Top.Mail.Ru

Навагоднія канікулы ў Беларусі: чым расіян прываблівае наша краіна

Многія расіяне навагоднія святы лічаць за лепшае праводзіць у беларускіх здраўніцах. Які адпачынак выбіраюць госці з Расіі, карэспандэнту БелТА расказала дырэктар размешчанага каля Брэста санаторыя «Сонечны» Ала Дабрыянец.



Яна звярнула ўвагу, што больш за 60 працэнтаў адпачывальнікаў апошнім часам — гэта замежнікі, у тым ліку грамадзяне Азербайджана, краін Балтыі і Заходняй Еўропы. Сярод замежных гасцей значная колькасць расіян. «У перыяд летніх і зімовых канікулаў колькасць расіян можа дасягаць і 70%. Яны любяць адпачынак у санаторыі. Ад нас усяго 6 кіламетраў да Брэста. Зручна: недалёка ад горада, але вакол цішыня і чыстае паветра, хваёвы бор, дэльта дзвюх рэк — Мухаўца і Лясной. — Актыўна сталі карыстацца самалётамі. Масква, Санкт-Пецярбург — гэта ўвесь час. Прылятаюць госці і з іншых гарадоў, людзі арыентаваны на авіязносіны», — адзначыла Ала Дабрыянец. Нямала турыстаў карыстаюцца цягнікамі і асабістым транспартам.

Па аздараўленне і ўражанні на захад Беларусі едуць жыхары з розных куткоў Расіі, у тым ліку з Хабараўска, Магадана, Мурманска, Архангельска. У санаторыі арганізоўваюць для турыстаў паездкі ў Брэст — на шопінг, розныя экскурсіі. У топе ў расійскіх гасцей наведванне гандлёвых цэнтраў, Брэсцкая крэпасць і яе пяты форт, пешаходная вуліца Савецкая са знакамітым брэсцкім ліхтаршчыкам, Белавежская пушча, манастырская вёска ў Пружанскім раёне.

«Людзі хочуць убачыць, як жыве Беларусь, і застаюцца вельмі задаволеныя. Вязуць з сабой дамоў сувеніры, вырабы рамеснікаў, нашу прадукцыю. У гасцей ёсць магчымасць пагуляць, убачыць гістарычныя помнікі, атрымаць асалоду ад прыроды, пагутарыць з Дзедам Марозам. З-за гэтага многія прыязджаюць на навагоднія святы. Зручна адпачыць, аздаравіцца, атрымаць фізіятэрапеўтычныя працэдуры (а яны ў нас „прасунутыя“). Актыўна развіваецца касметалогія, што вельмі любяць расіяне», — расказала дырэктар санаторыя.

Любяць адпачывальнікі з Расіі добра і смачна паесці. У меню здраўніцы абавязкова ўключаюць стравы беларускай нацыянальнай кухні, а святочны стол не абыходзіцца без традыцыйных навагодніх страў. «У нас ёсць прыхільнікі, якія запісваюцца з году ў год. Наогул, браніраванне пачынаецца з лета. Засталося зусім мала вакантных месц. Мы праводзім цікавыя музычныя праграмы: з Дзедам Марозам, з выступленнем артыстаў, з банкетам у традыцыйным стылі. Стол — па-хатняму. На наступны дзень, як правіла, у нас выступаюць артысты-народнікі», — адзначыла суразмоўніца.

Як паведамілі ва ўпраўленні спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкая вобласць на працягу ўсяго года карыстаецца павышаным попытам у расіян. Сярод замежных турыстаў, якія наведваюць рэгіён, каля 90% — з Расійскай Федэрацыі. Паводле слоў начальніка Брэсцкага філіяла ДП «Белаэранавігацыя» Аляксандра Дакучыца, у студзені—кастрычніку гэтага года на рэйсах Брэст—Масква і Брэст—Санкт-Пецярбург абслужана больш як 33 тыс. пасажыраў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю