Найлепшым навучэнцам Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа і Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа выдадзены імянныя сертыфікаты на прадастаўленне прафсаюзных стыпендый. Пра гэта расказаў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Георгій Будрэвіч.
Узнагароды атрымалі 19 чалавек.
— Прызначэнне стыпендый — ініцыятыва Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя, — адзначыў Г. Будрэвіч. — Гэтай традыцыі заахвочвання таленавітай, актыўнай і мэтанакіраванай моладзі ўжо больш за 20 гадоў.
Паводле яго слоў, прафсаюзныя стыпендыі не толькі матывуюць да паспяховага навучання, але і адыгрываюць важкую ролю ў будучым працаўладкаванні маладых спецыялістаў.
— Наяўнасць такіх узнагарод ўлічваецца пры размеркаванні выпускнікоў, тым самым павялічваючы іх шанцы на атрыманне работы ў вядучых медыцынскіх установах сталіцы, — звярнуў увагу Г. Будрэвіч. — Да ведама, імянныя стыпендыі прысуджаюцца двойчы на год за поспехі ў вучобе, грамадскай дзейнасці і прафсаюзнай рабоце. Сёлета памер стыпендыі павялічаны да 400 BYN.
Г. Будрэвіч дадаў, што прафсаюз медыкаў Мінска таксама вылучае сацыяльныя стыпендыі сумай 80 BYN (прызначаюцца двойчы на год).
— Гэтыя выплаты прызначаныя для навучэнцаў з малазабяспечаных сем’яў, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і іншых ільготных катэгорый, — удакладніў ён.