Нацыянальны парк «Прыпяцкі» аб’явіў аб старце з 13 снежня традыцыйнай навагодняй забаўляльнай праграмы «У гасцях у Палескага Зюзі ў навагоднім сафары-парку». Пра гэта паведамляе SB.by.
У нацпарку паінфармавалі:
— Акунуцца ў навагоднюю казку і чараўніцтва ў маёнтку Палескага Зюзі можна будзе з 13 снежня па 11 студзеня, працягласць святочнай праграмы складзе 2,5–3 гадзіны.
У рамках забаўляльнай праграмы наведвальнікаў нацыянальнага парку чакае знаёмства з Палескім Зюзем — палескім Дзедам Марозам, яго прыгажуняй Унучкай і казачнымі персанажамі, экскурсія па «сафары-парку» — парку дзікіх жывёл, дзе можна сустрэць ланяў, аленяў, кабаноў, ласёў, зайцоў, наведванне хаткі Ляснога Чараўніка, старажытнага гарадзішча і паляны жаданняў са скульптурамі славянскіх паганскіх багоў. Акрамя таго, для гасцей падрыхтавалі невялікую прыгоду ва ўладаннях Бабы Ягі і Кікімары, знаёмства з Лесавіком і яго падсобнай гаспадаркай: ручнымі аленямі, палескімі конікамі, насухамі, нутрыямі, баранчыкамі, трусамі, паўлінамі, фазанамі, дэкаратыўнымі курамі, гусямі, індычкамі. Абяцана незвычайна прыгожая навагодняя ёлка, а таксама танцы, песні, конкурсы, гульні, карагоды і сюрпрызы ад Палескага Зюзі і Унучкі, вытанчаныя пачастункі і гарачыя напоі ў Карчме Палескага Зюзі. На абсталяваных вогнішчах можна будзе пасмажыць сала або запекчы бульбу на вуглях. Не абыдзецца без памятных падарункаў і сувеніраў ад Палескага Зюзі. У якасці бонуса — вялікая ледзяная горка з ватрушкамі, сувенірная крама і фотасесія з казачнымі персанажамі.
Акрамя таго, у маёнтку ўстаноўлена спецыяльная паштовая скрыня для лістоў Зюзі. Усе ахвотныя могуць напісаць ліст з запаветнымі жаданнямі, а самыя цікаўныя маюць магчымасць пазнаёміцца з Палескім Зюзем, загадзя запісаўшыся на асабісты прыём.
У нацпарку штодзень будуць абслугоўваць некалькі груп, прадугледжаны і сямейныя наведванні. Пачатак праграмы «У гасцях у Палескага Зюзі ў навагоднім сафары-парку» ў буднія дні: для груп — у 10:00, 12:00, 14:00 і 15:00, для сем’яў — у 12:00 і 15:00; у выхадныя дні: для груп — у 10:00, 12:00, 14:00 і 16:00, для сем’яў — у 11:00 і 15:00. Адпраўленне ад Музея прыроды ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна.