«Наш калектыў штогод удзельнічае ў падобных рэспубліканскіх акцыях. Ёсць добрая традыцыя ў беларусаў — пасля зімы наводзіць парадак дома, на прысядзібным участку, на сваёй тэрыторыі. А хто навядзе парадак у лесе? Гэта наш агульны дом. Тут павінен кожны выйсці, пасадзіць дрэвы. Акрамя таго, пасля працоўнага тыдня карысна змяніць працоўны стол і дакументы, сядзячую інтэлектуальную працу — на фізічную. Таксама гэта дае магчымасць выехаць з сям’ёй, дзецьмі. Мы традыцыйна прыцягваем кадэтаў — сёння з намі працавалі выхаванцы Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча. Важна падчас такіх акцый прывучаць і выхоўваць падрастаючае пакаленне — будучыню нашай краіны. Трэба любіць сваю зямлю, даглядаць яе добрасумленна, працаваць на ёй, уносіць свой уклад у экалагічную бяспеку», — сказаў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Ён падкрэсліў, што лес — залог адной са сфер нацыянальнай бяспекі, экалагічнай. «А значыць, гэта нашы стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы, частка жыцця грамадства, якая ўплывае на краіну, яе ўстойлівае развіццё і функцыянаванне», — акцэнтаваў увагу дзяржсакратар Савета Бяспекі.

Аляксандр Вальфовіч нагадаў, што адным з паказчыкаў ацэнкі экалагічнай бяспекі з’яўляецца лясістасць тэрыторыі. «Нягледзячы на тое, што кожны год здараюцца сур’ёзныя ўраганы, гэты паказчык сёлета перавышае 40 %. Гэта добры вынік, які сведчыць аб тым, што ў гэтым кірунку ў нас ёсць рух наперад», — адзначыў ён.

Сёння супрацоўнікі Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі высадзілі каля 15 тыс. саджанцаў. «Гэта, увогуле, кропля ў моры для лесу на нашай тэрыторыі. Але калі кожны працоўны калектыў пасадзіць па 15–20 тыс. саджанцаў па ўсёй Беларусі, то мы ўнясем значны ўклад ва ўмацаванне нацыянальных інтарэсаў, развіццё экалагічнай бяспекі, а таксама атрымаем задавальненне ад фізічнай працы», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.

Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік адзначыў, што падобныя акцыі праводзяцца ў Беларусі больш за 20 гадоў. «За гэты час вялікія плошчы засаджаны саджанцамі. У акцыях рэгулярна прымаюць удзел вышэйшыя службовыя асобы. Вельмі прыемна, што лес садзяць сем’ямі, разам з дзецьмі. Чалавек, які пасадзіў хоць адно дрэва ў сваім жыцці, будзе беражліва ставіцца да лесу, да нашага нацыянальнага багацця», — сказаў Аляксандр Кулік.