У чым перавагі сучаснага падыходу да гэтага віду летняга працаўладкавання моладзі, гаворым з камандзірам Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» Надзеяй ШАХОЎСКАЙ.
У чым перавагі сучаснага падыходу да гэтага віду летняга працаўладкавання моладзі, гаворым з камандзірам Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» Надзеяй ШАХОЎСКАЙ.
Злучыць тэорыю і практыку
У Беларусі студатрады — вельмі запатрабаваны трэнд. І гэта вельмі каштоўна, лічыць Надзея Шахоўская:
— Сёння ў 14–16 гадоў падлеткі імкнуцца зарабляць, а ў 20 хочуць, каб у іх ужо ўсё было. І вельмі важна, каб у моладзі існавала разуменне: каб зарабляць, трэба працаваць. Менавіта працоўнае выхаванне, павага да працы — аснова студатрадаўскага руху.
І як прыемны бонус — жывыя зносіны, выхад з анлайн-прасторы, у якой часта жыве сучасная моладзь. Як правіла, студатрадаўскія праекты — гэта аб’екты, куды прыязджаюць маладыя людзі з розных месцаў, у тым ліку з-за мяжы. У якасці прыкладу магу прывесці вялікі медыцынскі праект з Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцай (сёлета там будзе працаваць каля 70 чалавек). Заяўкі падалі навучэнцы медыцынскіх ВНУ і каледжаў не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Кыргызстана. Адбіраюць туды на конкурснай аснове, і конкурс ужо другі год даволі вялікі.
Чым наваполацкі праект цікавы моладзі? Яго ўдзельнікі будуць працаваць у якасці малодшага і сярэдняга медперсаналу. Пасля трэцяга курса студэнты медыцынскіх ВНУ маюць права працаваць медсёстрамі (мед-братамі). Тыя, хто пакуль такога права не маюць, будуць выконваць абавязкі санітараў. Студэнты будуць працаваць ва ўсіх аддзяленнях, атрымліваючы магчымасць злучыць тэорыю і практыку, тлумачыць Надзея Шахоўская:
— Праект цікавы і работадаўцу. Напрыклад, тым, што ён дазваляе дарослым спецыялістам, якія працуюць на пастаяннай аснове, сысці ў адпачынак летам.
Летась, калі казаць пра медыцынскі кірунак, у Мінску на базе Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі з’явіўся яшчэ адзін праект — «Урач».
Патэнцыял росту
У сучасным студатрадаўскім руху ў нашай краіне сем профіляў дзейнасці: будаўнічы, сельскагаспадарчы, педагагічны, сэрвісны, медыцынскі, вытворчы і экалагічны. Выбар сапраўды шырокі — ад манцёраў пуці, штукатураў, электрамантажнікаў да мерчандайзераў, праваднікоў, повараў, афіцыянтаў і нават фінансавых аналітыкаў (у Банку развіцця Беларусі).
— Хачу спыніцца на некалькіх вытворчых праектах, — працягвае камандзір. — Байцы студатрадаў гэтым летам плануюць працаваць на ўсіх нашых флагманах — і на МАЗе, і на МТЗ, і на МЭТЗ імя Казлова. Вытворчы кірунак вельмі запатрабаваны з боку наймальнікаў. Вядома, у першую чаргу «свае» кірункі выбіраюць навучэнцы профільных навучальных устаноў. Але праекты таму і міжпрофільныя, што ў іх знаходзіцца месца навучэнцам розных сфер дзейнасці. Напрыклад, у Мінскага электратэхнічнага завода ёсць яшчэ і свой дзіцячы аздараўленчы лагер, там будзе працаваць педагагічны атрад.
У кафэ і сталовых прадпрыемстваў студатрадаўцы могуць паспрабаваць сябе ў якасці афіцыянта або памочніка повара. І ўсе яны будуць сустракацца на шматлікіх онлайн і афлайн мерапрыемствах. Усё гэта дорыць патэнцыял асобаснага і прафесійнага росту. А яшчэ менавіта так нараджаецца самае моцнае сяброўства і нават у перспектыве ствараюцца маладыя сем’і.
— Хачу спыніцца і на праекце «Дарога магчымасцяў — 2026» Беларускай чыгункі, — кажа суразмоўніца. — Нашы байцы будуць працаваць там праваднікамі і манцёрамі пуці. Гэта віды работ, якія патрабуюць прафесійных навыкаў, таму са снежня БЧ праводзіць курсы для дзяцей (для моладзі яны бясплатныя — іх аплачвае БРСМ).
Працягнецца і шматгадовы абласны праект «ВітамінКо» на Гродзенскім кансервавым заводзе.
У цэлым сёлета плануецца задзейнічаць 8 рэспубліканскіх працоўных праектаў: вытворчыя («Аўтазаводзец-2026» на базе МАЗа, «Трактарабудаўнік-2026» на МТЗ, «Энергетык-2026» на МЭТЗ і інш.), медыцынскі («Медыкус-2026» на базе Наваполацкай ЦГБ), педагагічны («Важаты-2026» у Нацыянальным дзіцячым цэнтры «Зубраня») і г. д.
Рамантыка далёкіх падарожжаў
Наколькі студатрады запатрабаваныя сярод сучаснай моладзі? Паводле статыстыкі, у 2025 годзе рух аб’яднаў больш за 64 тысячы чалавек (сярод іх — амаль 31,7 тысячы непаўналетніх).
