Top.Mail.Ru

Навошта праводзяць скрынінг для нованароджаных?

Супрацоўнікі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі праводзяць генетычны скрынінг, накіраваны на ранняе выяўленне рызык для здароўя жанчыны і дзіцяці. Мэта пілотнага праекта — выявіць распаўсюджанасць першасных імунадэфіцытаў (ПІД) сярод жанчын і нованароджаных Беларусі, каб у перспектыве наладзіць рэспубліканскую сістэму іх прафілактыкі.



Зона высокай рызыкі

Скрынінг на ПІД для нованароджаных праводзяць ва ўсім свеце. Нароўні з ім нашыя навукоўцы першымі на постсавецкай прасторы вырашылі дадаткова даследаваць распаўсюджанасць такіх генных парушэнняў яшчэ і сярод жанчын.

— Мы даўно заўважылі: з цяжкім камбінаваным імунадэфіцытам (ЦКІД) да нас у РНПЦ, як правіла, трапляюць дзеці з Брэсцкай вобласці. У 90 % такіх пацыентаў — адна і тая ж мутацыя. Менавіта ў гэтым рэгіёне нашай краіны сканцэнтраваныя носьбіты генетычных мутацый з эфектам заснавальніка, — тлумачыць загадчыца лабараторыі генетычных біятэхналогій РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Кацярына ПАЛЯКОВА.

Чаму менавіта ў Брэсцкай вобласці 

(а таксама на прылеглых да яе тэрыторыях Украіны і Польшчы) такая высокая канцэнтрацыя цяжкіх камбінаваных імунадэфіцытаў, вучоныя пакуль растлумачыць не могуць. Але лагічна, што пілотны праект па скрынінгу жанчын на носьбіцтва пэўных мутацый стартаваў менавіта тут. 

А праект па скрынінгу нованароджаных ахоплівае не толькі Брэст і Брэсцкую вобласць, але і Мінск, Гомель і Гомельскую вобласць, Віцебск і Віцебскую вобласць. У канцы 2026 года плануецца падключыць Магілёў і Магілёўскую вобласць, а ў 2027 годзе — Гродна, Гродзенскую і Мінскую вобласці.

Шанц на выратаванне

Усяго разнавіднасцяў першаснага імунадэфіцыту вядома больш за 500. Сярод іх ёсць вельмі небяспечныя, якія пагражаюць жыццю. Каварства найбольш цяжкіх формаў ПІД у тым, што неанатолагі не могуць западозрыць іх наяўнасць у нованароджаных па агульным аналізе крыві ці знешнім выглядзе. Іх спакойна выпісваюць дадому. Пакуль малыя абаронены матчыным імунным адказам, яны адчуваюць сябе добра. А прыкладна з трох месяцаў, калі матчына абарона знікае і ўжо фарміруецца іх уласны імунітэт, пачынаюць хварэць. 

Паколькі ў такім узросце гэта звычайная справа, бацькі не насцярожваюцца. Але адна інфекцыя змяняе іншую, і ў выніку дзяцей шпіталізуюць у спецыялізаваныя бальніцы.

Іх лечаць ад інфекцый, аднак стандартныя схемы антыбіётыкатэрапіі не даюць патрэбнага эфекту. І ў выніку большасць такіх дзетак не дажывае да года.

— Шанц выратаваць малых з цяжкімі формамі ПІД ёсць, — тлумачыць Кацярына Палякова. — Ён у тым, каб да трохмесячнага ўзросту правесці трансплантацыю гемапаэтычных стваловых клетак (ТГСК). Гэты метад прымяняецца ў нашым РНПЦ. Па сусветных даных, калі не прапусціць «акно магчымасцяў», то ў больш чым 95 % выпадкаў немаўляты выжывуць. Таму так важна своечасова выяўляць тых з іх, хто мае цяжкую камбінаванаю імунную недастатковасць.


З дапамогай скрынінгу можна выявіць і некаторыя іншыя цяжкія формы першасных імунадэфіцытаў. Напрыклад, Х-счэпленую агамаглабулінемію (хвароба Брутана). Дзеці з такімі геннымі мутацыямі могуць жыць доўга і паўнавартасна пры рэгулярным атрыманні імунаглабуліну. Галоўная ўмова — як мага раней пачаць такую тэрапію, каб папярэдзіць раннюю інвалідызацыю з прычыны рэгулярных пнеўманій і бранхітаў. Важна ранняе выяўленне і лячэнне сіндрому Ніймеген праз высокую рызыку анкалагічных захворванняў у яго носьбітаў.

Праверыць і падрыхтавацца

Чаму важны скрынінг не толькі нованароджаных, але і будучых мам? Напрыклад, падчас яго правядзення ў жанчын дзетароднага ўзросту выяўляюць генетычныя збоі. ЦКІД у дзіцяці закладваецца толькі пры ўмове, калі абодва бацькі — носьбіты небяспечных генетычных мутацый. Значыць, для вызначэння рызык у будучага немаўляці медыкі парэкамендуюць партнёрам такіх жанчын таксама прайсці абследаванне.

Калі партнёры ведаюць аб наяўнасці ў сябе небяспечных генаў і разумеюць, чым гэта пагражае іх нашчадку, гэта сур’ёзны плюс. Па-першае, такія пары змогуць улічваць генетычныя рызыкі для сваіх спадчыннікаў пры планаванні цяжарнасці жанчыны. 

Па-другое, прэнатальная дыягностыка (комплекс метадаў выяўлення прыроджаных парокаў развіцця, храмасомных або спадчынных паталогій да нараджэння дзіцяці) дазволіць пераканацца, ці ёсць у плода прыкметы ПІД. Па-трэцяе, у выпадку выяўлення цяжкай камбінаванай імуннай недастатковасці нованароджаны зможа на самым раннім этапе трапіць у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі і да трох месяцаў прайсці неабходную тэрапію. Адным словам, генетычны скрынінг мам і нованароджаных адкрывае для іх акно магчымасцяў і шматразова павялічвае шанцы пазбегнуць трагедый.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю