў як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўнях.
Так, на сённяшні дзень, прагрэс рэалізацыі Беларуссю Парадку-2030 ацэньваецца ў 82 %. Пры гэтым мы дасягнулі лідзіруючых пазіцый па такіх мэтах, як ліквідацыя галечы (Мэта 1), ліквідацыя голаду і забеспячэнне харчовай бяспекі (Мэта 2), гендарная роўнасць (Мэта 5), чыстая вада і санітарыя (Мэта 6), годная праца і эканамічны рост (Мэта 8) і захаванне экасістэм сушы (Мэта 15).
Мы прадставілі дасягненні сваёй работы ў ліпені ў ААН у рамках Трэцяга нацыянальнага добраахвотнага даклада па Мэтах. Наш даклад атрымаў мноства пазітыўных ацэнак.
Што абмяжоўвае прагрэс?
— Як бягучая міжнародная абстаноўка ўплывае на працэс дасягнення Беларуссю Мэт устойлівага развіцця?
— Міжнародная абстаноўка, безумоўна, аказвае прамы ўплыў на працэс дасягнення Мэт устойлівага развіцця не толькі ў самой Беларусі, але і ў свеце ў цэлым. Аб гэтай узаемасувязі вельмі празорліва гаварыў Прэзідэнт Беларусі больш за 10 гадоў таму, выступаючы на саміце ААН 2015 года. Яго тэзіс, што «без міру і бяспекі не можа быць устойлівага развіцця» сёння актуальны як ніколі раней. Сапраўды, прагрэс усіх краін свету па дасягненні Мэт ацэньваецца ў цэлым на ўзроўні да 30 %. Войны, канфлікты, незаконныя санкцыі абмяжоўваюць прагрэс краін па рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, а ў некаторых месцах — наогул зводзяць яго на нішто.
У гэтых складаных міжнародных умовах наш вопыт заслугоўвае асаблівай увагі, паколькі, нягледзячы на незаконны санкцыйны ціск з боку недружалюбных заходніх краін, Беларусі ўдаецца дэманстраваць высокія вынікі па Мэтах на нацыянальным узроўні.
Важным па тэме ўстойлівага развіцця з’яўляецца стратэгічнае партнёрства з Расійскай Федэрацыяй. Так, у 2025 годзе прадоўжылася рэалізацыя буйнога праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт» на 2023—2026 гады, донарам якога выступае Расія. Больш за тое, дасягнута прынцыповая дамоўленасць з расійскім бокам аб прадаўжэнні гэтага праекта на наступны цыкл — 2027—2030 гады. Гэта сведчыць аб высокай ацэнцы нашай работы і даверы.

Мы таксама актывізуем дыялог па лініі Мэт з іншымі канструктыўнымі партнёрамі — Кітаем, Індыяй, краінамі — членамі СНД і ШАС. Наш падыход заключаецца ў дыверсіфікацыі супрацоўніцтва і апоры на правераных партнёраў.
Паралельна мы развіваем плённае ўзаемадзеянне са структурамі сістэмы ААН. Зусім нядаўна, 30 снежня 2025 года, была падпісана новая рамачная праграма супрацоўніцтва Беларусі і ААН у галіне ўстойлівага развіцця на 2026—2030 гады. У ёй вызначаны стратэгічныя прыярытэты, якія ў поўнай меры сінхранізаваны з нацыянальнымі прыярытэтамі Беларусі — Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2040 года і Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026—2030 гады, якая была прынята 19 снежня мінулага года на пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу. Акрамя таго, у 2025-м былі зацверджаны новыя краінавыя праграмы ПРААН, ЮНІСЕФ і ЮНФПА на чарговы пяцігадовы перыяд.
Важным момантам нашай работы па Мэтах на міжнародным узроўні з’яўляецца ўдзел у адпаведных міжнародных мерапрыемствах, дзе мы акцэнтуем увагу на сваіх поспехах і актыўна выказваемся пра фактары, якія перашкаджаюць прагрэсу ў справе дасягнення Мэт.
Рэгіянальны вектар
— Якія формы былі характэрныя для работы па Мэтах, у тым ліку на мясцовым узроўні, у 2025 годзе?
