Аб пяці навінах у сферы сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння, якія ўступілі ў сілу 18 жніўня, расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Першае змяненне — плацельшчыкі падатку на прафесійны даход (ППД) могуць даплачваць узносы на пенсіённае страхаванне. Гэты падатак уключае абавязковыя плацяжы ў ФСАН, куды паступае 60 % ад сумы ППД. Для фарміравання месяца страхавога стажу патрабуецца 210,54 рубля, гэта значыць 29 % (узнос, які накіроўваецца работадаўцам на пенсіённае забеспячэнне работніка) ад мінімальнай зарплаты (МЗП), роўнай 726 рублям.
У гэтым выпадку штомесячны даход плацельшчыка ППД павінен складаць мінімум 3 510 рублёў. Такая сума выходзіць не ва ўсіх. Таму зараз можна даплаціць да патрэбнай сумы ўзносу.
Яшчэ адна навіна звязана з неафіцыйнымі заробкамі. Тым, хто іх выдае, рабіць узносы давядзецца з фактычных сум заробку «ў канвертах», але не менш за 1/30 пяціразовай велічыні сярэдняй заработнай платы за кожны дзень прадастаўлення «шэрых» даходаў. Што датычыцца работніка, то ў страхавы стаж залічаць не фактычны даход, а велічыню МЗП.
Яшчэ ўдакладнена, хто можа па жаданні выплачваць узносы. Гэта асобы, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку, рэалізуюць лекавыя расліны, дзікарослыя ягады, грыбы, арэхі ці іншую падобную прадукцыю, а таксама медыятары і трацейскія суддзі.
У адрозненне ад плацельшчыкаў адзінага падатку, для якіх нічога не змянілася, для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выбралі падаходны падатак, уводзіцца дыферэнцыраваны парадак выплаты ўзносаў у ФСАН. Напрыклад, калі чысты прыбытак за год аказаўся меншым за 12 МЗП (да 8 712 рублёў), у фонд спатрэбіцца заплаціць 35 % ад яго сумы. Калі гадавы чысты прыбытак перавышае гэты парог, узнос складзе 3 049,2 рубля (35 % ад 8 712 рублёў).
Акрамя таго, рашэнне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва прыраўноўваецца да выканаўчага дакумента. Супрацоўнікі ФСАН маюць права на месцы выносіць рашэнне і накіроўваць яго для спагнання ў аддзел прымусовага выканання.