Калісьці мы падступаліся да Палесся. І была прынята праграма па адраджэнні Палесся. Як у нас, у чыноўнікаў, бывае: паварушыліся туды-сюды і на гэтым скончылі. Нешта зрабілі, чагосьці няма. Трэба вярнуцца да гэтага пытання. І не распыляць сродкі. Ураду каманду даў, каб мы сканцэнтраваліся на нейкіх буйных праектах і накіроўвалі туды сродкі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадчас рабочай паездкі ў Пінскі раён Брэсцкай вобласці
1 кастрычніка 2024 года
Найважнейшае значэнне для Гомельскага і Брэсцкага рэгіёнаў набыла зацверджаная праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025–2030 гады. Дакумент распрацаваны ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Рэалізацыя дзяржпраграмы накіравана на рост дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва, развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, фарміраванне камфортнага асяроддзя пражывання, захаванне кадравага патэнцыялу і ўнікальных культурных складнікаў рэгіёнаў. Сярод мэт дзяржпраграмы развіцця ў тым ліку — фарміраванне доўгатэрміновай асновы ўстойлівага росту эканомікі.
Па даных на 1 студзеня 2024 года колькасць насельніцтва раёнаў Прыпяцкага Палесся склала больш як 345 тысяч чалавек (3,8 % насельніцтва Беларусі), у тым ліку гарадскога — больш як 167 тысяч чалавек і больш як 178 тысяч вяскоўцаў. Агульная плошча раёнаў Прыпяцкага Палесся — 24,1 тысячы квадратных кіламетраў, або 11,6 % плошчы краіны.
Дзяржпраграмай акрэслены пункты далейшага развіцця тэрыторый. Сярод іх — павышэнне эфектыўнасці выкарыстання ўнікальнага прыродна-рэсурснага патэнцыялу, умацаванне прамысловага комплексу, укараненне найлепшых практык работы на зямлі, фарміраванне камфортнага асяроддзя, якое спалучае асаблівасці і перавагі сельскага ўкладу жыцця з гарадскімі стандартамі інфраструктурнага ўладкавання і сэрвіснага абслугоўвання.
Праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся, разлічаная на найбліжэйшую пяцігодку, прынята Саветам Міністраў сумесна з Гомельскім і Брэсцкім аблвыканкамамі. Як нагадаў старшыня камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Міхаіл Акунец, на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна ў праграму ўключана пяць раёнаў: Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі і Ельскі.
— У гэтых раёнах людзі пражываюць у асноўным у сельскай мясцовасці. Праграма ахоплівае ўсе сферы дзейнасці. Гэта развіццё і прамысловага патэнцыялу раёнаў, і лясных рэсурсаў, якімі багатыя гэтыя тэрыторыі, і будаўнічай галіны, і сацыяльнай сферы — адукацыі, аховы здароўя, і турызму, у тым ліку задзейнічаны патэнцыял і нашай жамчужыны — ракі Прыпяць, — звярнуў увагу Міхаіл Акунец. — Кожны кірунак праграмы прадугледжвае канкрэтныя мерапрыемствы. Цяпер мы сумесна з Брэсцкім аблвыканкамам і Міністэрствам эканомікі распрацоўваем дарожную карту для рэалізацыі ўсіх адзначаных кірункаў, дзе будуць больш дэталізаваны мерапрыемствы ў кожнай сферы дзейнасці, вызначаны крыніцы фінансавання. Самым важным індыкатарам дадзенай праграмы павінна стаць паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, у тым ліку рост заработнай платы, развіццё аб’ектаў працы і адпачынку.
Для забеспячэння выканання задач праграмы будуць задзейнічаны дадатковыя рэзервы росту зыходзячы з патэнцыялу і канкурэнтных пераваг канкрэтных тэрыторыі. Для гомельскага Палесся, напрыклад, пункты росту звязаны з рэалізацыяй інвестпраектаў, накіраваных на павышэнне лакалізацыі, паглыбленую перапрацоўку мясцовых сыравінных рэсурсаў. Перспектыўны кірунак для развіцця палескіх раёнаў Гомельшчыны — аграэкатурызм як від адпачынку, які шырока запатрабаваны і беларускімі, і замежнымі турыстамі.
фота аўтара