Як паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, у Гомелі ў кватэры знайшлі 100-гадовы рэвальвер і патроны да яго.
Жыхарка Гомеля атрымала кватэру ў абласным цэнтры ў спадчыну. Квадратныя метры, а разам з імі і ўся маёмасць, якая была ўнутры, ёй завяшчала бабуля.
У верасні гэтага года новая ўласніца прынялася за навядзенне парадку ў жыллі. Пад адной з секцый старой шафы яна знайшла нішу, а ў ёй — рэвальвер і патроны. Зброя часткова пакрылася ржой, але была ў добрым стане.
Гамяльчанка звярнулася ў міліцыю. Праваахоўнікі забралі зброю і накіравалі яе на балістычную экспертызу.
Згодна з заключэннем эксперта, знаходка — рэвальвер сістэмы Нагана ўзору 1895 года. Гэта ручная стралковая наразная агнястрэльная зброя 1924 года выпуску, прызначаная для стральбы патронамі калібру 7,62×39R. Рэвальвер прыдатны для стральбы.