Будаўніцтва Наваполацкага рэгіянальнага комплексу па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА) выйшла на фінальную стадыю. Аб гэтым паведаміў дырэктар УП «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў» Сяргей Вялюга, паведамляе БелТА.
Біямехзавод з’яўляецца адным з самых вялікіх прадпрыемстваў краіны, што займаюцца сартаваннем і перапрацоўкай адходаў. Тут рэалізуецца праект па будаўніцтве рэгіянальнага комплексу па абыходжанні з ЦКА. «Нам засталося выканаць невялікую частку будаўніча-мантажных работ па пракладцы пажарнай сігналізацыі і сістэмы пажаратушэння, таксама завяршаем работы па добраўпарадкаванні. Абсталяванне на комплексе ўстаноўлена розных вытворцаў. Каля 40 працэнтаў у вартасным выражэнні — гэта пастаўкі беларускіх вытворцаў. Цяпер адбываецца наладка абсталявання, настройка, і пасля гэтага мы пачнём непасрэдна тэхналагічныя выпрабаванні на вызначэнне вытворчых магутнасцяў. Плануем адкрыць гэты аб’ект у лістападзе», — расказаў кіраўнік прадпрыемства.

Ён падкрэсліў, што на комплексе прадугледжана 156 рабочых месцаў. «Каля 70 працэнтаў з іх зоймуць існуючыя рабочыя кадры Біямехзавода. Ужо вядзецца іх набор і падрыхтоўка», — падзяліўся Сяргей Вялюга.
Дырэктар прадпрыемства адзначыў, што на комплексе ў год будзе сартавацца 80 тыс. т ЦКА, перапрацоўвацца 10 тыс. т будаўнічых адходаў, 4 тыс. т буйнагабарытных драўляных адходаў, 4 тыс. т зялёнай масы пасля абкосу паркаў, а таксама 700 т біялагічных і медыцынскіх адходаў. Акрамя таго, праектам прадугледжана вытворчасць другасных гранул з поліэтылену высокага і нізкага ціску — да 500 тыс. т у год.
Біямехзавод займаецца поўным цыклам абыходжання з ЦКА — арганізацыяй месцаў часовага захоўвання, сартаваннем, перапрацоўкай больш як 22 відаў адходаў, уключаючы палімерныя і гумавыя. «Ёсць тры вытворчасці па перапрацоўцы адходаў і ПЭТ-бутэлькі, выпуску пясчана-палімерных вырабаў, перапрацоўцы зношаных шын. Рэгіянальны комплекс па абыходжанні з ЦКА дасць магчымасць нам значна пашырыць спектр па перапрацоўцы адходаў, прывесці аб’ект у сучасны тэхналагічны стан, прымяняць новыя тэхналогіі і метады як сартавання, так і перапрацоўкі адходаў. Комплекс будзе абслугоўваць гарады Полацк і Наваполацк, а таксама тры раёны — Полацкі, Расонскі і Ушацкі, а гэта каля 230 тыс. насельніцтва. Акрамя таго, сюды будуць паступаць з нашых прадпрыемстваў адходы, акрамя прамысловых», — сказаў Сяргей Вялюга.