Пасля пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў.
Пасля пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў.
«Вам не адказваць трэба, а імкнуцца да міру»
Прэзідэнт Беларусі раскрыў падрабязнасці сваёй нядаўняй тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, якая адбылася 24 мая па ініцыятыве французскага боку. Пасля гэтай размовы з’явіліся розныя версіі, у тым ліку аб тым, што Эмануэль Макрон тэлефанаваў, каб нібыта перасцерагчы ад уступлення ў вайну.
«Не, пра гэта размова ішла, — сказаў беларускі лідар. — Але каб хтосьці мяне... Эмануэль Макрон добра мяне ведае, што мяне лепш не перасцерагаць. Я, перш чым нешта раблю, тысячу разоў падумаю. І думаю, а што потым, у адрозненне ад іх».
Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта была такая сяброўская, добрая, хоць і доўгая (гадзіна сорак) размова. «Успаміналі і нашы размовы раней і гэтак далей, — расказаў Аляксандр Лукашэнка журналістам. — Але каб хтосьці мяне прымушаў — не».
Аб вайне і шляхах да мірнага дыялогу, па словах беларускага лідара, што да Эмануэля Макрона — прэзідэнта Францыі — аб гэтым ішла размова. «Але ў такім плане: „Аляксандр Рыгоравіч (мне дзіўна, як ён гэта вымаўляе), вось ёсць інфармацыя, што вы хочаце ўступіць у вайну“, — распавёў дэталі кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, якая была яго рэакцыя на гэтае пытанне: „Я гавару: ды бог з табой (перабіў нават яго), ды я не планую нікуды ўступаць, навошта мне ўступаць?“
Прэзідэнт Францыі ў адказ нагадаў пра праведзеную нядаўна беларуска-расійскую сумесную трэніроўку ядзерных сіл. „Вось, вы правялі ядзерную трэніроўку з Уладзімірам Уладзіміравічам, вы тут ледзь не вайну развязваеце ядзерную. Вы што, хочаце прымяніць ядзерную зброю?“ — перадаў кіраўнік беларускай дзяржавы словы свайго французскага калегі. — Я гавару: ды бог з табой! Я публічна пра гэта сказаў: толькі ў адным выпадку — калі здзейснена будзе агрэсія супраць Беларусі. Вось і ўсё».
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў іншыя дэталі размовы з французскім лідарам: «І, чым скончылі, — галоўнае: скончылі Украінай і наступствамі, калі мы з расіянамі яшчэ атакуем Украіну з поўначы. Вы ж, гаворыць, разумееце, што мы вымушаны будзем адказваць? Я гавару: «Вам не адказваць трэба, а імкнуцца да міру». «А мы імкнемся». Я гавару: "Калі б вы імкнуліся да міру, то вы б, будучы на "сходцы" ў Ерэване (у маі бягучага года на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці. — «Зв».)... Ну, у Маскву, можа, вам і не вельмі — прыехалі б у Мінск, і мы б з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. — «Зв».) вас сустрэлі ў Мінску«. Ну, вось так, жартам. Ён гаворыць: «Я не выключаю гэтай сустрэчы». Я гавару: «Дык трэба патэлефанаваць Пуціну. Прыехаць, сесці, па-мужчынску пагаварыць».
«Ты — аксакал, пачынай варушыцца»
У адказ на адпаведную прапанову Эмануэль Макрон сказаў, што трэба яшчэ параіцца ў Еўрапейскім саюзе. Прэзідэнт жа Беларусі ў размове падкрэсліў, што менавіта цяперашні прэзідэнт Францыі ў гэтым выпадку павінен быць маторам адпаведнага працэсу.
«Я гавару: пачакай, ты — аксакал, ты ва ўладзе ўжо столькі гадоў! — прывёў падрабязнасці размовы Аляксандр Лукашэнка. — А хто там? Мерц — малады зусім палітык. Стармер — той таксама зусім малады. Хто будзе размаўляць? Усе маладыя. У Італіі наогул жанчына прэм’ер-міністр. Што вы, хочаце на жанчыну ўскласці гэтыя абавязкі? Ты — аксакал, пачынай варушыцца. У Арменію з’ездзіў, ну, дык цяпер трэба да нас прыехаць пагаварыць у Маскве ці ў Мінску. І ў размове вырашаць гэтае пытанне».
Вось на якую тэму, па словах беларускага лідара, была яго размова з прэзідэнтам Францыі.
«Усе пытанні еўрапейскай бяспекі і Еўропы павінны вырашацца ў Еўропе»
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, спадарожных пытанняў «было мора». «І аб перагаворах ЗША з намі. Мімаходзь закранулі гэтае пытанне», — падзяліўся ён дадатковымі падрабязнасцямі.
Прэзідэнт расказаў, што таксама абмяркоўвалася тэма бяспекі ў Еўропе. «Мы прыйшлі да адзінай думкі, што ўсе пытанні еўрапейскай бяспекі і Еўропы павінны вырашацца ў Еўропе, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Не Дональд Трамп павінен трапаць там нас па галаве і штурхаць да міру, яшчэ нешта. А мы павінны вырашаць гэтыя пытанні, бо мы непасрэдна тут жывём. Дарэчы, Дональд Трамп аб гэтым не аднойчы ўжо гаварыў, што вайна ва Украіне — гэта пытанне Еўропы. Правільна гаворыць. І мы павінны рухацца ў гэтым напрамку і вырашаць, не чакаць, што нас хтосьці возьме, пасадзіць за стол дзесьці і прымусіць вырашаць гэтыя праблемы».
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў журналістам аб просьбе з боку французскага калегі: «Я гавару: «Слухай, ну, мы з табой размаўляем — гэта практычна адкрытая сувязь. Пра што мы можам з табой паразмаўляць? Пасля Ерэвана ў Маскву ты не прыехаў, у Мінск ты не прыехаў. Пра што гаварыць?» Ён мне гаворыць: «Спадар Прэзідэнт, вы можаце прыняць маю давераную асобу і з ім пагаварыць, і каб ён прыехаў і мне ўсё гэта выклаў?»
Прэзідэнт на гэту просьбу адказаў згодай. «Я гавару: калі ласка, калі ты баішся ў Мінск прыляцець, дасылай сваю давераную асобу», — сказаў ён свайму французскаму калегу.
Па словах кіраўніка дзяржавы, днямі літаральна — у панядзелак-аўторак — гэты чалавек будзе ў Мінску. «Не хачу называць яго прозвішча, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. —Ён (прэзідэнт Францыі. — „Зв“.) назваў каардынаты. І мы з ім (даверанай асобай. — „Зв“.) сур’ёзна пагаворым. Гэта яго чалавек, абсалютна давераны, ён у тэме. І я яму выкажу дэталёва ўсе праблемы, якія існуюць».
«Сёння калій у цане падскочыў. Усе аб’ёмы закантрактаваны»
На заканчэнне, расказаў Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Францыі спытаў: «Што я магу, і мы ў Еўрапейскім саюзе можам зрабіць для нармалізацыі адносін з Беларуссю?»
«Я гавару: «Слухай, гэта больш, чым вядома, усім», — прывёў дэталі развмовы беларускі лідар. — «Ну, вось, калійныя там угнаенні...» (словы Макрона. — «Зв».). Ён там яшчэ нешта назваў. Я гавару: «Ды Гасподзь з табой! Сёння калій у цане падскочыў — мінеральныя ўгнаенні. Усе аб’ёмы закантрактаваны, і калі б камусьці пастаўляць, у нас сёння няма ніводнай (свабоднай. — „Зв“.) тоны мінеральных угнаенняў. Не толькі калійных. Фосфарных, азотных — яны ўсе ўжо пад кантрактамі і па добрай цане».
Адказваючы на пытанне журналістаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь пераарыентавала ўжо пастаўкі ўгнаенняў і ў цэлым не мае ў гэтых адносінах якіх-небудзь праблем. «Таму для нас калій... Ну, гэта з падачы нашых там «ціхушак — лахушак» — гэтых збеглых. Яны ім усё: «Вось, калій, і ўсё!, — сказаў Прэзідэнт. — Рынкі ўжо перанастроены, пераарыентаваны. Вядома, было б нядрэнна, калі б, як раней, мы ў Літве там пад бокам у сябе грузілі гэты калій. Гэта была б яшчэ большая маржынальнасць. Ну, не атрымліваецца, не хочуць яны ісці нам насустрач — у Расіі грузім. Таму не праблема».
«Мы не можам быць супраць волі армянскага народа»
Адно з пытанняў беларускаму лідару датычылася пазіцыі Арменіі, якая, паводле заяў кіраўніцтва краіны, хацела б і ў ЕАЭС заставацца, і да Еўрасаюза далучыцца.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што гэта тэма абмяркоўвалася на пасяджэнні ВЕЭС у закрытым фармаце і была падпісана адпаведная заява. «Мы ўсе канстатавалі: мы не хочам, каб Арменія выходзіла з нашага Еўразійскага саюза, — заўважыў Прэзідэнт. — У той жа час — гэта заява Уладзіміра Уладзіміравіча (Пуціна. — „Зв“.) у выступленні — мы паважаем выбар Арменіі. Я тут жа дадаў: мы паважаем выбар народа Арменіі. Калі народ прыме такое рашэнне і згодны выйсці з саюза, у якім ён знаходзіцца, і ўступіць у Еўрапейскі саюз калісьці, мы не можам быць супраць волі армянскага народа».
Па словах беларускага лідара, у гэтай заяве кіраўнікі дзяржаў — членаў ЕАЭС дапісалі, што падтрымліваюць жаданне кіраўніцтва Арменіі, якое аб гэтым заявіла, правесці па гэтым пытанні рэферэндум. І арганізаваны такі рэферэндум, як звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі, павінен быць сумленна, адкрыта, дэмакратычна.
«Калі ўсё гэта будзе так і армянскі народ выкажацца не на карысць ЕАЭС, гэтае рашэнне будзе ўспрынята ў Еўразійскім эканамічным саюзе, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але кіраўніцтва Арменіі, і асабліва народ Арменіі, павінны разумець, што яны набываюць, а што яны страчваюць. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі абяцаў дэталёва далажыць усёй сусветнай супольнасці, хто захоча гэта пачуць. Ён яшчэ раз у дэталях раскажа (спецыялісты Расіі падрыхтавалі яму гэту інфармацыю), што такое адмовіцца ад Еўразійскага саюза, у якім цяпер Арменія, і ўступіць у Еўрапейскі саюз».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што прыклады шэрагу краін паказваюць: тэрміны прыняцця ў Еўрасаюз бываюць вельмі расцягнутымі ў часе. І гэты фактар таксама трэба ўлічваць армянскаму народу, прымаючы важнае рашэнне. «З улікам Украіны, якая даўно хоча, а яшчэ больш важна — з улікам Турцыі, якая ўжо, па-мойму, 25 або 30 гадоў у чарзе стаіць для ўступлення ў Еўрапейскі саюз», — заўважыў Прэзідэнт.
Паводле БелТА.