Як толькі з вуліц Наваполацка пачаў сыходзіць снег, камунальныя і дарожныя службы, прадпрыемствы і арганізацыі, а таксама жыхары горада з энтузіязмам прыняліся наводзіць парадак там, дзе яны жывуць і працуюць.
Матывацыяй для аб’яднання агульнай справай паслужыла тое, што па выніках Года добраўпарадкавання, якім, нагадаем, у Беларусі быў аб’яўлены 2025-ы, Наваполацк прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання сярод гарадоў першай катэгорыі — з насельніцтвам больш за 50 тысяч чалавек. Ён атрымаў пераходны вымпел і грашовую прэмію. Адзначаны высокі ўзровень добраўпарадкавання, азелянення, санітарнай ачысткі, мадэрнізацыя дваровых тэрыторый, асвятлення, абнаўленне транспартнай інфраструктуры, пастаяннае паляпшэнне гарадскога асяроддзя.
Перш за ўсё — памятныя месцы
Хоць Наваполацк — адзін з самых маладых гарадоў Беларусі, і да нядаўняга часу ён не меў непасрэднай гістарычнай і тэрытарыяльнай сувязі з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, яго жыхары шануюць памяць яе герояў і ахвяр.
Асаблівае месца займае мемарыяльны комплекс «Зорка», што знаходзіцца ў параўнальна нядаўна далучаным да горада мікрараёне Баравуха. Ён узведзены ў памяць больш як 18 тысяч загінулых у канцлагеры савецкіх воінаў і мясцовых жыхароў. Гэты мемарыял, а таксама помнік Ліліі Касцецкай, брацкія магілы воінаў-вызваліцеляў, знак у гонар партызанскага атрада «Смерць фашызму» і іншыя помнікі заўсёды знаходзяцца ў цэнтры першапачатковай увагі улады і грамадскасці. Так, летась быў выкананы рамонт са змяненнем канцэпцыі памятнай дошкі «Яны змагаліся за Радзіму», у належным стане падтрымліваюцца ўсе 16 мемарыяльных аб’ектаў. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі гараджане заклалі яблыневую алею каля храма Святога Архангела Міхаіла.
Сумеснымі намаганнямі
Шмат увагі было ўдзелена акультурванню месцаў масавага адпачынку, рэкрэацыі, стварэнню ўмоў для вядзення здаровага ладу жыцця, адзначыў старшыня Наваполацкага гарвыканкама Ігар БУРМІСТРАЎ.
— Важна, што свой унёсак ва ўладкаванне такіх аб’ектаў зрабілі не толькі спецыялізаваныя арганізацыі і прадпрыемствы горада, але і гараджане наогул. У навядзенні парадку ўдзельнічала больш як 500 калектываў суб’ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці. Летась былі арганізаваны маштабная працоўная акцыя, пяць суботнікаў, праведзены чатыры адзіныя дні добраўпарадкавання
з масавым удзелам насельніцтва. Вынік — выдатны, таму такая практыка працягнецца: першы агульнагарадскі суботнік пройдзе 28 сакавіка. Дарэчы, самых актыўных мы ўшанавалі і заахвоцілі як пераможцаў гарадскога агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне.
Талакой новапалачане добраўпарадкавалі лясны масіў, так званы Вымяральніцкі лес. Тут зрабілі пешаходныя дарожкі, уздоўж іх узвялі 75 апор асвятлення, зманціравалі сезоннае электразабеспячэнне, уладкавалі дзіцячае гульнявое абсталяванне, лаўкі і ўрны. Важкі ўнёсак зрабілі прадпрыемствы:
ААТ «Нафтан» устанавіла арку і шахматныя сталы, ААТ «Трэст № 16, г. Наваполацк» — тэнісны стол і лаўкі, «Измеритель» — інфармацыйныя ўказальнікі, завод «Палімір» — пераходны мосцік праз ручай, УП «Біямехзавод бытавых другрэсурсаў» — спартыўны гарадок, філіял «Наваполацкводаканал» УП «Віцебскводаканал» — трэнажоры. Да добраўпарадкавання актыўна падключыліся працоўныя і вучэбныя калектывы, асабліва КУП «ЖРЭА» і ПДУ імя Ефрасінні Полацкай.
Новае аблічча набылі таксама парк каля школы № 4, дзе была пакладзена тратуарная плітка, спартыўная пляцоўка каля дома № 137 па вуліцы Маладзёжнай — тут зроблена пакрыццё з гумавай дробкі, устаноўлены шматфункцыянальны сілавы комплекс, сеткаватая агароджа. У месцы масавага адпачынку на беразе Заходняй Дзвіны зманціравана асвятленне, усталяваны некалькі альтанак і мангалаў, дзіцячае гульнявое абсталяванне. На вуліцы Школьнай вырас «Дзіцячы гарадок», а на Азёрнай — пешаходная дарожка працягласцю больш за кіламетр.
Напярэдадні Новага года новапалачан парадавалі фігурныя светлавыя ілюмінацыі, якія стварылі святочны настрой у розных лакацыях горада.
Зачын на будучыню
Надзвычайную сацыяльную значнасць мела рэалізацыя пілотнага праекта па забеспячэнні горада электратранспартам і развіццём зараднай інфраструктуры.
У Наваполацк паступілі 26 электробусаў асабліва вялікай умяшчальнасці VІTOVT, для іх пабудаваны электразарадныя станцыі. Добраўпарадкавана тэрыторыя філіяла «АТП № 6 г. Наваполацка» ААТ «Віцебскаблаўтатранс», дыспетчарскай станцыі. Да таго ж заменены 13 павільёнаў на прыпыначных пунктах.
Зроблены зачын на бягучы год: распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на святлафорнае рэгуляванне шэрагу перакрыжаванняў, будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі каля дома № 66 па вуліцы Якуба Коласа. Распачаўся капітальны рамонт пуцеправода на вуліцы Блахіна — гэта самы буйны праект бягучага года, які плануецца рэалізаваць напрыканцы восені 2026-га.
— Безумоўна, сёлета работы па добраўпарадкаванні працягнуцца. Яны будуць датычыцца рамонту вулічна-дарожнай і асвятляльнай сеткі, арганізацыі ўтульных тэрыторый каля дамоў, уладкавання спартыўных, гульнявых зон у дварах, кантэйнерных пляцовак, у тым ліку для раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў, устаноўкі малых архітэктурных форм, падтрымання ў належным стане грамадзянскіх могілак, азелянення і высадкі кветак. Усім хочацца жыць у чысціні і прыгажосці — і кожны з нас можа ўнесці ў рэалізацыю такога жадання свой пасільны ўклад, — упэўнены Ігар Бурмістраў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА