Традыцыйна ў Палацы Незалежнасці падчас зімовых канікул праводзіцца серыя навагодніх спектакляў. Чацвёртага студзеня тут сабраліся некалькі сотняў дзяцей рознага сацыяльнага статусу, у тым ліку дзеці-сіроты, дзеці са шматдзетных і няпоўных сем’яў. Некаторыя з іх атрымалі магчымасць наведаць гэта святочнае мерапрыемства дзякуючы поспехам у вучобе, талентам і актыўнай грамадскай дзейнасці. Для дзяцей наведванне Палаца Незалежнасці стала сапраўдным навагоднім падарункам.
Упершыню сёлета арганізоўваць такое адказнае мерапрыемства даручылі Беларускаму дзяржаўнаму тэатру юнага гледача.
— Мы неверагодна рады гэтаму, таму што хто, як не мы, павінны ведаць, як зрабіць добрую казку для дзяцей, — адзначыла дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача Вера Палякова-Макей.
Напачатку маленькіх гасцей сустракалі казачныя персанажы — совы, ваўкі, эльфы, лісы, вавёркі і мядзведзі. За гэты кароткі час яны паспелі добра пасябраваць з дзецьмі: гулялі з імі ў даганялкі, праводзілі конкурсы, рабілі разам навагоднія паштоўкі, фатаграфаваліся ў сэлфі-люстэрку. Затым запрасілі паглядзець пастаноўку.
Спектакль быў пастаўлены пад жывы гук з удзелам вялікай колькасці артыстаў-прафесіяналаў, якія ўзаемадзейнічалі з гледачамі, імгненна рэагавалі на тое, што адбываецца ў зале. Яны хутка схапілі і трымалі глядацкую ўвагу на працягу ўсяго часу. Дарэчы, упершыню ў пастаноўцы ТЮГа быў выкарыстаны штучны інтэлект: відэа, якое суправаджала казку, зроблена ім цалкам.
Паколькі мерапрыемства праходзіла ў зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці, прадаставілася цудоўная магчымасць зрабіць не проста казку для дзяцей, а цэлы квэст. У фармаце гэтай залы, па словах Веры Паляковай-Макей, такі варыянт найлепшы для правядзення святочнага мерапрыемства.
— Стварыць тут атмасферу, як у тэатры, складаней, але нам, здаецца, удалося. Казка атрымалася добрая, захапляльная, пра сапраўднае сяброўства і любоў. Галоўны герой — хлопец, які сядзіць у глядзельнай зале і абсалютна такі ж, просты і шчыры, як тыя дзеці, якія прыйшлі сёння паглядзець пастаноўку.
Мілана Чачэрына і Дар’я Драйко прыехалі на мерапрыемства з Бабруйска. Для абедзвюх дзяўчынак запрашэнне паглядзець казку ў Палацы Незалежнасці стала прыемнай нечаканасцю:
— Бацькі сказалі, што мяне запрасілі паглядзець пастаноўку ў Мінску. Я вельмі ўзрадавалася, бо ніколі раней тут не бывала і нават не чакала, што будзе такая насычаная праграма: і майстар-класы, і магчымасць зрабіць фатаграфіі з любімымі персанажамі, і, вядома, пастаноўка, — адзначыла Мілана. — У адным з майстар-класаў я ўжо нават паспела паўдзельнічаць — зрабіла свечку сваімі рукамі. Я так рада, што адзін дзень сваіх канікул правяла тут, уражанняў хопіць надоўга!
— Мама сказала, што за выдатную вучобу ў школе мяне запрасілі ў Мінск у Палац Незалежнасці паглядзець пастаноўку, — расказала Дар’я. — Я была вельмі рада і хутчэй хацела трапіць сюды. Канешне, не чакала, што тут так прыгожа, святочна і што для арганізуюць квэсты і майстар-класы. Мне ўсё вельмі спадабалася. З нецярпеннем чакаю, калі раскажу бацькам, якая тут цудоўная атмасфера!
Для Вікторыі Паўлюкевіч з Вілейскага раёна запрашэнне наведаць Палац Незалежнасці ў святочны час стала сюрпрызам:
— Я тут ўпершыню. Па прыездзе, калі мы ўбачылі, што тут можна сваімі рукамі зрабіць маску, паштоўку або свечку, вельмі зацікавіліся. Я творчы чалавек, таму хачу паспець паўдзельнічасць ва ўсіх прапанаваных актыўнасцях!
Адзінаццацігадовая Ксенія Барада ў Палац Незалежнасці таксама прыехала ўпершыню. Для яе новы год пачаўся вельмі шчасліва: пад ёлкай знайшла ўсе жаданыя падарункі, а чацвёртага студзеня адправілася ў доўгачанае падарожжа ў Мінск, каб паглядзець пастаноўку ў Рэзідэнцыі Прэзідэнта:
— На такіх мерапрыемствах я ніколі раней не бывала. Цікава было глядзець пастаноўку, нават шкада, што так хутка праляцеў час. Вельмі насмяшылі мяне казачныя героі. Яны з намі і карагоды ўжо павадзілі, і сфатаграфаваліся. Хацелася паспець паўдзельнічаць ва ўсіх прапанаваных майстар-класах. Спадзяюся, я тут не ў апошні раз!
Напрыканцы мерапрыемства дзетак чакалі падарункі ад Прэзідэнта.
Фота аўтара