— Летась работа па Мэтах набыла практычны характар з фокусам на канкрэтныя мерапрыемствы ў рэгіёнах. Арганізаваны сумесныя выезды Нацыянальнага каардынатара, прадстаўнікоў краінавай каманды ААН і Пасольства Расіі ў Беларусі ў нашы вобласці.
Так, візіты ў Брэсцкую, Магілёўскую і Віцебскую вобласці мелі на мэце некалькі задач: маніторынг работы па распрацоўцы і ходзе рэалізацыі рэгіянальных стратэгій устойлівага развіцця, дыялог з мясцовымі ўладамі і іншымі мясцовымі партнёрамі аб прыярытэтах іх дзейнасці, а таксама дэманстрацыя рэальных дасягненняў і патрэб на месцах. Для партнёраў з сістэмы ААН гэтыя візіты сталі ўнікальным акном у рэальную Беларусь. Яны змаглі на свае вочы ўбачыць не толькі сацыяльна-эканамічныя дасягненні рэгіёнаў, але і іх багатую гісторыка-культурную спадчыну, ацаніць інфраструктурныя аб’екты, пагутарыць з мясцовымі жыхарамі.
Важным мерапрыемствам у мінулым годзе стаў запуск і рэалізацыя пілотных ініцыятыў у рэгіёнах. Так, у рамках конкурсу, праведзенага пры падтрымцы вышэйзгаданага расійскага праекта тэхнічнай дапамогі, быў адабраны і прафінансаваны 21 праект ва ўсіх шасці абласцях краіны з агульным фінансаваннем амаль 400 тысяч долараў.

Хачу адзначыць, што ўсе праекты носяць канкрэтны, прыкладны характар: стварэнне інклюзіўных прастор і інтэграцыя ў грамадства людзей з інваліднасцю і пажылых грамадзян, развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва, адукацыйныя праграмы для моладзі, накіраваныя на павышэнне яе актыўнасці. Гэтыя праекты наўпрост спрыяюць паляпшэнню якасці жыцця людзей і рэалізуюць ключавы прынцып Парадку-2030 «нікога не пакінуць у баку».
Яшчэ адной характэрнай формай работы мінулага года стала правядзенне буйных рэгіянальных форумаў па ўстойлівым развіцці — у Брэсце, Магілёве, Оршы, Гомелі, якія сталі пляцоўкамі для стратэгічнага дыялогу паміж уладай, бізнесам, навукай і грамадскасцю. Запланаваны таксама аналагічныя мерапрыемствы ў Мінскай і Гродзенскай абласцях, якія адбудуцца ў студзені і лютым 2026 года адпаведна.
Такім чынам, увесь комплекс формаў нашай работы на мясцовым узроўні стаў дадатковым укладам у падтрымку нацыянальных намаганняў у галіне ўстойлівага развіцця, а таксама развіцця пазітыўнай грамадзянскай ініцыятывы па інтэграцыі найбольш уразлівых слаёў грамадства.
Ідэі МУР — даступнай і сучаснай мовай
— Якую ролю ў прасоўванні Мэт адыгрывае моладзь?
— Моладзь у Беларусі з’яўляецца не проста адной з мэтавых груп, а важным «гульцом» у прасоўванні Мэт устойлівага развіцця. У рамках нашага нацыянальнага механізму па Мэтах мы выбудавалі цэласную сістэму для раскрыцця патэнцыялу маладых людзей у гэтай сферы. Яе цэнтральным элементам з’яўляецца ўнікальны інстытут маладзёжных паслоў Мэт.

У снежні 2025 года пад эгідай Міністэрства адукацыі і Нацкаардынатара мы правялі конкурс ужо пятага, юбілейнага склікання. Удзел у ім прынялі 94 студэнты з 25 ВНУ краіны, якія прадставілі глыбокія канцэпцыі па рэалізацыі 17 Мэт устойлівага развіцця. На конкурснай аснове былі выбраны 17 новых паслоў і 15 іх дублёраў на 2026—2027 гады. Наяўнасць дублёраў дэманструе высокую запатрабаванасць гэтага інстытута сярод моладзі.
