Top.Mail.Ru

Навошта будучым блогерам трэба два гады адпрацаваць у дзяржаўных медыя? Адказала дэкан журфака БДУ

Наколькі строга ў вучэбным працэсе акцэнтуецца ўвага на медыяэтыцы і фактчэкінгу, каб будучыя блогеры не проста збіралі прагляды, але і неслі адказнасць за інфармацыю, расказала дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Лізавета Хмель, паведамляе БелТА.


На факультэце журналістыкі БДУ студэнты здаюць экзамены па трох ключавых дысцыплінах, абавязковых для будучых журналістаў незалежна ад месца навучання, расказала дэкан факультэта Лізавета Хмель. Адна з такіх дысцыплін — прававыя асновы журналістыкі: студэнты вывучаюць заканадаўства аб СМІ і рэкламе, каб разумець, як працаваць у прававым полі.

Яшчэ дзвюма абавязковымі дысцыплінамі для студэнтаў з’яўляюцца прафесійная этыка журналіста, а таксама верыфікацыя інфармацыі і фактчэкінг. Будучых журналістаў вучаць выконваць этычныя нормы, правяраць дакладнасць тэкстаў, фатаграфій і відэаматэрыялаў, а таксама адрозніваць факты ад фэйкаў. Больш таго, у жніўні па рэзалюцыі Нацыянальнай школы рэктараў пад эгідай Міністэрства адукацыі было прынята рашэнне, каб модуль па верыфікацыі інфармацыі выкладаўся ўсім студэнтам ВНУ гуманітарных спецыяльнасцяў з наступнага года. У рамках курса маладым людзям будуць расказваць аб спосабах праверкі даных і пераліку крыніц, прызнаных экстрэмісцкімі або нядобрасумленнымі.

Лізавета Хмель звярнула ўвагу на тое, што ў гэтым годзе па кірунку «Аўдыёвізуальная журналістыка і блогінг» будуць выпускацца 20 чалавек. «Гэта будзе першы выпуск. Важна разумець, што ў нас студэнты вучацца на бюджэтнай аснове і ўсе маюць сваё першае месца размеркавання. Калі мы гаворым пра месца размеркавання, то гэта павінен быць нейкі дзяржаўны СМІ, дзе яны могуць на працягу двух гадоў адшліфаваць свае навыкі, уменні, азнаёміцца з законам аб СМІ, па якім яны будуць працаваць. Далей можна ісці ўжо ў свабоднае плаванне, станавіцца блогерам, атрымаўшы тую самую школу тэарэтычнай і прафесійнай адукацыі», — рэзюмавала дэкан.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю