Заварыць усе смеццеправоды сталіцы адным рашэннем імгненна не атрымаецца, паведаміла генеральны дырэктар аб’яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» (МГЖГ) Марына Тоўсцік. Яна адзначыла, што ў Год добраўпарадкавання асноўны акцэнт робіцца на дваровых тэрыторыях Мінска, якія змяняюцца з устаноўкай новых кантэйнерных пляцовак.
— Гэта справа не аднаго года, — патлумачыла Марына Тоўсцік. — Але работа арганізавана ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, гэта значыць, са згоды жыхароў.
Генеральны дырэктар патлумачыла, што пасля заварвання смеццеправода пад’езд змяняецца: знікаюць лішнія непрыемныя пахі, становіцца чысцей. Тым не менш не ўсе жыхары гатовы выходзіць на вуліцу, каб вынесці смецце.
У Мінску прынялі рашэнне ставіць сучасныя кантэйнерныя пляцоўкі модульнага тыпу ў крокавай даступнасці ад жылых дамоў. Дарэчы, сёлета ў сталіцы іх будзе больш за 700. Пасля ўстаноўкі пляцоўкі, калі людзі бачаць рэальны вынік, дыялог жыхароў і камунальнікаў, як правіла, наладжваецца. «Але галоўнае тое, што цяпер пры праектаванні новых дамоў смеццеправод не прадугледжваецца», — лічыць Марына Тоўсцік.
Цяплей і танней
У Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы растлумачылі, што «ліквідацыя» смеццепрыёмнікаў у пад’ездах працягваецца. Сёлета плануецца закансерваваць больш за 1,8 тысячы «ствалоў». Такая мера з’яўляецца часткай нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Аднак пра татальную «зачыстку» гаворкі не ідзе.
Па законе, каб павесіць замок на смеццеправод, дастаткова згоды на гэта паловы жыхароў пад’езда — калі ў апытальным лісце падпішацца 50 % жыхароў плюс 1 голас. Зрэшты, нават патрэбная колькасць ахвотных — гэта далёка не ўсё.
Без кантэйнернай пляцоўкі ў двары смеццеправод не закансервуюць. Акрамя таго, кантэйнеры для збору пластыкавага посуду, шкла, паперы і цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) павінны стаяць на цвёрдай аснове. Сама пляцоўка, абгароджаная металічным альбо бетонным плотам, павінна размяшчацца не бліжэй за 20 метраў ад дома, — а яшчэ знаходзіцца на адлегласці ад дзіцячай гульнявой зоны, ад устаноў адукацыі і аховы здароўя, аб’ектаў грамадскага харчавання. Калі адлегласць будзе меншай, то санітарныя службы могуць праект згарнуць. Плюс да ўсяго для ўладкавання пляцоўкі патрэбны праектная дакументацыя, узгадненне з архітэктарамі і МНС.
У шматпавярховых дамах сталіцы функцыянуе больш за 7 тысяч смеццеправодаў. За мінулы год удалося закрыць каля 200.
Таму, напэўна, работы расцягнуцца не на адзін год. У Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы дадалі, што ёсць шэраг аргументаў на карысць закрыцця смеццеправодаў. Напрыклад, з часам канструкцыя пакрываецца брудам і становіцца ачагом хваробатворных бактэрый і мікробаў. З’яўляецца непрыемны пах, які трапляе ў тым ліку і ў кватэры. А пры няправільным выкарыстанні смеццеправод можа стаць крыніцай шуму або пажару.
Жыхары дамоў з смеццеправодам, як правіла, не сартуюць адходы, нават калі ў двары ёсць кантэйнеры для іх паасобнага збору. Немалаважна і тое, што праз смеццеправод сыходзіць цяпло з пад’ездаў і кватэр.
Акрамя таго, жыхары дамоў з заваранымі смеццеправодамі або зусім без іх за паслугу «зварот з ЦКА» будуць плаціць на 20–30 % менш.
Але варта прызнаць: спецыялісты камунальных службаў забіваюць такім чынам адразу двух зайцоў: зніжаюць сумы ў нашых жыроўках і наводзяць парадак на кантэйнернай пляцоўцы, а не ў ствале смеццеправода.