Хацеў бы пазітыўна адзначыць уклад у нашу агульную працу паслоў 4-га склікання, якія правялі каласальную работу, рэалізаваўшы больш за 80 мерапрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах.
Пры гэтым хацеў бы падкрэсліць, што роля моладзі шматгранная.
Па-першае, яны выступаюць як папулярызатары. Так, праз рэспубліканскія праекты «Урокі ўстойлівага развіцця», конкурсы «Дзеці аб Мэтах», інтэрактыўныя квэсты і медыяфестывалі маладзёжныя паслы даносяць ідэі Мэт да сваіх аднагодкаў даступнай і сучаснай мовай, а таксама папулярызуюць на сваім узроўні Нацыянальныя дасягненні ў галіне ўстойлівага развіцця і падтрымку дзяржавай інтарэсаў моладзі.
Па-другое, моладзь з’яўляецца генератарам ідэй і выканаўцам канкрэтных спраў, удзельнічаючы ў праектах «Устойлівы ўніверсітэт» і рэалізуючы ўласныя лакальныя ініцыятывы.
Па-трэцяе, і гэта вельмі важна, маладыя людзі прадстаўляюць Беларусь на прэстыжных міжнародных пляцоўках, такіх як Сусветны фестываль моладзі ў Сочы або форумы СНД, даносячы голас беларускай моладзі да сусветнай супольнасці.
Нарэшце, яны таксама з’яўляюцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі пасяджэнняў Савета па ўстойлівым развіцці, эфектыўна ўдзельнічаючы ў яго пасяджэннях, уносячы новыя ідэі і ініцыятывы.
У цэлым, нашай моладзі, уцягнутай у работу па прасоўванні Мэт устойлівага развіцця, уласцівыя такія важныя якасці, як патрыятызм, лідарства, крэатыўнасць, актыўнасць, што, безумоўна, спрыяе фарміраванню вобраза Рэспублікі Беларусь як сучаснай, прагрэсіўнай і адказнай дзяржавы.
Задачы на заўтра
— І на заканчэнне хацелася б спытаць, якія асноўныя задачы і мерапрыемствы па лініі Нацыянальнага каардынатара запланаваны на 2026 год?
— План работы на 2026-ы сфакусіраваны на паглыбленні дасягнутых вынікаў, далейшай лакалізацыі Мэт у рэгіёнах і актыўным прасоўванні беларускага вопыту на міжнароднай арэне.
Сярод асноўных задач на рэгіянальным узроўні — завяршэнне работы па прыняцці і запуску ўсіх рэгіянальных стратэгій устойлівага развіцця. Будзе працягнута рэалізацыя пілотных ініцыятыў.
Мы таксама працягнем практыку тэматычных пасяджэнняў Савета па ўстойлівым развіцці, канцэнтруючыся на вузлавых пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Плануем правесці ўжо традыцыйнае для красавіка пасяджэнне па тэме аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У маі плануем арганізаваць пасяджэнне адносна ролі жанчын ва ўстойлівым развіцці ў Беларусі ў святле аб’яўленага Кіраўніком дзяржавы Года беларускай жанчыны ў нашай краіне ў 2026-м і поспехаў дасягнення Мэты 5. Пасяджэнне савета таксама павінна адбыцца ў верасні адносна ходу выканання НСУР-2040.
Цэнтральнай міжнароднай падзеяй года па лініі Мэт стане правядзенне ў Мінску ў чэрвені 2026 года форуму па ўстойлівым развіцці ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з удзелам нацыянальных каардынатараў па МУР дзяржаў—членаў гэтай арганізацыі. Такі тэматычны форум ШАС пройдзе ўпершыню. Гэта мерапрыемства заклікана ўмацаваць шматбаковае супрацоўніцтва па дасягненні Мэт устойлівага развіцця сярод дзяржаў-аднадумцаў.
Такім чынам, задачы 2026 года носяць комплексны характар: ад канкрэтнай работы на месцах да правядзення буйных міжнародных форумаў, што дазволіць і далей умацоўваць пазіцыі Беларусі як адказнага і эфектыўнага ўдзельніка глабальных намаганняў па пабудове ўстойлівай, мірнай і справядлівай будучыні.