Якія новыя тэхналогіі выкарыстоўваюць беларускія хлебапёкі для павелічэння тэрміну прыдатнасці прадукцыі, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ірына Баранцэвіч падчас Міжнароднага сімпозіуму хлебапёкаў на палях PRODEXPO-2026, перадае БелТА.
Сумесна з навукоўцамі распрацаваны такія тэхналогіі, як замарожванне хлебабулачных вырабаў, аднаступеньчатая і двухступеньчатая цеплавая стэрылізацыя, стэрылізацыя спіртам, мадыфікаванае газавае асяроддзе. «Гэтыя тэхналогіі дазваляюць павялічыць тэрмін прыдатнасці прадукцыі да трох-шасці месяцаў. Гэта ўжо цікава на замежных рынках», — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці.
Цяпер унутраны рынак Беларусі забяспечаны шырокім асартыментам хлебабулачных вырабаў у поўным аб’ёме. У краіне дзейнічаюць прадпрыемствы сістэмы Мінсельгасхарчу, размешчаныя ва ўсіх рэгіёнах, прадпрыемствы Белкаапсаюзу — пякарні і заводы ў раённых цэнтрах, а таксама шэсць вытворчых пляцовак «Мінскхлебпрама», якія забяспечваюць насельніцтва разнастайнай прадукцыяй.
Акрамя таго, актыўна развіваюцца вытворчыя аб’екты ў гандлёвых сетках. «Хлебапёкі нашай краіны — вялікія малайцы: змаглі ў 99 працэнтах выпадкаў захаваць натуральнасць працэсаў браджэння і закваскі. І нездарма наш хлеб з’яўляецца брэндам, візітнай карткай Беларусі. Многія, з’язджаючы з нашай краіны, вязуць у якасці сувеніра беларускі заварны хлеб», — падкрэсліла спікер.
Паводле слоў Ірыны Баранцэвіч, сімпозіум і мерапрыемствы ў яго рамках дазваляюць пазнаёміцца з новымі дасягненнямі, інавацыямі ў сучасных тэхналогіях, абсталяванні, сыравіне, матэрыялах, абмяняцца досведам і ўстанавіць узаемавыгадныя кантакты.