А каму яшчэ эканамічна выгадны дом без смеццеправода? Па логіцы — будучаму навасёлу, якому не прыйдзецца аплачваць лішнія квадратныя метры ў месцах агульнага карыстання. Або забудоўшчыку, які сэканоміць на будаўніцтве бетоннай скрыні.
Грандыёзная мыйка
Пра тое, ці трэба заварваць смеццеправоды, спрачаюцца дагэтуль. Адны лічаць іх рассаднікамі непрыемнага паху, грызуноў і шуму, іншыя прапаноўваюць звярнуць увагу на стан некаторых кантэйнерных пляцовак каля пад’езда і ўсё ж пакінуць вынаходніцтва разумных інжынераў.
Галоўная парада ад жыхароў з вопытам: перш чым кансерваваць смеццеправод у пад’ездзе, яго варта старанна прамыць. Многія не разумеюць, што пры заварванні нячышчанага смеццеправода прусакі і пацукі адтуль нікуды не знікнуць. Ды і пах не выветрываецца. Уявіце, што зачынілі брудны пакой…
Для пачатку неабходна з суседзямі арганізаваць збор сродкаў, але перш правесці камунальны лікбез. Калі смеццеправод у гэтым пад’ездзе не заварваюць, яго чыстку будуць праводзіць цяпер часцей — магчыма, раз у год. Для гэтага трэба: абмеркаваць з жыхарамі пад’езда або дома неабходнасць апрацоўкі смеццеправода; знайсці фірму, якая займаецца чысткай; атрымаць згоду ад жыхароў пад’езда на аплату паслугі; прайсці ўзгадненне з усімі арганізацыямі і прапанаваць фірме памыць ствол смеццеправода, кішэні смеццепрыёмнай камеры і смеццякамеры і рабіць рэгулярныя апрацоўкі ад пацукоў і прусакоў.
Пасля гэтага трэба атрымаць узгадненне і дазвол уключыць паслугу чысткі ў жыроўку аднаразовай аплатай. Са свайго боку прадстаўнікі ЖЭУ павінны забяспечыць доступ ва ўсе памяшканні, іншымі словамі — прынесці ключы. У іх функцыі ўваходзіць і кантроль таго, як робяць апрацоўку ўсіх дапаможных памяшканняў і скляпоў.
Абраная кампанія не толькі пачысціць, але і закансервуе смеццеправод. Калі ў вашым пад’ездзе ёсць праціўнікі блакіравання, спецыялісты не раяць заварваць. Былі выпадкі, калі людзі вырашалі пытанне кулакамі, пратэстуючы супраць канчатковай кансервацыі.
Што тармозіць працэс?
Увесь цывілізаваны свет пазбаўляецца ад смеццеправодаў. І Беларусь пайшла па шляху іх заварвання. Як ставяцца да гэтага жыхары? Гэта своеасаблівы тэст, наколькі мы цывілізаваныя і прагрэсіўныя.
На жаль, яго праходзяць далёка не ўсе, успрымаючы ў штыкі ідэю ліквідацыі смеццевых шахт. Маўляў, зручна. А хіба складана, выходзячы ў краму ці на працу, захапіць з сабой пакет са смеццем, каб пакінуць яго на кантэйнернай пляцоўцы каля дома?
Можна колькі заўгодна спрачацца пра перавагі або недахопы ў дамах, абсталяваных смеццеправодамі. Але факт застаецца фактам: там, дзе іх няма, парадку больш, а з камунальных адходаў здабываецца больш другаснай сыравіны. І гэта, мабыць, самае галоўнае, да чаго мы павінны імкнуцца, — як мага менш адпраўляць адходаў на палігоны.
А пакуль у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі запэўнілі, што заварваць усе смеццеправоды ў дамах на працягу 1–2 гадоў, калі так захочуць жыхары.
У нашай краіне ёсць гарады, дзе ўжо цалкам заварылі ўсе смеццеправоды, напрыклад, Гродна. У гэтым абласным цэнтры правялі апытанне насельніцтва, па выніках якога мясцовымі органамі ўлады было прынята адпаведнае рашэнне. Потым забяспечылі будаўніцтва кантэйнерных пляцовак. У Гомелі таксама гэтая работа практычна завершана.