У Мінскім міжнародным выставачным цэнтры праходзіць цырымонія закрыцця Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2025», гасцямі якой на працягу пяці дзён правядзення галоўнага аграпрамысловага форуму краіны сталі больш за 200 тыс. беларусаў і прадстаўнікоў замежжа. Толькі напярэдадні, 6 чэрвеня, на выставе пабывалі 70 тыс. наведвальнікаў. Вынікі грандыёзнага салона падвёў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, паведамляе БелТА.
Мерапрыемствы Беларускага аграпрамысловага тыдня прайшлі з 3 па 7 чэрвеня на новай пляцоўцы — у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры, дзе пад экспазіцыі міжнародных спецыялізаваных выстаў «Белагра», «Белферма», «Белпрадукт», «Продмаш. Холод. Упак» выдзелілі звыш 39 тыс. кв. м, што на 6, 66 тыс. кв. м больш, чым на папярэдняй лакацыі ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».
Пашыраныя плошчы 545 кампаній з 14 краін, а менавіта Беларусі, Расіі, Германіі, Італіі, Кітая, Ірана, Турцыі, В’етнама, Палесціны, Пакістана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана, якія прэзентавалі дасягненні сваёй сельскай гаспадаркі ў якасці экспанентаў, рацыянальна выкарыстоўвалі для знаёмства наведвальнікаў «Белагра-2025» з перадавымі напрамкамі раслінаводства, жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі, упакоўкі і захоўвання прадукцыі і разнастайнасцю сельгастэхнікі. Дарэчы, пра яе: экспазіцыю на «Белагра-2025» сфарміравалі больш за 500 адзінак тэхнікі і абсталявання, якія выкарыстоўваюцца землепашцамі і жывёлаводамі, у харчовай вытворчасці. А на ўзроўні афіцыйных дэлегацый на галоўным сельскагаспадарчым форуме Беларусі пабывалі прадстаўнікі больш як 20 краін, сярод іх і пачаткоўцы, якія адкрылі для сябе форум упершыню: Батсвана, Гана, Зімбабвэ, Катар, Мазамбік, Рэспубліка Сербская, Боснія і Герцагавіна.
«У гэтым годзе выстава «Белагра» як ніколі паказала сябе з лепшага боку: яна стала форумам, які запомніцца нашым замежным калегам, айчынным вытворцам, наведвальнікам, — сказаў кіраўнік Мінсельгасхарча Юрый Горлаў. — На пляцоўцы 35-й міжнароднай спецыялізаванай выставы было заключана вельмі шмат дагавораў, якія пасля будуць увасоблены ў жыццё і паспрыяюць развіццю не толькі нашай рэспублікі, але і тых краін, якія прынялі ўдзел у «Белагра-2025».

Было адзначана, што ўпершыню такой шматлікай стала экспазіцыя «Аграшос», да якой далучыліся 8 з 10 магчымых удзельнікаў: Беларусь, Расія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан, Кітай і Іран. Міністр выказаў словы ўдзячнасці замежным калегам, якія, нягледзячы на немалыя адлегласці, палічылі магчымым прыняць удзел у «Белагра-2025» і прадэманстраваць лепшыя дасягненні сваіх дзяржаў у аграрнай сферы.
«Наша рэспубліка паказала сваю моц, заможнасць і тэхналагічнасць у сельскай гаспадарцы. Госці, якія прыязджалі да нас з-за мяжы, пацвярджалі: так, Беларусь ведаюць ва ўсім свеце. Вялікія малайцы арганізатары, хто ўклаў душу ў правядзенне „Белагра-2025“, — заўважыў Юрый Горлаў. — Новая пляцоўка добра сябе зарэкамендавала. Водгукі кожнага наведвальніка, няхай гэта будзе мінчанін або жыхар любога іншага рэгіёна нашай краіны, супрацоўнік беларускага прадпрыемства або замежны госць, паказваюць на тое, што Мінскі міжнародны выставачны цэнтр у гэтыя дні стаў месцам прыцягнення аграбізнесу. Тут абмяркоўваліся важныя праекты і заключаліся каштоўныя кантракты, якія будуць і далей рухаць нашу краіну па шляху стварэння і развіцця».
Яшчэ адно новаўвядзенне юбілейнай выставы «Белагра-2025» — узнагароджанне ўдзельнікаў, гэта значыць прадпрыемстваў і арганізацый, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё галіны і прэзентацыю сваіх дасягненняў на аграпрамысловым форуме, як і замежных гасцей, залатымі і сярэбранымі медалямі. На гэты раз такіх было ўручана па 150 і тых, і іншых.
Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра-2025» працягне работу сёння, 7 чэрвеня, да 16.00. З прамежкам у 20 хвілін ад станцый метро «Акадэмія навук» і «Пушкінская» курсіруюць аўтобусы № 912 і № 962, каб мінчане і госці горада здолелі без цяжкасцяў дабрацца да пляцоўкі самага маштабнага сельскагаспадарчага форуму краіны. Уваход на выставу вольны, бясплатны, без рэгістрацыі.
