Для яе праходжання можна ўзяць на працы адзін дзень, які аплаціць наймальнік. Дыспансерызацыя абавязковая для ўсіх і накіравана на папярэджанне і ранняе выяўленне захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, цукровага дыябету, бронха-лёгачных, анкалагічных і іншых хранічных неінфекцыйных захворванняў. Дыспансерызацыю людзі ад 18 да 39 гадоў праходзяць раз на тры гады, з 40 гадоў — штогод. Спецыялісты расказалі, якія абследаванні ўключае дыспансерызацыя і колькі часу займае, ці можна яе прайсці ў прыватных медцэнтрах і чым дыспансерызацыя адрозніваецца ад медагляду.
Навошта, калі, каму і што?
Дыспансерызацыя дарослага насельніцтва праводзіцца ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства аховы здароўя, якая ўступіла ў сілу з 1 студзеня. Асноўныя яе мэты — выяўленне хранічных неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку анкалагічных, на ранніх стадыях, а таксама іх прафілактыка і выхаванне адказнага стаўлення да свайго здароўя.
Як праінфармавала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 32-й гарадской клінічнай паліклінікі Мінска Святлана Муха, у асноўным дыспансерызацыя праводзіцца на працягу аднаго працоўнага дня. Тым, хто дасягнуў агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, ці тым, каму да гэтай адзнакі засталося пяць і менш гадоў, на гэта адводзіцца два рабочыя дні. Прымаюць у спецыяльных кабінетах дыспансерызацыі, у кожнай паліклініцы іх лік залежыць ад колькасці насельніцтва, якое медустанова абслугоўвае.
Падчас дыспансерызацыі медыцынскі работнік вывучыць вашы папярэднія дыягназы і іншыя меддакументы, якія змяшчаюць інфармацыю пра медагляды і лабараторныя даследаванні. Потым ён робіць медыцынскі агляд, ацэнку фактараў рызыкі і афармляе карту рызык перадпухлінных захворванняў. З ёй вас азнаёмяць, што вы павінны пацвердзіць сваім подпісам, і пасля яна захоўваецца ў вашай амбулаторнай карце.
Далей праводзяцца неабходныя абследаванні, па выніках якіх выяўляюцца (ці не выяўляюцца) фактары рызыкі, і медработнік дае рэкамендацыі па карэкцыі ці ліквідацыі гэтых фактараў. Калі ёсць неабходнасць — пацыента запісваюць да ўрача-спецыяліста, пераважна гэта ўрач агульнай практыкі. Заканчваецца дыспансерызацыя выпіскай з медыцынскіх дакументаў.
Якія абследаванні трэба прайсці?
Усе, хто праходзіць дыспансерызацыю, здаюць агульны аналіз крыві, мачы, біяхімічны аналіз крыві з вызначэннем узроўню крэатыніну, алату, трыгліцэрыдаў і агульнага халестэрыну. Акрамя таго, праводзіцца электракардыяграма, рэнтгенфлюараграфічнае абследаванне, жанчыны праходзяць аглядны кабінет.
Ёсць і дадатковыя абследаванні на выяўленне перадпухлінных і пухлінных захворванняў шыйкі маткі, малочнай залозы і прастаты. Так, мужчыны ва ўзросце 50–65 гадоў раз на два гады накіроўваюцца на вызначэнне ПСА (прастатспецыфічнага антыгену). Жанчыны ва ўзросце 49–58 гадоў раз на тры гады накіроўваюцца на мамаграфію, а таксама на ПАП-тэсты (ва ўзросце 21–29 гадоў — адзін раз на тры гады, 30–39 гадоў — раз на шэсць гадоў).
На даследаванне на ВПЧ (вірус папіломы чалавека) накіроўваюцца жанчыны ва ўзросце 30–60 гадоў (40–60 гадоў — раз на пяць гадоў, 30–39 гадоў — раз на шэсць гадоў).
У прыватным цэнтры?
Прайсці дыспансерызацыю ў прыватным медыцынскім цэнтры нельга. А вось вынікі саміх лабараторных даследаванняў, напрыклад, аналізы крыві ці мачы, флюараграфію, электракардыяграму, ПАП-тэст і інш., будуць залічаны. На сам медыцынскі агляд і тэсціраванне па фактарах рызыкі неабходна прыйсці ў паліклініку.
Пры гэтым дыспансерызацыі падлягаюць усе грамадзяне. Калі вы, скажам, праходзілі медагляд для ўладкавання на работу, ад дыспансерызацыі гэта не вызваляе.
Дзецям таксама трэба?
Дзеці ўсіх узростаў, пачынаючы з першага дня пасля выпіскі з радзільнага дома, таксама праходзяць дыспансерызацыю. Як расказала спецыяліст па амбулаторна-паліклінічнай педыятрыі Міністэрства аховы здароўя, галоўны ўрач 6-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Ганна Котава, дыспансерызацыя праводзіцца ў дзвюх групах: малыя ад 0 да года і ад 1 года да 18 гадоў. У першы месяц жыцця медработнікі наведваюць немаўля дома, пасля штомесяц малое аглядаюць у паліклініцы. У залежнасці ад стану здароўя яму прызначаюцца аналізы, аглядае не толькі педыятр, але і ўрачы-спецыялісты, у прыватнасці хірург ці артапед для выяўлення паталогіі суставаў.
У год усе дзеці праходзяць агляд стаматолага, і з гэтага часу ён становіцца штогадовым, таксама правяраецца вастрыня слыху, зроку, вымяраюцца антрапаметрычныя параметры.
Дыспансерызацыю дзеці праходзяць штогод, і навучальныя ўстановы, ці то дзіцячы садок, ці то школа, патрабуюць даведкі аб стане здароўя. Тэрмін яе дзеяння — год. Пажадана праходзіць дыспансерызацыю ў месяц нараджэння, аднак агляды ўрачоў спецыялістаў сапраўдныя на працягу года, таму іх можна прайсці ў любы зручны час.