Навацыi для IП: што трэба ведаць тым, хто яшчэ не адважыўся на змену статусу?

03.05.2025 | 11:02
Днямi члены Савета Рэспублiкi адобрылi (а крыху раней прынялi дэпутаты нiжняй палаты парламента) змяненнi ў Закон «Аб змяненнi законаў па пытаннях падаткаабкладання». Пра сутнасць навацый «Звяздзе» расказаў старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па эканомiцы, бюджэце i фiнансах Уладзiслаў Татарыновiч.

IП цi не IП, вось у чым пытанне

Варта адразу нагадаць, што маштабная трансфармацыя падыходаў да дзейнасцi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў адбывалася ў 2023–2024 гадах, калi на заканадаўчым узроўнi былi рэалiзаваны рашэннi па стымуляваннi пераходу высокадаходнага бiзнесу фiзiчных асоб у больш арганiзаваныя формы.

Навошта ўсё гэта трэба было? Каб стварыць простыя i зразумелыя стымулы па ўзбуйненнi i маштабаваннi бiзнесу, заснаванага на справядлiвым падыходзе да вызначэння фармату работы, а таксама кiраванага «ператоку» грамадзян у фармат юрыдычнай асобы. Напрыклад, зарэгiстраваўшыся ў свой час у якасцi IП, бiзнес разросся i па фармаце работы больш быў падобны на паўнавартаснае прадпрыемства, з той толькi рознiцай, што дакументацыя i падатковая база засталiся нязменнымi. А гэта было несправядлiва ў адносiнах да тых, хто вырас з вузкiх рамак IП i сумленна перайшоў у статус юрыдычнай асобы.

Менавiта з гэтай прычыны замацоўвалася новая структура бiзнесу, якая складаецца з дзвюх катэгорый: юрыдычных асоб i фiзiчных асоб. МСП — юрыдычныя асобы могуць быць як малымi камерцыйнымi арганiзацыямi (да 100 чалавек), так i сярэднiмi (да 250 чалавек).

Фiзiчныя асобы, у сваю чаргу, могуць ажыццяўляць прадпрымальнiцкую дзейнасць у якасцi IП (з працаўладкаваннем не больш за тры работнiкi); рамеснiка (па вызначаным урадам пералiку вiдаў дзейнасцi); уладальнiка аграсядзiбы (умовы тут вызначаюцца актам кiраўнiка дзяржавы) i самазанятага. Прычым, колькасць вiдаў дзейнасцi, дазволеных для IП, таксама абмяжоўвалася пералiкам, зацверджаным Саветам Мi-

нiстраў. Рэгiстрацыя «новых» IП, якiя б заявілі вiд дзейнасцi, што не трапiў у гэты пералiк, з 1 кастрычнiка 2024-га не ажыццяўлялася. Дзеючым жа прадпрымальнiкам, але таксама за рамкамi гэтага спiса, устанаўлiваўся «пераходны перыяд». Да 31 снежня 2025-га можна працягваць работу ў звыклым фармаце i спакойна вызначыцца з новым статусам.

Цi можна ўвайсцi ў раку двойчы?

У раку, можа, i нельга, а вось вярнуць сабе ранейшы статус — чаму не?! Расказваем як. Адно з галоўных абмежаванняў, ад якога залежыць статус, — узровень даходу. Калi за год ён перавышае 500 тысяч рублёў, IП, пачынаючы з наступнага года, павiнен трансфармавацца ў юрыдычную асобу з усiмi вынiкаючымi наступствамi, альбо спынiць дзейнасць.

— З улiкам практыкi прымянення дадзеная норма Закона «Аб змяненнi законаў па пытаннях падаткаабкладання» запатрабавала карэкцiроўкi, — тлумачыць Уладзiслаў Татарыновiч.

Старшыня профiльнай камiсii дадаў, што, паводле iнфармацыi Мiнэканомiкi, у 2024 годзе 1664 IП атрымалi даход вышэй за 500 тысяч рублёў. З iх каля тысячы рэарганiзавалiся ў юрыдычныя асобы, а вось 660 IП яшчэ не вызначылiся з далейшымi дзеяннямi з прычыны неразумення таго, на каго распаўсюджваецца дзеючае абмежаванне і цi iснуе магчымасць калi-небудзь працягнуць сваю дзейнасць у статусе iндывiдуальнага прадпрымальнiка.

