У Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшла літаратурная імпрэза, прысвечная Году беларускай жанчыны. Сваімі творчымі адкрыццямі дзялілася лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі празаік Алеся Кузняцова.
У апошнія гады ў Выдавецкім доме «Звязда», выдавецтве «Беларусь», а таксама ў Маскве пабачылі свет некалькі яе раманаў: «Когда трещит лед», «Русский пасодобль», «Свет за горами», «Кровь служанки», «Стамбульский ветер», «Медаль благородных», «Девушка в черной тунике»... Алеся Кузняцова так расказвае пра вытокі сваёй творчай пісьменніцкай дарогі: «...Я ўзначальвала прадзюсарскі цэнтр, рэжысіравала маштабныя праекты. Але калі пандэмія паставіла свет на паўзу, у надышоўшай цішыні я ўпершыню пачула той голас, якім цяпер гавару з чытачамі. Маім першым раманам стала кніга „Когда трещит лед“ — гісторыя пра ўнутраную трансфармацыю жанчыны. Мне захацелася напісаць праўдзівую гісторыю пра момант, калі звыклае жыццё дае трэшчыну...»
Арганізатары сустрэчы назвалі літаратурную імпрэзу «Натхненне ў кожным слове». І сапраўды, натхненне панавала ва ўтульнай зале Навагрудскай раённай бібліятэкі. Было і шмат пытанняў ад чытачоў, якія пазнаёміліся з раманамі Алесі Кузняцовай, была і аўтограф-сесія.
Саюз пісьменнікаў Беларусі працягвае арганізацыю творчых сустрэч пісьменніц-жанчын у розных рэгіёнах нашай краіны.
Мікола БЕРЛЕЖ