Сёлета колькасць удзельнікаў студатрадаўскага руху будзе як мінімум не меншай, адзначае спецыяліст:
— Пра запатрабаванасць кажа і той факт, што многія студатрадаўцы выбіраюць гэты спосаб працаўладкавання не адзін раз, а штогод. Ёсць выпадкі, калі хлопцы, ужо атрымаўшы прафесію і адслужыўшы ў арміі, імкнуцца папрацаваць яшчэ адно лета ў студатрадах і ўжо потым вызначаюцца з пастаяннай работай. І мы такім байцам вельмі рады: у нас у атрадах яны — адказныя і дарослыя — старэйшыя камандзіры. Некалькі такіх хлопцаў гэтым летам паедуць у Якуцію ў складзе атрадаў Саюзнай дзяржавы. Другі год нашых байцоў прымае Алданскі раён. Нам гэта цікава як працяг БАМаўскіх традыцый, а моладзі — як магчымасць паглядзець свет і сапраўды добра зарабіць. У прапрацоўцы пакуль Алабуга (Татарстан), плануем Міжнародны медыцынскі праект у Пермі. Плануецца, што беларуская моладзь будзе працаваць і на будаўніцтве Абводнага моста ў Омску. Яшчэ адзін цікавы саюзны праект — «Узлётная паласа» на базе Міжнароднага аэрапорта Пулкава.
Асаблівы статус — Усебеларускай маладзёжнай будоўлі — прысвойваецца найбольш знакавым аб’ектам, і ўнёсак моладзі ў іх узвядзенне неацэнны і для іх саміх, і для краіны, пераканана прадстаўнік БРСМ. У розныя гады такі статус мелі Аўгустоўскі канал, Беларуская атамная электрастанцыя, Мемарыяльны комплекс «Хатынь», Патрыятычны цэнтр у Брэсцкай крэпасці. Сёлета Усебеларускімі маладзёжнымі будоўлямі абвешчаны «Патрыятычны цэнтр» (3-я чарга будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці) і «Памяць пакаленняў — 2026» (Нацыянальны гістарычны музей Беларусі і парк народнага адзінства).
АДКАЗЫ І ПАРАДЫ
Што трэба, каб стаць студатрадаўцам?
— Падлетку 14–16 гадоў неабходны дазвол бацькоў на ўдзел у любым студэнцкім атрадзе, — тлумачыць Надзея Шахоўская. — Другі важны аспект — прайсці медкамісію з допускам да выбраных відаў работ. І трэцяе — сур’ёзнае стаўленне да работы. У 14–16 гадоў, згодна з заканадаўствам, падлеткі працуюць 4 гадзіны 36 хвілін у дзень з перапынкамі кожную гадзіну. І гэтыя свае гадзіны і хвіліны яны павінны адпрацаваць.
Моладзь 17 гадоў мае права працаваць 35 гадзін у тыдзень, па 7 гадзін у дзень, але таксама з абавязковым перапынкам. 18-гадовым дазвол бацькоў ужо не патрабуецца.
— Але мы абавязкова ўлічваем згоду бацькоў, калі 18-гадовыя ўдзельнічаюць у саюзных праграмах і выязджаюць за межы Беларусі, — падкрэслівае суразмоўніца. Дарэчы, міждзяржаўныя праекты набіраюць абароты: летась у далёкія пункты Расіі выязджалі 32 беларускія студэнты, сёлета — ужо 50.
Як запісацца ў студатрад?
— Можна звярнуцца ў пярвічную арганізацыю БРСМ у сябе ў школе, каледжы або ВНУ, прыйсці ў тэрытарыяльны камітэт або рэспубліканскі штаб БРСМ. Можна падаць заяўку праз чат-бот беларускіх студатрадаў у тэлеграм-канале «Студатрады Беларусі». Там вы даведаецеся пра профілі атрадаў, віды работ і ўбачыце фотасправаздачы з мерапрыемстваў.
Дарэчы, быць членам БРСМ для таго, каб трапіць у студатрад, неабавязкова.
Колькі можна зарабіць?
— Тут вельмі вялікія «нажніцы», — канстатуе спецыяліст. — Заробак прапарцыянальны часу работы. І хоць непаўналетнія працуюць крыху больш за 4,5 гадзіны, але і яны атрымліваюць у месяц мінімальны заробак (на сёння ён складае 858 рублёў). Праўда, непаўналетнія працуюць, як правіла, не поўны месяц, а 2–3 тыдні. Жадаючых у гэтай узроставай катэгорыі мноства, а работы для іх не хапае, асабліва ў гарадах.
Самыя вялікія заробкі — у 18-гадовых і больш старэйшых байцоў, сведчыць камандзір:
— Напрыклад, студатрадаўцы на МАЗе могуць зарабляць да 4 тысяч у месяц. Такія прыклады былі. Многія бяруць дадатковыя гадзіны, змены. Добрыя заробкі ў педагагічных атрадаў у Нацыянальным дзіцячым цэнтры «Зубраня» і ў сэрвісным кірунку.
Найбольш запатрабаваным у сучаснай моладзі кірункам каардынатар студатрадаў якраз назвала сэрвісны (яго ў 2025 годзе выбрала каля 22 тысяч чалавек). Далей ідзе сельскагаспадарчы (14 тысяч). Самыя маладыя і дэманструючыя інтэнсіўнае развіццё — медыцынскія атрады, але ў планах — развіваць і іншыя кірункі.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