Зыходзячы з гэтага, у праекце закона, па-першае, дакладна вызначаны юрыдычны статус асобы, на якую будзе распаўсюджвацца абмежаванне

— IП — гэта юрыдычны статус грамадзянiна. Ён узнiкае пры рэгiстрацыi i перастае iснаваць у момант спынення дзейнасцi як IП, — канстатуе суразмоўца.

Па-другое, прапануецца дзеянне абмежавання вызначыць у тры гады, што дае магчымасць грамадзянам перавесцi сваю дзейнасць у iншыя арганiзацыйна-прававыя формы, а па заканчэннi гэтага тэрміну зноў зарэгiстравацца ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка

— Прапанаваны тэрмiн узаемаўвязаны з палажэннямi Дэкрэта Прэзiдэнта № 1 «Аб дзяржаўнай рэгiстрацыi i лiквiдацыi (спыненнi дзейнасцi) суб’ектаў гаспадарання», згодна з якiмi грамадзянiн можа зарэгiстравацца зноў IП, калi ў вынiку ўстаноўленых патрабаванняў з даты яго выключэння з адзiнага дзяржрэгiстра прайшло не менш за тры гады, — тлумачыць Уладзiслаў Татарыновiч.

Iнакш кажучы, не пайшоў бiзнес у якасцi юрыдычнай асобы, бывае, i гэта дае падставы праз тры гады вярнуцца на кругi свае... Заканадавец прадугледзеў i такi момант.

Сенатар звяртае ўвагу на тое, што заканадаўчыя навацыi накiраваны на лiквiдацыю прававых недакладнасцяў i забеспячэнне больш справядлiвага падыходу да рэгулявання прадпрымальнiцкай дзейнасцi, стварэнне на гэтай аснове роўных канкурэнтных умоў, у тым лiку i ў сферы падаткаабкладання.

Трансфармацыя ў дзеяннi

На заканчэнне варта сказаць, што дынамiка росту з катэгорыi малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва падтрымана жыццём: так, на 1 студзеня 2022 года МСП — юрасоб было 99 тысяч, а на такую ж дату 2025-га — 111 тысяч. Прычым у гэтым спiсе пераважаюць менавiта малыя арганiзацыi з колькасцю персаналу да 100 чалавек 

(97 тысяч на пачатак 2022 года супраць 109 тысяч на пачатак 2025-га).

I значнасць унёску гэтай часткi бiзнесу вельмi iстотная.

— Варта адзначыць, што па вынiках 2024 года паступленнi ў бюджэт ад суб’ектаў малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва склалi практычна 18 мiльярдаў рублёў — гэта 24 % ад агульных даходаў кансалiдаванага бюджэту, — прыводзiць красамоўныя лiчбы старшыня профiльнай камiсii Савета Рэспублiкi.

Дарэчы, год таму — за 2023-ці — гэтай катэгорыяй плацельшчыкаў выплачана 15 мiльярдаў рублёў, або 23,6 % ад агульных даходаў кансалiдаванага бюджэту. Як бачым, трансфармацыя ў дзеяннi.

— Магчымасць легальнага пераходу ў фармат юрыдычнай асобы з’яўляецца своечасовым i важным для бiзнесу рашэннем, — падсумоўвае суразмоўца i адзначае, што заканадаўчыя нормы стымулююць грамадзян да выбару арганiзаваных формаў «сваёй справы», павышаюць узровень безнаяўнага абароту, кантраляванасць фiнансавых патокаў, збіральнасць падаткаў i, у цэлым, долю грамадзян у эканомiцы краiны, — рэзюмуе Уладзiслаў Татарыновiч.

У тэму

«Бясшвовы» пераход

Змянiць статус з IП на юрыдычную асобу можна на працягу дня. Такi ўнiкальны для постсавецкай прасторы парадак «бясшвовага» пераходу IП у фармат юрыдычнай асобы без прыпынення дзейнасцi дазваляе змянiць статус шляхам рэгiстрацыi камерцыйнай арганiзацыi на працягу аднаго працоўнага дня.

Пры гэтым раней атрыманыя дазвольныя дакументы — лiцэнзii, сертыфiкаты i iншыя — будуць даступныя для выкарыстання створанай юрыдычнай асобай без пераафармлення.

Да створанай арганiзацыi пяройдуць усе правы i абавязкi былога IП, у тым лiку па падатковых i iншых абавязковых плацяжах, камерцыйных кантрактах i працоўных дагаворах з работнiкамi. Рахункi ў банках таксама будуць перааформлены ў спрошчаным парадку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю