Свет, на жаль, ужо неаднаразова паглыбляўся ў хаос. Колькасць крызісаў энергетычных, харчовых, палітычных, эканамічных, фінансавых вымяраецца дзясяткамі. Але жыццё працягвалася, у тым ліку і эканамічнае. Нявызначанасць нікому не падабаецца. Хоць, як высветлілася, тэзіс дастаткова спрэчны. Дырэктар Інстытута народнагаспадарчага прагназавання Расійскай акадэміі навук, членкарэспандэнт РАН Аляксандр Шыраў лічыць, што з прычыны свайго аб’ектыўнага гістарычнага развіцця Беларусь і Расія навучыліся пераадольваць любыя крызісы. Больш за тое, ён выказаў меркаванне, што эканамічныя ўлады (прынамсі, расійскія) з шампанскім сустракаюць любую турбулентнасць. Гэта іх стыхія, у якой яны сябе камфортна адчуваюць і з’яўляюцца прафесіяналамі. Ёсць канкрэтныя выклікі, праблемы, яны патрабуюць аператыўнага вырашэння. Метадалогія напрацаваная, інструментарый зразумелы, досвед назапашаны...
— Мы навучыліся пераадольваць любыя крызісы, але пакуль не ўмеем устойліва расці ў сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве, — упэўнены эксперт.

Ці магчыма гэта пры няўстойлівасці геапалітычнай і геаэканамічнай сітуацыі? Удзельнікі дыскурсу лічаць: так, ёсць магчымасць фарміравання адноснай эканамічнай устойлівасці на ўзроўні нацыянальных эканомік. Але неабходна мяняць светапогляд зыходзячы з новых рэалій.
— Неабходна ставіць стратэгічныя мэты, да якіх будзем ісці, незалежна ад знешніх фактараў, — перакананы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй Картун.
На яго думку, сёння складана і немагчыма прагназаваць тыя ці іншыя макраэканамічныя паказчыкі ў канкрэтных лічбах, з дакладнасцю два-тры знакі пасля коскі. Якім будзе курс нацыянальнай валюты?
Ці іншых валютных пар? Гэтага ніхто не ведае дакладна. Занадта шмат невядомых пераменных уплываюць на грашовыя адзінкі розных дзяржаў. Больш за тое, дырэктар НДЭІ Міністэрства эканомікі Наталля Берчанка адзначае, што цяпер павышаецца рызыка прагнозу, які сам выконваецца, калі тыя ці іншыя здагадкі самі па сабе ўплываюць на развіццё падзей. Скажам, калі эканамічныя ўлады мяркуюць той ці іншы рух пэўных паказчыкаў, то эканамічныя агенты пачынаюць рухацца па трэку да гэтага прагнозу. З аднаго боку, з’яўляецца магчымасць кіраваць чаканнямі і ўплываць на дзеянні эканамічных агентаў. З другога, гэта накладвае вялікую адказнасць на аўтараў прагнозу: калі ён не збываецца, то губляецца давер. А прадказваць будучыню сёння вельмі рызыкоўна для іміджу. Таму, мяркуе Андрэй Картун, неабходна пераходзіць да прынцыпу сцэнарных прагнозаў. Не безумоўна апісваць будучыню, а маляваць ландшафт, які складваецца, у залежнасці ад таго, ці адбудуцца тыя ці іншыя падзеі. І ў кожным выпадку тлумачыць інструменты, якія будзе прымяняць рэгулятар для дасягнення пастаўленых мэт нацыянальнай эканомікі.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Раман Бродаў перакананы, што з пункту гледжання сухой эканомікі праграмныя і сістэмныя дакументы паступова страчваюць сваю эфектыўнасць. Архітэктура сусветных палітыкі і эканомікі мяняецца занадта хутка, каб можна было дакладна распісаць нават агульныя алгарытмы дзеянняў на кароткатэрміновы перыяд. «Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця павінна ў першую чаргу выконваць тэрапеўтычную функцыю, гэты дакумент задае вектары і арыенціры, — упэўнены ён. — Дакумент дакладна вызначае прыярытэты, з’яўляецца інструментам зніжэння агульнай трывожнасці ў грамадстве, выкліканай сістэмнай знешняй нявызначанасцю». Таму, на думку Рамана Бродава, неабходна мяняць стаўленне да сістэмных дакументаў: успрымаць іх не як інструкцыю, а агульнае кіраўніцтва да дзеяння. Галоўнае — стратэгічныя мэты, а сродкі іх дасягнення могуць карэкціравацца ў залежнасці ад бягучай сітуацыі.
Намеснік старшыні праўлення Банка развіцця Дзмітрый Ярашэвіч падзяліўся досведам ацэнкі інвестыцыйных бізнес-планаў. Ён не ўтойваў, што заўсёды, а сёння асабліва, ёсць рызыкі акупнасці праекта на пэўным гарызонце.

Тэхналагічныя зрухі могуць вельмі хутка трансфармаваць дызайн цэлых галін і сегментаў эканомікі. Напрыклад, імклівае развіццё электроннага гандлю кардынальна змяніла пазіцыі гандлёвых цэнтраў і класічных фарматаў гандлю. І прадказаць усе трэнды практычна немагчыма. Але, па перакананні Дзмітрыя Ярашэвіча, гэта не з’яўляецца падставай для адмовы ад актыўнага інвесціравання. Аднак неабходна мяняць падыходы. У прыватнасці, Банк развіцця ацэньвае не толькі бізнес-план, але фактычна аналізуе ўзровень кваліфікацыі кіраўніцкай каманды, яе здольнасць знаходзіць рашэнне, калі неспрыяльныя рызыкі рэалізуюцца. Альбо нават узнікаюць форс-мажоры. Нявызначанасці пазбегнуць нельга, аднак неабходна ўмець кіраваць бізнесам і праектамі ў такім асяроддзі, аператыўна і адэкватна рэагаваць на новыя выклікі. Дзмітрый Ярашэвіч запэўніў: гэты падыход працуе. У Банка развіцця няма дрэнных даўжнікоў, якія не абслугоўваюць свае крэдытныя абавязацельствы. І гэта, улічваючы тое, што банк выступае ў якасці інстытуту развіцця, фінансуе праекты, у якіх узровень рызыкі вышэйшы, чым гатовы ўзяць на сябе камерцыйныя банкі і прамыя інвестары.

Аляксандр Шыраў перакананы: трэба не баяцца тэхналагічных зрухаў, а зыходзіць са здаровага сэнсу і наяўнасці рэсурсаў. Для эканамічнага росту і дабрабыту неабавязкова ўключацца ў гонку за лідарства ў галіне франтырных тэхналогій, як бы прывабна яны не выглядалі. «Трэба рэальна глядзець на магчымасці эканомікі», — папярэджвае Аляксандр Шыраў. Ён растлумачыў: ёмістасць унутранага рынку, нават з улікам інтэграцыйных аб’яднанняў, такіх як ЕАЭС, дае магчымасць акупіць шэраг праектаў пры правільнай іх арганізацыі. Аднак многія тэхналогіі патрабуюць вялізных укладанняў не толькі ў будаўніцтва новых вытворчых пляцовак, абсталяванне, а і набыццё кампетэнцый. Эканамічная эфектыўнасць такіх пачынанняў прадугледжвае найшырэйшы рынак збыту. Між тым рэстрыкцыі (спецыяліст запэўніў — усё пралічана матэматычна) мацней за ўсё працуюць менавіта ў сферы знешнеэканамічнай дзейнасці. Таму тэарэтычна можна асвоіць выпуск элементнай базы самага апошняга пакалення — праектнай нормы менш за 10 нанаметраў. Але ўнутраны попыт забяспечыць загрузку магутнасцяў літаральна на некалькі працэнтаў. Неабходна дамінаванне на сусветным рынку, а яно наўрад ці магчымае ў новых кірунках пры існуючай сітуацыі.
Аляксандр Шыраў не спрачаецца: неабходная дыверсіфікацыя экспарту.
«Але дыверсіфікацыя не праз прынцыповую змену структуры эканомікі, а праз трансфармацыю прынцыпаў знешнеэканамічнай дзейнасці», — перакананы эксперт. На яго думку, неабходна рэалізоўваць сістэмныя і буйныя праекты ў традыцыйных для нашых краін галінах эканомікі: машынабудаванні, энергетыцы, вытворчасці транспартных сродкаў і шэрагу іншых. У гэтых галінах у нас ёсць вытворчая база, кампетэнцыі, інжынерна-канструктарскія школы, навуковы патэнцыял. Унутраны рынак пры рэалізацыі такіх праектаў дае магчымасць забяспечыць іх акупнасць. І ёсць значны экспартны патэнцыял, калі на яго правільна паглядзець. «Для павышэння энергазабяспечанасці Афрыкі да ўзроўню Кітайскай Народнай Рэспублікі неабходна да 10 мільёнаў барэляў энергарэсурсаў у нафтавым эквіваленце», — тлумачыць Аляксандр Шыраў. Развіццё энергетыкі на Афрыканскім кантыненце патрабуе і шырокага спектра абсталявання, інфраструктурных аб’ектаў, транспартных сродкаў і іншай інвестыцыйнай прадукцыі, якія выпускаюць нашы краіны.
Старшыня праўлення ЗАТ «БСБ Банк» Сяргей Дубкоў запэўніў, што грошы ў банкаў на інвестыцыі ёсць. Больш за тое, назіраецца лішняя ліквіднасць. І яна застаецца, нават пасля выканання індыкатыўных паказчыкаў, даведзеных Нацыянальным банкам па долі інвестыцыйнага крэдытавання ў крэдытным партфелі. З аднаго боку, на думку Сяргея Дубкова, ёсць дэфіцыт добрых праектаў, а бізнес-планы, якія рэальны сектар прапануе на разгляд банкірам для фінансавання, не вызначаюцца высокай якасцю. З другога боку, перакананы эксперт, неабходныя інстытуцыйныя навацыі, каб актывізаваць дзелавое жыццё. У прыватнасці, Сяргей Дубкоў згадаў пра «зялёную эканоміку». Яна прапісана ў шэрагу сістэмных дакументаў, вызначаны агульныя мэты і задачы зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў. Але дэ-юрэ дакладна не вызначаны паняцці «зялёнай эканомікі» і «зялёнага крэдытавання». Фінансаванне па гэтым кірунку мае значны рэзерв, перакананы Сяргей Дубкоў. Але неабходна фармалізацыя. «Банкі —вялікія бюракратычныя машыны, — з нечаканай шчырасцю тлумачыць ён. — Банкі баязлівыя і будуць рабіць роўна тое, што дазваляе рэгулятар». Адпаведна, калі ў нарматыўна-прававых актах не вызначана дакладнага паняцця «зялёнага крэдытавання», такія прадукты не з’явяцца на рынку. І чакаць ініцыятывы знізу, каб потым яе замацаваць заканадаўча, у выпадку банкаўскага сектара, бессэнсоўна, мяркуючы па выступленні Сяргея Дубкова.

Андрэй Картун таксама перакананы: неабходна ўкараняць інструменты стымулявання інвестыцыйнай актыўнасці. Паводле яго слоў, апытанні паказваюць: прыблізна ў паловы суб’ектаў гаспадарання адсутнічаюць планы па інвесціраванні. Не гатовыя яны да рэалізацыі праектаў у бягучых умовах. Калі нейкім чынам пераадолець гэту пасіўнасць, то эканоміка мае вялікі рэзерв для актыўнага развіцця.
Праблема, аказваецца, не столькі ў нявызначанасці, колькі ў нашым да яе стаўленні. Магчыма, псіхалагічна і няпроста прывыкнуць, што свет уступіў у новую эпоху, але адмаўляць гэта неразумна.
Неабходна перастройвацца на новыя рэйкі, выходзіць са звыклай каляіны, змяняць каардынаты мыслення... Зрэшты, рызыкі заўсёды былі і будуць у камерцыйнай дзейнасці, нават у самыя спрыяльныя часы. Пазбегнуць іх немагчыма. Неабходна імі кіраваць, калі выклікі прадказальныя, і аператыўна і эфектыўна рэагаваць, калі прадказаць падзеі немагчыма. Праблему знешняй нявызначанасці можна ў значнай ступені вырашыць праз змяненне кіраўніцкіх тэхналогій. Прычым на ўсіх узроўнях: ад дзяржаўнай рэгуляторыкі да карпаратыўных падыходаў.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ
Фота Лізаветы ГОЛАД